Аднойчы вечарам, калі Юха недзе затрымаўся да позняга часу, а малыя ўжо спалі, Хілту прылегла падрамаць на бацькавым ложку. Яна нешта прысніла, але сон яе быў чуйны, і раптам дзяўчынка выразна пачула, як маці некалькі разоў паклікала яе. З сэрцам, што замерла, яна прачнулася і зразумела, што маці і праўда кліча яе. У хаце было цёмна: што там здарылася? Хілту не адважваецца адгукнуцца на кліч, а маці зноў кліча яе. «Што?» – з трывогай адгукаецца дзяўчынка. «Запалі лямпу». Хілту выконвае просьбу, ахопленая жахам, што бацькі няма дома. Вось памірае маці, і што рабіць ёй тут, у глухім лесе, куды бегчы!? Можа, разбудзіць Лемпі і Марці? Раней, чым павярнуцца да маці, яна бачыць схуднелыя тварыкі дзяцей – у ложку, побач адно з адным. Пакутлівы выгляд маці цягне яе да сябе. Хілту набліжаецца да ложка з жахлівым пачуццём таго, што вось цяпер яна зусім адна ў цёмным лесе. Але маці яшчэ жывая і нават просіць дапамагчы, першы раз за ўвесь час хваробы. І вось Хілту бачыць усе раней схаваныя патаемнасці хворай жанчыны, чуе вільготны брыдкі смурод. Моташная агіда апаноўвае яе, аднак у гэтую хвілю яна раптам адчувае нейкае раней нязведанае пачуццё блізкасці да сваёй маці, ад чаго дзяўчынцы здаецца, што яны зраўняліся ў гадах. Толькі цяпер яна заўважае зжаўцелую скуру і незвычайную схуднеласць, якія так моцна змянілі матчын выгляд, ачысціўшы ўсе яе рысы. І цяпер, калі б нават маці памерла, ёй бы не стала страшна.
Аднак той ноччу Рыйна не памерла. Юха запазніўся, бо зазірнуў у Пір’ёлу пагаманіць са старым гаспадаром. Ён збіраўся папрасіць старога пазычыць яму крыху грошай, але той так хітра накіроўваў размову, што Юха ніяк не мог расказаць пра сваю справу. Затое стары Пір’ёла з вялікай спагадаю слухаў усё пра хваробу Рыйны і выслухаў нават усе выказванні Юхі пра Бога. Пад канец ён падрабязна апісаў, якія лекі трэба для Рыйны, бо на ўласным досведзе выпрабаваў іх. Ад таго настрой Юхі так змяніўся да лепшага, што ён і сам паверыў, быццам толькі дзеля таго і прыходзіў у Пір’ёлу. Ён вярнуўся дамоў якраз тады, калі Хілту дапамагала матцы. Гэтыя незвычайныя акалічнасці і новы выраз твару Рыйны ўразілі і пераканалі яго ў тым, што ніякія лекі жонцы болей не дапамогуць, аднак гэта ў вялікай ступені абавязвала яго зрабіць усё магчымае. Ён толькі крыху вагаўся, ці пайсці на пошукі патрэбных зёлак проста зараз, ці пачакаць да рання. Рыйна, здаецца, крыху прыціхла. Тады і Юха з Хілту ўлягліся, а лямпа гарэла ўсю ноч.
Да рання ўсё было добра, а на досвітку Юха адправіўся здабываць новыя лекі. А лекі тыя былі папросту карою чаромхі. З яе трэба было згатаваць моцны адвар і памалу даваць яго хворай не гарачым, а ледзь цёплым. А паколькі гэтае сёрбава было надзвычай горкім, на кожны глыток давалі кавалачак цукру.
Уранні Рыйне зрабілася так дрэнна, што Юха мусіў прыпадымаць яе, каб хворая магла піць прыгатаванае зелле. Жанчына не хацела нічога, аднак Юха пераканаў яе зрабіць тры глыткі, з чым яна і справілася цераз сілу. Але яе тут жа званітавала так моцна, што не сканала яна проста цудам. У глыбіні Юхавай душы ажыло нейкае надзвычай пяшчотнае пачуццё, быцам ён катаваў нейкую малую безабаронную істоту. Нічога добрага з ягонага лекавання не атрымалася. Жанчына вадзіла рукой па тым месцы, дзе ўгняздзіўся боль, Юха падняў коўдру і ўбачыў, што хворая сыходзіць крывёю – такі моцны быў крывацёк. Юха паспрабаваў хоць чым-небудзь дапамагчы, але Рыйна слабым голасам папрасіла: «Не трэба». Юха апусціў коўдру.
Гэта былі яе апошнія словы. Пасля таго яна страціла прытомнасць і больш ужо не апрытомнела, хоць жыццё яшчэ цеплілася да самага вечара. Бацька з трыма дзецьмі ў старой хаце некалькі гадзін чакаў матчынага скону. Час ад часу хто-небудзь адыходзіў, сядаў перадыхнуць, а потым зноў падыходзіў да ложка той, што памірала. Нарэшце пачуўся апошні ўздых. Рыйна Тойвала заснула сном мёртвых, Рыйна – тая кабеціна, якая ў жыцці была дрэннаю служкаю і нават яшчэ болей нягеглаю гаспадыняй торпа, але яна трапіла на наканаванае ёй месца, каб выканаць сваё прызначэнне і нарадзіць шмат дзяцей чалавечых. Яна была нікчэмнаю істотай, але дзеці моцна рыдалі, калі яна памерла.