Выбрать главу

«Ну во, цяпер знайшлі маю стрэльбу каля трупа… Гэта добра ці дрэнна, што я пакінуў яе там? А можа, было б горш, калі б я пакінуў яе ў вазоўні… У кутку?» Тут у яго ўзнікае думка, што ніякі малады пан не кінуў бы во проста так сваю стрэльбу: яму б такое і ў галаву не прыйшло. А калі б такі малойчык знайшоў бы там стрэльбу, дык адразу адчуў бы нейкую злую хітрасць з боку мужыкоў і нічога не зразумеў бы: не такі ў яго розум, як у Юхі Тойвалы. Ды нават і параўнаць яго з любым панам немагчыма, і Юха Тойвала ўсё жыццё востра адчуваў гэта.

Аднак жыццё часам без папярэджання ўчыняе чалавеку выпрабаванні сваёй таемнаю праўдай, частку якой яно закладвае ў сітуацыі, якія само і стварае. Пад вечар таго ж дня Святога Звеставання да Юхавай хаты падышлі два здаровыя белазубыя малойцы ў суправаджэнні мясцовага жыхара з Пір’ёлы. Юха ўбачыў іх толькі тады, калі гэтыя няпрошаныя госці падышлі да варотаў торпа. Ён добра разгледзеў іх са свайго сховішча, і кроў застыла ў жылах. Гэта было новае ўражанне. Да гэтай пары Юха не меў ніякага ўяўлення, як выглядае сапраўдны вораг. Вядома, ён і раней лічыў гаспадароў ды іхніх сынкоў сваімі ворагамі, але да сённяшняга дня яны былі проста асобнымі, нават не вельмі разумнымі і зусім не страшнымі, людзьмі. А на гэтых прыхаднях былі аднолькавыя форменныя шапкі, шырокія паясы з партупеямі цераз плячо – усе яны якраз і былі тою супольнасцю ворагаў, за якой стаяла вялікая сіла. Цяпер ён у іхніх руках, цяпер і застаецца толькі адно: стаяць, схаваўшыся ў хляве, пакуль гэтыя страшныя людзі шукаюць яго. «Я ж пільнаваў Пайтулу, а пад павеццю ў мяне сена з Пір’ёлы».

Ён пачуў, як Пір’ёла спыніўся перад павеццю і сказаў:

– А во яно, маё сена. Яго ад мяне прывезлі сюды.

– Ён гвалтам забраў у вас сена? – спытаў нехта на чыстай мове, неяк па-чужынску жорстка вымаўляючы кожнае слова.

– Так, сілай адабраў.

А другі чужынец тым часам увайшоў у хату і ўбачыў тую ж галечу, што і Юха, але глядзеў на яе зусім другімі вачыма.

– Дзе твой бацька? – спытаў ён у дзяўчынкі.

– Не ведаю.

– Як так не ведаеш?

Але дзяўчынка не магла нічога сказаць, калі б і вельмі хацела. Тады прыхадзень павярнуўся да хлопчыка і спытаў:

– А ты ведаеш, дзе твой бацька?

– Не-а-а.

– А ён быў нядаўна дома?

– Ага-а-а, быў.

– Дык як так ты не ведеш, дзе ён! – сярдзіта крыкнуў страшны госць і пасунуўся да хлопчыка. Той голасна зарыдаў.

– Сціхні, не з’ем я цябе!

Юха стаіць у хляве, прыціснуўшыся да сцяны каля дзвярэй, таму Пір’ёла, увайшоўшы ў хлеў, спачатку бачыць толькі рудую да чырвані карову. А потым заўважае знаёмыя брыдка прыжмураныя вочы і поўным нянавісці ды бурлівай злараднасці голасам крычыць:

– Во тут ён, разам з другою чырвонай!

Чалавек выйшаў з хаты і наблізіўся да дзвярэй хлява. Юха ўбачыў прыгожы малады твар, стройную фігуру і пачуў строгі голас:

– Выходзьце сюды!

Юха падыходзіць да дзвярэй і спыняецца, бо яны цалкам загарадзілі праход. Маладыя салдаты разглядаюць яго так, нібыта перад імі з’явілася нейкая паганая жывёліна.

– Вы што, не чуеце!? Выходзьце!

Юха выходзіць, у яго трасецца галава, а вочы зрабіліся зусім круглымі. Пір’ёла кажа такім знаёмым, але і такім чужым голасам:

– Хадзем, Янэ, у штаб, хоць я не ведаю, як яно там для цябе будзе.

Па дарозе адзін з незнаёмцаў пытаецца:

– Гэта вы забілі пана Палмукрээні?

– Не, каб мне праваліцца… Не… Там стралялі… Я тут ні пры чым… Я не рабіў… – Юха пачынае хлюпаць носам.

– А дзе ваша стрэльба?

– Так, яна там… Там… А я там не быў…

– Добра, падрабязна ўсё раскажаце ў штабе.

Далей яны ідуць моўчкі. Юха ў думках падлічвае, колькі ў гаспадарцы засталося хлеба, салакі, дроў ды сена. «Калі гэты Пір’ёла забярэ сена, дык карова да вясны не дацягне. А што будзе з сынам?.. Дачка, можа, неяк перажыве ў людзях…» Ён успамінае нябожчыцу Хілту, і на вочы набягаюць слёзы. Гэта ягонае смяротнае падарожжа… Адтуль яму болей не вярнуцца… Не прайсці назад гэтай сцежкаю паўз плот… Нічога добрага так і не атрымалася. Была ў яго жонка, ён шчыраваў на торпе, ён быў сацыялістам – усе гэтыя з’явы на адзін капыл, такія розныя і такія аднолькавыя. Ён проста займаўся ўсім тым, бо так было наканавана і так трэба было рабіць. А зараз ён павінен памерці… А дзеці яшчэ нічога не разумеюць. Яны ж зусім не такія, як усе іншыя дзеці: здаецца, што іх пусціў на свет чалавек, які нічога ў жыцці рабіць не ўмее…

Яны выходзяць з лесу да вёскі. Юха глядзіць на хаты, і ў вечаровым сутонні яны падаюцца яму такімі, быццам з учарашняга вечара прайшло не менш як дзесяць гадоў. Ён ужо цалкам зразумеў, што яго заб’юць, і гарачая хваля набягае на сэрца, размякчаючы яго, і старэчыя слёзы цурком ліюцца з вачэй, цякуць па носе.