Значыць, Хілту пойдзе ў паслугачкі. Даведаўшыся пра тое, яна спачатку крыху паплакала і чамусьці ўспомніла нябожчыцу маці. Яна не супраць, яна ўжо сама думае толькі аб новым жыцці. Толькі больш, чым звычайна, цяпер яна гамоніць і гуляе з малымі ў старыя гульні. Ад дзяцей толькі і чуецца: «А што такое маёнтак? А што такое “тылекталіха”?»
Часам Хілту пачынае аплакваць сваю маці, бо паслязаўтра ўжо субота.
Незвычайнае адчуванне чысціні пануе ў хаце Тойвалы напярэдадні адыходу Хілту. Усё даўно падрыхтавана, застаецца толькі дачакацца, калі надыдзе час развітання. І вось надыходзіць чаканае ранне, калі ўсе прачынаюцца з адной думкай: сёння Хілту сыходзіць.
Стаіць светлы сонечны дзень. У сонечным святле ўрачыста выглядаюць і новыя чаравікі Хілту, і яе прыгожы белы бант. Гатовая да адыходу, яна падаецца нейкім надзіва далікатным стварэннем Божым, якое ўжо даўно не мае ніякага дачынення да жыхароў хаціны. Цяпер, калі Хілту адыходзіць у далёкі чужы край, да чужых людзей, а дома няма нават маці, усе міжволі адчуваюць, што яна пакідае іх назаўсёды. Яна, здаецца, выпраменьвае дзівоснае серабрыстае ззянне. Малыя таксама маюць надзвычай сур’ёзны выгляд. Бацька пойдзе праводзіць Хілту, а іх зачыняць на замок у хаце. Вось яны ўдваіх мінаюць хлеў. Дзве маленькія галоўкі прыціснуліся да шыбы, глядзяць, як міма акна праходзяць чатыры нагі, і апошняе, што ім удаецца ўбачыць, – гэта абцас Хілту, які мільгае перад цьмяным шклом хаціны. Дзеці нейкі час стаяць, прыплюснуўшы насы да шыбаў, а потым злазяць з лавы і застаюцца адны ў пустой хаціне, дзе яшчэ лунае тужлівае пачуццё разлукі назаўсёды з Хілту. І пачынаецца доўгае чаканне бацькі ў зачыненай хаце.
Здарылася вялікае і нечуванае. Торпару Ёхану Тойвалу прыйшло нешта па пошце. Прыйшоў ліст і газеты. Яны цэлы тыдзень праляжалі на падаконні ў кухні, пакуль кухарка аддала іх Юху, калі той прыйшоў у гасподу на адпрацоўку.
– Тойвала стаў дэмакратам, – смяецца гаспадар, паглядзеўшы на газету «Народны лісток».
А Юха страшэнна здзівіўся, што яму прыйшлі газеты. Ліст, відаць, ад Хілту, але і гэтая думка падаецца Юху неверагоднаю.
– Дык пачытай, Ійта.
– Ну давай, пачытаю.
– Стой, не чытай, – зноў умешваецца гаспадар. – А калі гэта ад якой маладзіцы?
– Усё адно чытай, – разгублена кажа Юха.
– Гэта ад Кале. Тут унізе подпіс: «Каарла Тойвала», – кажа Ійта.
– Ды чытай жа ты, а то так і пайду, не дазнаўшыся, што да чаго.
Ліст пачынаў так: «Любы мой татка, сястрычка і браточак». Потым ішлі словы звычайнага ўступу пра беласнежную паперу, халоднае сталёвае пяро і цёплую руку, якая, на жаль, пакуль што не можа сама павітацца з роднымі і мусіць рабіць гэта з дапамогаю таго ж сталёвага пяра. Аўтар ліста паведамляў, што знаходзіцца ў добрым здароўі і жадаў таго ж сваім родзічам. Далей ён паведамляў: «Я цяпер тут возчыкам, або “воссіка”, як вы там кажаце па-мужыцку, а мы кажам “ісвоссіка”. І жыву я добра, і добра зарабляю, больш за вас, бо вас там абдзірае сплуататар-гаспадар. І я дасылаю вам “Народны лісток”, каб хоць крыху даведаліся вы аб нашых бядняцкіх справах…»
Ён ведаў, што «Хілту цяпер у Тамперэ, дакладней, не ў Тамперэ, а ў маёнтку Пюнікі непадалёк ад горада, і цяпер яна такая пекная і далікатная, што ва ўсім вашым прыходзе такой паненкі не знойдзеш. Я некалькі разоў падвозіў яе з горада і заглядаў да яе на каву…
А матухна наша памерла, я пачуў гэта на біржы ад гаспадара Пір’ёлы, дык гэта ўжо такая доля працаўніка – паміраць, вось і Вілха ў вас там таксама памёр…»
Ліст слухаў увесь дом, а потым гаспадар сказаў:
– Відаць, хлопец піша нібы языком меле.
Ліст і газеты абудзілі ў Юху супярэчлівыя пачуцці. Кале тут ужо амаль забылі, і нейкім чужым здалося Юху ўсё: і гэты напамінак аб сабе, і апісанне жыцця. Юха чамусці западозрыў, што Кале пайшоў несумленным шляхам, дый наконт Хілту зарадзіліся няпэўныя падазрэнні. Вядома, вонкава ўсё выглядала найлепшым чынам: дзеці дасягнулі такога становішча, аб якім толькі маглі марыць дзеці з глухога беднага торпа. Але Юха лічыў, што Кале дасягнуў такого становішча няправедным шляхам, і было б больш спакойна на душы, калі б сын стаў парабкам у вёсцы. Калі толькі ён наогул не хлусіць у сваім лісце. Хілту – гэта зусім іншая справа. Яна больш заслугоўвала цяперашняга шчасця, бо ёй цяпер не трэба вазіцца з даёнкамі, корпацца ў хляве з гноем, а толькі выціраць пыл у чыстых прыгожых пакоях: яна ж з дзяцінства была такой паслухмянай і далікатнай. А цяпер Юху здавалася, што Кале хоча завабіць яе на кепскую дарожку.