Выбрать главу

А летнія работы патрабуюць працы, іх трэба выконваць у абавязковы тэрмін. Літасці ад іх няма ні стомленым, ні слабасільным. Юха стараўся, як магла высільвалася і Рыйна. Асабліва шчыраваў Юха на працы ў гаспадара, каб не даць таму падставы выселіць яго з торпа. А дома, надрываючыся, ён цягаў на ручной тачцы з поля ў асець жыта і зарабіў кілу, саромную хваробу, пра якую нельга было расказваць нікому. Жыццё жорсткае і няўмольнае. Кожнае лета са сваёй працаю, што знясільвала, – гэта нібы асобныя адрэзкі шляху, па якім трэба ісці без перадыху і адпачынку, якім бы стомленым ты ні быў. І канца гэтага шляху не відаць, дый зазіраць наперад няма ахвоты, бо там толькі адно – смерць.

У суботу вечарам саўна поўнілася незвычайна салодкім духам. Густы і салодкі быў той дух, але, напэўна, у ім быў нейкі цяжкі чад, бо Рыйна, вярнуўшыся з саўны, толькі і змагла сесці на ложак ды надзець чыстую кашулю. Яна ляжала моўчкі і цяжка дыхала, а ў нядзелю ранкам і зусім не змагла падняцца. Рыйна цяжка захварэла. А назаўтра на адным з тарпоў адбылася такая размова:

– Кажуць, Рыйна Тойвала захварэла.

– Во як! Калі ж гэта?

– У суботу вечарам пайшла ў саўну, а там ёй так запякло ўнутры, што ледзь у хату ўлезла. Юха сёння прыходзіў да нас па лекі для яе.

– І далі?

– Было ў мяне крыху ад кашлю ды яшчэ кроплі ад сэрца. Толькі ад унутранага запалу наўрад ці яны дапамогуць.

Адсюль размова перакінулася на хваробы ўсіх знаёмых баб у акрузе.

Хвароба ўсё болей выветрывала Рыйну, і да пакут ад немачы дадаліся яшчэ і пакуты душэўныя: пэўнага кшталту далікатнасць уелася ў кроў і свядомасць жанчыны, і яна лічыла, што хвароба ў яе брыдкая і ганебная. Вядома ж, праз нейкі час у сям’і даведаліся аб прыродзе той хваробы. Тады Юха і зразумеў, чаму жонка запатрабавала спаць у розных ложках. Хілту таксама празнала аб матчынай хваробе, але ў яе памяці застаўся толькі той вечар, калі маці пасля саўны лягла ў ложак. Ад таго вечара яна адлічвала, колькі часу ўжо хварэе маці, і адначасова спрабавала здагадацца, калі ж маці нарэшце паправіцца. Думкі аб матчынай смерці ў дзяцей нават не ўзнікалі. Для малодшых – Марці было два гады, а дзяўчынцы Лемпі ішоў чацвёрты – матчына хвароба была нечым выключна святочным, як у свой час смерць Віле. Марці наогул яшчэ нічога не разумеў. Дзеці звычайна гулялі на двары, а начамі спалі так моцна, што нічога і не чулі, калі нават Рыйна стагнала ад болю.

Юха ўспрыняў хваробу жонкі як нешта непазбежнае. На вёсцы ён ахвотна расказваў у вузкім коле сваіх знаёмцаў пра жончыну хваробу, а дома быў энергічны і старанны. Калі скончыліся ўсе лекі, якія яму ўдалося здабыць у суседзяў, але нічога не дапамагло, Юха стаў думаць аб паходзе ў аптэку. Карова даілася так, што, нават выціскаючы з яе ўсё да кроплі, удалося сабраць толькі на тры кілаграмы масла, якія і адправілі з аказіяй у горад. Вядома ж, выручкі на ўсе лекі не хапіла, але аптэкар быў чалавекам спагадлівым і добразычлівым, а таму згадзіўся пачакаць канчатковага разліку. У хаце ўсталявалася нейкае падабенства ціхай урачыстасці, калі Юха вярнуўся з лекамі, аддаўшы на падарожжа цэлы дзень. Лемпі і Марці пасварыліся за прыгожую папяровую покрыўку-галоўку ад бутэлькі, а маці так ажывілася, што нават ласкава пажурыла дзяцей паміж цяжкімі ўздыхамі.

Хвароба лічылася нечым натуральным і звыклым, а таму яшчэ болей натуральнай лічылася і звыклая плынь жыцця. Юха гэта добра разумеў і лёгка пакідаў Рыйну пад доглядам дзяцей, пакуль сам бегаў у вёску па справах. А варушыцца даводзілася больш, чым звычайна, бо каня ў яго болей не было. Жыта ўрадзіла не надта многа, але і гэтую жменьку трэба было змалоць. Зерне даводзілася везці на сабе, паклаўшы ў ручную тачку, каб потым толькі на далёкім грамадскім млыне стаць у чаргу, бо памолка ішла поўнай хадою, гаспадары цясніліся і лаяліся за месца ў чарзе. Блізілася поўнач, калі Юха цягнуўся з млына па лясной дарозе, стомлены, галодны і ўспацелы. Толькі што намолатая мука была яму вельмі дарагая, бо ў галаву міжволі прыходзіла думка, што ўжо зараз гэтая самая мука ад яго не сплыве марна немаведама куды. А дома яго чакала ўсё даўно звычнае і знаёмае, а цяжкі дух пасля начной свежасці біў у нос мацней, чым заўсёды. Дзеці нават не прачнуліся, а муж з жонкаю толькі моўчкі пераглянуліся, стомлена і з поўнай пакорлівасцю наканаванаму ім лёсу.

Рак нябачна рабіў сваю жахлівую справу, агідны пах гною гусцеў у хаце. Малыя прызвычаіліся да яго, бо асеннімі зацяжнымі дажджамі мусілі ўвесь час сядзець дома. Хілту ж пачала адчуваць яго больш востра. Падобная на святую ікону, яна сваімі слабымі тонкімі рукамі цяпер выконвала ўсю працу, якой раней займалася маці. Яна ніколі не размаўляла з матуляю, а толькі выконвала ўсё, аб чым яе прасілі. Рыйне было вельмі цяжка гаварыць, а таму яна ніколі не распытвала, як ідуць справы ў гаспадарцы. Дый Хілту не заўсёды разбірала яе задышлівае мармытанне. Толькі зрэдку ўдавалася разабраць асобныя словы накшталт «што… мне… да іх… памажы, Езус…» Апошнія словы наганялі жах на Хілту. Тады яна ў здранцвенні глядзела на маці. Няўжо падступае смерць? Але жанчына зноў цяжка ўздыхала і ляжала па-ранейшаму нерухома, заплюшчыўшы вочы. Хілту ж, з дзіўным пачуццём адчужанасці да маці, ішла даіць карову. Дзіця душою, яна мусіла быць дарослай.