Так думае нейкі таямнічы старонні чалавек, ён усімі сваімі нервамі абвострана адчувае, што падзеі паскараюць сваю хаду. Жыццё не бывае аднастайна нязменным, характар жыцця жвавы і досыць нецярплівы.
У гэтым бурлівым віры падзей няспынна круціцца Юха Тойвала. Усю вайну то тут, то там віднеюцца ягоны чырвоны бант і пранізліва прыжмураныя вочы. Шмат хто з заможных сялян, якія проста не заўважалі яго і не лічылі ніякім сацыялістам, цяпер мусіць выконваць ягоныя загады. Юха ахвотна прысутнічае на ўсіх важных мерапрыемствах; там ён стаіць, вытарашчыўшы вочы, з горкай складкай вакол моцна сціснутых вуснаў. Ён з задавальненнем ходзіць на экспрапрыяцыі, хоць ягоны гаспадар не адзін раз ужо дасылаў у штаб цыдулкі: «Няўжо вы там не можаце знайсці нікога лепшага за Юсі Тойвала?» Шмат якія заможныя гаспадары гатовы аддаць палову маёмасці, каб толькі не падпарадкоўвацца загадам старога Юсі. Невядома, з якой прычыны ўсе гаспадары-заможнікі так ненавідзяць яго.
А Юха, са свайго боку, не так ужо і моцна ненавідзіць гаспадароў. Цяпер ён жадае толькі аднаго: каб яны цяпер убачылі, што ягоныя прамовы спраўдзіліся, што народ усёмагутны і што не заўсёды ім жыць за кошт таннай народнай працы. Раней яны яго не слухалі і нават не заўсёды прапаноўвалі сесці, калі Юха заходзіў да іх. І хоць ён заўсёды размаўляў з гаспадарамі надзвычай ветліва, яны толькі нешта мычалі ў адказ і адварочваліся ад яго. І цяпер, падчас вайны, Юха заўважае, як гаспадары ледзь стрымліваюць бурлівую злосць, калі ён прыходзіць да іх з развёрсткаю.
Так жыў стары небарака Юсі Тойвала. Цяпер ужо шмат вушэй, патаемна падслухоўваючы, пачула па тэлефоне намёкі на тое, што адбудзецца ў хуткім часе, а Юха ўсё яшчэ ездзіць з вёскі ў вёску разам з Кале Ніеміненам, збіраючы запоны. Просты Юхаў розум не мае патрэбы разбірацца ў складаных акалічнасцях жыцця. Ён ужо назапасіў добры кашэль: ажно шэсцьсот марак! Вядома, гэта ладныя грошы, хоць папраўдзе ён думаў здабыць і болей. Калі цяпер ён атрымае торп з лесам, дык спатрэбяцца большыя грошы. Праўду кажучы, яму ўжо крыху і надакучыла ўсё гэта. Да таго ён старанна рабіў сваю справу і не пакіне яе, аднак надта ўжо нетаропка ідуць тыя здзяйсненні. Рынэ, напэўна, таксама мае сваю выгаду, бо ў яго заўсёды шмат грошай.
Аб тым ён гаворыць Кале Ніемінену, які сядзіць побач. А той амаль не слухае, што там вярзе стары Тойвала, адказвае нехаця і недарэчы, штосьці напявае і глядзіць некуды наперад. Нідзе і ніколі за ўсё сваё жыццё Юха не сустрэў сапраўднага сябра…
У вечаровым змроку Юха вяртаецца ў штаб са сваёй здабычаю. У хату ён уваходзіць з дакорам на зарослым дзікім валоссем твары: во, глядзіце, ён стары чалавек, але ж так жвава варушыцца і дзейнічае – справа ж ляснецца, калі ўсе будуць толькі сядзець і мянціць языкамі. Калі настаў час дзейнічаць, значыць, трэба дзейнічаць… І нічога дзіўнага, што Рынэва жонка запрашае яго на кухню і частуе каваю.
Смакуючы каву, Юха пагружаецца ў настрой, які ў яго быў раней, калі ўдавалася здабыць хоць крыху грошай і ён вось так сядзеў з кубачкам кавы, і здабытыя паперкі салодка вярэдзілі ягоную душу. Задавальненне ад спакойнай паспяховай дзейнасці лашчыць і трывожыць. Тут бяспечна, тут заўсёды шмат народу, тут цёпла, тут ядуць, п’юць каву і дзейнічаюць. Адсюль увесь час некуды ідуць, тэлефануюць, і ўсё ідзе ўпэўнена і незваротна. А ці прынеслі дровы на кухню? Здаецца, малавата; зараз Юха пойдзе і прынясе яшчэ. Шматтыднёвы грукат фронту каля Куўскоскі стаў звыклай і не вартай увагі часткай штодзённага жыцця – куды ж ад таго падзецца? Санныя абозы, складзеныя з сотняў запрэжак, рухаюцца па лёдзе нібы самі па сабе, нібыта ніхто і не кіруе тымі вазамі; часам прыходзяць звесткі, што хтосьці з мясцовых хлопцаў загінуў, але і гэта, як ні дзіўна, толькі ўмацоўвае пачуццё спакою і бяспекі. Юха зусім не хоча быць самастойным гаспадаром, так яму больш утульна і зручна. Юху нясе імклівы вір падзей, і яму было б неўласціва абдумваць, ацэньваць значэнне падзей, іх вынікі, іх наступствы. Яму добра і так: ён адчувае, што ў адваротным выпадку, што б там ні здарылася, яго чакала б пагібель. Што ён значыць сярод тысячнай гурмы, хто яго там заўважыць? Ён устае і выходзіць у двор па дровы.