Выбрать главу

Юха Тойвала – чалавек старанны, штабісты размаўляюць з ім, паблажліва ўсміхаючыся, і гэтая паблажлівасць злуе старога Тойвалу. Во ён толькі што прынёс абярэмак дроў, і зноў трэба ісці ды прынесці яшчэ. А ў хаце вунь лайдакі валяюцца на ложках, адзін сядзіць у мяккім крэсле і нават чытае газету…

Але цяпер позірк Юхі стаў незвычайна вострым, ён уважліва сочыць за штабістамі, і ў яго прачынаецца жахлівае падазрэнне, што яны толькі прыкідваюцца спакойнымі. Гэтае пачуццё нечакана апанавала Юху, калі ён вярнуўся з паездкі. Са сцяны абыякава глядзіць рэквізаваны ў суседняга гаспадара тэлефон, з-пад столі звісае там жа рэквізаваная электрычная лямпачка. І ніхто болей не звяртае ўвагі на Юхаву стараннасць, на ягоныя дзеянні: у штабістаў такі выгляд, нібы ім ужо абрыдла ягоная бязладная мітусня. І тут Юха ўспамінае, што такое становішча працягваецца ўжо сем тыдняў.

Але пакуль што ўсё застаецца па-ранейшаму. Ціхі вечар, нават грукат каля гары Куўскоскі сцішыўся. Там якраз і стаяць белагвардзейскія лахтары-мяснікі… Каля варотаў тупае вартавы. З дарогі чуюцца нечыя крокі, і з вячэрняга змроку набліжаюцца дзве чалавечыя постаці. Моўчкі падыходзяць мужчына і жанчына, апранутыя ў багатыя футры. Гэта сапраўдныя паны: гаспадар Пайтулы з жонкаю ідзе на вечаровую праверку ў штаб. Жонка заўсёды прыходзіць разам з ім. Стрэлы каля Куўскоскі чуюцца ўсё радзей. Здаецца, што там адбываецца нешта надзвычай важнае.

Юха ідзе пад паветку і пачынае безуважна набіраць дровы ў ахапку. Што ж там такое? Ён здранцвела глядзіць у цемру. Гэта ж рэвалюцыя… А я рэвалюцыянер. Добра было балбатаць пра тое раней, калі ўсё толькі пачыналася, а во зараз насоўваецца нешта такое, што можа знішчыць і яго, Юху Тойвалу. Каб толькі было можна вярнуцца да былога спакою, у мяне ж цяпер ёсць ажно шэсцьсот марак! І тут Юха з жахам усведамляе, што вяртання да ўсяго старога болей не будзе. У гэты момант гаспадар Пайтулы якраз заходзіць у хату, і вакол Юхі ўсталёўваецца магільная цішыня.

Гаспадар Пайтулы стаіць у дзвярах хаты з ганарыста паднятай галавою, чырвоны ад злосці. Рынэ пачынае дапытваць яго. Юха з дровамі праходзіць у яго за спінаю і чуе, як пан Пайтула адказвае хрыплым голасам, з самаўпэўненым выглядам, калываючыся ўсім целам. Юха заносіць дровы на кухню і ўмешваецца ў гаворку:

– Вядома, капітал доўга душыў свабоду беднякоў, так што нічога не станецца, калі адзін з паноў крыху і прагуляецца.

Юхавы словы ў гэтую напружаную хвілю гэтак жа недарэчы, як з’яўленне беднага родзіча ў доме, поўным важных гасцей. Рынэ ляжыць на ложку з папяросаю ў зубах. Ад нечаканасці ён прыпадымаецца, абапіраючыся на локаць левай рукі, і ўвесь ягоны выгляд нібы кажа: «Калі вы думаеце, што ў нас толькі такія Юхі, дык глыбока памыляецеся». Але ўголас, робячы нецярплівы жэст, ён кажа зусім іншае:

– Ладна, можаце больш не прыходзіць сюды, калі думаеце, што гэта будзе лепш для вашага здароўя. Можаце ісці.

– Добра, – адказвае пан Пайтула і выходзіць.

Рынэ ўстае з ложка і таксама ідзе на двор. Астатнія моўчкі сядзяць у хаце. Толькі Юха Тойвала спрабуе сказаць прамову, але яго ніхто не слухае. Зазваніў тэлефон, Лехцімякі ўстаў і зняў трубку.

– Алё… Так… Не… Не ведаю… Ён толькі што выйшаў… Як гэта так?.. Ён не з Турку?.. Уцяклі?.. Куды?.. Гэта ўсё хлусня…

Лехцімякі моўчкі вешае трубку.

– Я таго і баяўся, – кажа Мякінен.

Юха захваляваўся, хоць нічога з той размовы не зразумеў. Тут Рынэ вярнуўся ў хату.

– Ідзі-тка, Тойвала, ды прыгледзь за гэтым лахтарам, каб не ўцёк, – загадаў ён Юху.

– А за якім лахтарам прыгледзець?

– За гэтым, які толькі што пайшоў. Нам званілі? – пытаецца ён у іншых.

– Званілі.

– Стрэльбу мне браць? – спытаў Юха.

– А як жа! – адказаў Рынэ і засмяяўся нейкім дзіўным смехам.

Юха пакідае дом Рынэ і не ведае, што робіць гэта апошні раз у жыцці. Ягонае амаль шасцідзесяцігадовае жыццё паспешліва імнецца да канца, а пачатак гэтага жыцця схаваны ў далёкім мінулым і не мае ніякай сувязі ні з сённяшнім днём, ні наогул з цяперашнім ваенным часам. Там, у далёкім мінулым, свяціла лучыніна; стары Пеньямі Нікіля ў зрэбнай кашулі кожны дзень праводзіў у самагонным ачмурэнні, лупцаваў сваю трэцюю жонку, валадарыў у сваёй гасподзе, а зямля і неба дыхалі спрадвечным сялянскім спакоем. Усе насельнікі той гасподы даўно спачылі з мірам, а хлопчык, які тады нарадзіўся ў ноч Міхайлавага дня, – гэты хлопчык і ёсць той сацыяліст, што цяпер ідзе ў Пайтулу. Ён бедна надзелены розумам, свядомасць ягоная дазвання прымітыўная, але ён усё ж пражыў шэсцьдзясят гадоў – самых насычаных зменамі і падзеямі гадоў у гісторыі нашага народа.