– Без дазволу я ніколі не ўзяў ніводнай лясіны, – паспрабаваў запярэчыць Юха.
– А калі гэта я дазволіў вам валіць лес на ўскрайку каля Рукавічнага лужка? – злосна перабіў гаспадар і пранізліва паглядзеў яму проста ў вочы.
– Я не…
– А то я не ведаю!
Юха сумеўся. Цяпер думка пра высяленне з торпа стала рэальнай пагрозаю. Безумоўна, малады гаспадар, хутчэй за ўсё, выганіць яго, калі ўжо так размаўляе. Раней Юха ніколі не бачыў яго такім пагрозным, ніколі раней гаспадар не размаўляў з ім гэтак сурова.
Але гаспадар не меў намеру высяляць Юху, дый не наважыўся б гэта зрабіць. Проста Юха ўвесь час раздражняў яго, і гэтаму трэба было пакласці канец. Юха паводзіў сябе занадта па-свойску, нібыта спакваля даказваў яму, гаспадару, сваю перавагу. Гэта і было прычынаю такой незвычайнай строгасці маладога гаспадара.
Цікаў гадзіннік, пакутліва-павольна цягнулася нядзельнае ранне, і Юха сядзеў як на гарачых вуголлях у гаспадарскім пакоі. Паступова гаворка набыла больш лагодны характар, настрой у Юхі таксама змяніўся да лепшага, ён крыху асмялеў і пачаў пакорліва пагаджацца з усімі словамі і папрокамі гаспадара. Нарэшце дамовіліся, што Юха аддасць большую частку зямлі, а сабе пакіне каля паловы гектара. Ён і далей можа жыць у той самай хатцы, пасвіць карову ў лесе і браць два сажні дроў штогод. За гэта ён павінен адпрацоўваць трыццаць дзён на сваіх харчах, і дзесяць – на гаспадарскіх. А калі толькі ён без дазволу возьме хоць бы лясіну, дык мала яму не будзе…
Парабкі сядзелі на кухні і абедалі, калі паўз іх да дзвярэй прайшоў узмакрэлы Юха. Ну во, нябожчыца ў зямельцы, з торпам усё ясна. Юху хацелася хутчэй дабрацца да хаты і сесці за стол разам з дзецьмі.
Настала самая пара збіраць брусніцы.
Юха і Хілту збіраюць ягады на старых добрых мясцінах, з якіх і раней Тойвала меў нядрэнныя грошы. Толькі ў той час гэтыя грошы былі так сабе і знікалі немаведама куды, бо тады Юха быў цалкам заняты на асенніх палявых работах і прасачыць, куды сплывалі грошыкі, не мог. Цяпер асеннія работы яму не замінаюць, і Юха з задавальненнем аддаецца гэтаму прыемнаму занятку – збору ягад. Хадзіць у ягады – гэта не тое што цяжкая праца на торпе, гэта зусім іншая справа. Калі ў вялікім кашы ягад становіцца ўсё больш і больш, прыемнае пачуццё ахоплівае працаўніка. І гэта чысты твой заробак, без аніякіх там кантрактаў, без адпрацовачных дзён; і не перашкаджаюць ні дажджы, ні снег. Жыццё і праца на торпе – гэта зусім ніякі не заробак і не прыбытак, а толькі тое, чым поўніцца жыццё торпара з жонкай, дзецьмі, хваробамі ды іншымі нягодамі. Юху давялося перажыць усё гэта, затое цяпер ён можа і сапраўды штосьці заробіць. А заробкі можна знайсці заўсёды. Напрыклад, драць лыка. Праўда, сёлета ўжо запозна, але налета Юха сваё возьме і заробіць нядрэнныя грошы.
Кола абавязковай працы звузілася, але стала і болей шчыльным, затое і болей прыемным. Калі Юха ідзе прадаваць брусніцы, дзеці застаюцца дома ўтраіх. А калі Хілту ідзе з ім у ягады, дык Лемпі і Марці застаюцца дома двое. Віле сканаў, сканала маці, вось і гарачае лета набліжаецца да скону. Надышла восень, або «вусань», як старанна паўтарае малы Марці за старэйшаю сястрычкай Лемпі.
Стомленая цішыня пануе на зямлі, у шмат якіх торпарскіх хатках дзень з рання да вечара цягнецца павольна і шэра.
Наш знаёмы Юха Тойвала адмярае брусніцы каля веснічкаў адной багатай сялібы. Юха стаіць з упэўненым выглядам, ён ведае, колькі грошай атрымае за свае ягады, бо аб цане дамоўлена загадзя. Мажлівая маладзіца з маёнтка назірае за адмерам ягад, а потым, калі ўсё скончана, аддае Юху грошы і пытаецца:
– Юха, у вас ёсць дарослая дачка?
Юха перабівае натужны падлік грошай і адказвае, што ёсць у яго дачка Хілту.
– Так-так. У мяне цётка, удава дырэктара, хоча ўзяць прыслугу менавіта з вёскі, бо яна старая дама, чалавек старых нязменных правілаў і звычак. Ваша дзяўчынка – хоць прыстойная?
Юха ўсё яшчэ пакутліва падлічвае, колькі атрымаў за брусніцы. Ён нервова мармыча нешта няўцямнае ў адказ. Нарэшце падлік закончаны, грошы пакладзены ў кашэль, і ён адказвае:
– Хілту – такая, што лепшых не бывае. А якая там цётка ў вас, фрэкен?
Стаіць пахмурны і такі ціхі дзень, што чуваць, як недзе ўдалечыні кукарэкае певень. Юха з пустым кашом за спінай і з грашыма ў кішэні адну за адной мінае вёскі, кіруючыся ў свой глухі лясны закуток. Значыць, Хілту пойдзе служанкаю да старой дырэктарыхі. Што ж, вызваленне і ўздым працягваюцца. На гэтым шляху Хілту, можа, чаго і дасягне. «Мая дзеўка, вядома, падыходзіць у служанкі для паноў. А можа, з таго дастанецца чаго і Лемпі з Марці, і на пражыццё меней будзе патрэбна, калі Хілту пойдзе з хаты. Карову і я змагу дагледзець. Горш будзе, калі пайду на адпрацоўку да гаспадара, але як-небудзь ды будзе». Юха пачынае разлічваць і прыпамінаць усе акалічнасці цяперашняга свайго становішча, і яны падаюцца яму не проста добрымі, а нават занадта раскошнымі. У нерухомым вільготным паветры ўсё яшчэ чуюцца галасы пеўняў. А чалавеку раптам можа прыйсці ў галаву, што не да дабра такая цішыня.