Выбрать главу

Напярэдадні з’езда чальцы Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады сабраліся, каб падсумаваць зробленае.

Асвятляецца пакой у тым жа Доме генерал-губернатара. За сталом Алесь Гарун і Людвіка, вакол стала ў крэслах Бадунова, Варонка, Рак-Міхайлоўскі, Смоліч, Езавітаў і Фальскі.

Гарун. Найперш пра аператыўную абстаноўку… З гэтай мэтай запрошаны Езавітаў. Калі ласка, Кастусь!

Езавітаў. Добрую навіну ўсе ведаюць — дэлегаты з’езда не густа, але пачалі з’язджацца к пятаму студзеня. Тым часам Менскі гарадскі савет салдацкіх дэпутатаў абвясціў аб скасаванні паўнамоцтваў гарадской думы і паставіў сябе на яе мейсца.

Смоліч. Пазнаю прапаршчыка Мяснікяна.

Езавітаў. Нашы позвы на з’езд не засталіся па за ўвагай бальшавіцкіх уладаў: Ландар увёў цэнзуру і абвясціў ваеннае становішча ў Менску.

Бадунова. Гэта дакладна?

Езавітаў. Вось тэлеграма (зачытвае): Военная. Вне очереди. Циркулярно. Из Минска. Во все почтово-телеграфные учреждения Минской и Виленской губернии уездным крестьянским, уездным городским комитетам, волостным земствам, уездным и заштатным городам, уездным земским комитетам, уездным учительским союзам, совдепам, уездным кооперативам Минской и Виленской губернии…

Гарун. Словам, усім, усім, усім…

Езавітаў. Ввиду военного положения всякого рода съезды в городе Минске и районе Западного фронта по приказу Главкозапа и Ревкозапа воспрещены.

Совет народных комиссаров Западной области.

Бадунова (у страху). Дык гэта ж…

Гарун. Гэта сур’ёзна, Палута Аляксандраўна, але з’езд праводзіць будзем… (Да Езавітава.) Якія навіны з Петраграда?

Езавітаў. Абласнікі Канчара-Гольмана рыхтуюць свой з’езд і не ў Менску, а ў Рэчыцы.

Смоліч. Значыць, асобна…

Езавітаў. Але паралельна…

Грыб. На ленінска-сталінскія грошы лепш не разлічваць?

Гарун. Лепш…

Рак-Міхайлоўскі. Што за ўсім гэтым стаіць?

Езавітаў. Думаю, што правакацыя і не Канчара-Гольмана, а Сталіна. I не толькі супраць нашага з’езда, але і супраць Мяснікяна. Яны ворагі даўнія і заклятыя.

Фальскі. Нічога не разумею. Пры чым тут варажнеча Сталіна і Мяснікяна?

Езавітаў. Я не толькі пабыў у Петраградзе, але і ўнік у Дэкларацыю, якую нам тут цытаваў Гольман. Яна прадуманая і грунтоўна складзеная, але наскрозь фарысейская і правакацыйная. А карацей, бальшавіцкая. I на свет з’явілася не выпадкова.

Калі менскія бальшавіцкія дзеячы даведаліся, што мы прызначылі свой з’езд на 5 снежня, Мяснікян адразу прыбыў у Піцер, сустрэўся са Сталіным і пераконваў яго ці забараніць абодва з’езды, ці звесці разам, каб узарваць яго знутры. Гольман гэтага нават не хавае. На забарону Сталін не пагадзіўся, бо сам прасіў грошы ў Леніна на правядзенне з’езда, а можа і ўлічыў шырокую агалоску ленінскага абяцання ўскраінным нацыям імперыі «национального самоопределения вплоть до отделения». Відаць, спыніліся на камбінацыі двух паралельных з’ездаў, каб пазбавіць легітымнасці і адзін, і другі. Так яно будзе ці інакш, але мае стасункі з Піцерскімі «абласнікамі» пераконваюць, што ў асобе Беларускага абласнога камітэта бальшавіцкая вярхушка знайшла якую-колечы «беларускую» арганізацыю, якая згадзілася не толькі справакаваць нашу Вялікую раду, але і падмяніць яе. Удалося высветліць, што гэта за «беларуская» арганізацыя ў Петраградзе. Насамрэч яна складаецца з былых расейскіх эсэраў, хоць ёсць сярод іх і біялагічныя беларусы. Камфортна сядзіць на Фантанцы, 5 і даўно зацята змагаецца з сапраўднымі петраградскімі арганізацыямі беларусаў-незалежнікаў: найперш з Беларускай сацыялістычнай грамадой, Беларускім вайсковым камітэтам Петраградскага гарнізона, Беларускім камітэтам маракоў Балтфлота, Беларускім камітэтам бежанцаў ды іншымі.