Выбрать главу

На сцэне выява Пагоні і бел-чырвона-белы сцяг, стол і трыбуна. Зала прыцемнена. Праз залу на сцэну выходзяць Гарун, Лёсік і Людвіка з шыткам. Зала сустракае іх бурнымі апладысментамі і воклічамі «Жыве Беларусь!» «Жыве Рэспубліка!» «Ганьба бальшавіцкім паромшчыкам!» «Ганьба Мясніку!» (У гэтай сцэне выкарыстоўваецца сучасны гуказапіс паводзін залы з’езда).

Гарун (падыходзіць да рампы). Шаноўнае спадарства, паважаныя дэлегаты з’езда! Паколькі прэзідыум і старшыня з’езда арыштаваныя, я на правах намесніка старшыні аб’яўляю працяг нелегальнай работы з’езда ў складзе толькі абранай ім Усебеларускай Рады на чале з Язэпам Лёсікам (бурныя апладысменты) з той прычыны, што бальшыня дэлегатаў рассеяна п’янай салдатнёй і вымушаная хавацца ад пераследу.

Воклічы «Ганьба!»

Не стану пераказваць нахабнага, брутальнага ўчынку ўладаў і здзек з пасланцаў усяго краю, які з учарашняга дня мае назоў Беларуская Народная Рэспубліка!

Бурныя апладысменты, воклічы.

Але не магу не адзначыць, што за ўсе ганебныя паводзіны акупантаў яе прадстаўніку каменданту гарнізона Крывашэіну добрай аплявухай адплаціла дзяўчына-прыгажуня і дэлегат з’езду Зінаіда Юр’ева.

У зале смех і бурныя апладысменты.

Ды такой аплявухай, што з улады аж папаха звалілася.

Вокліч з залы «Брава, Зінка!»

Дэлегат Кузьма (паднімаючыся з залы на сцэну). Пачакай, старшынька, я сам скажу. Ты з прэзідыі не ўсё бачыў, а я побач стаяў з Зінкай. Ты не сумнявайся…

Гарун. Вы хто?

Дэлегат Кузьма. Дэлегат Кузьма ад сялянаў, а то хто ж. Дай сказаць!

Галасы з залы. Даць Кузьме слова! Сапраўды, не ўсе ж усё бачылі ў такой калатэчы.

Кузьма падыходзіць да Гаруна і той садзіцца за стол.

Дэлегат Кузьма. Я толькі пра тое, што добрых бальшавікоў яшчэ не відзеў. А таго п’янага чарнамазага падлу, што з’езд наш разагнаў, каб дзе злавіў, то зараз бы яму каюк зрабіў, хоць душагубства не люблю. За што такая злосць?.. За тое, што ён біў. Дзяўчына такая, што ён і ў падмёткі ёй не варты, а ён біў яе выспяткам, ботам, таптаў нагамі…

А ў тым тэатры ну вось якраз, як на Вялікадні ў царкве. Неяк і радасна, і смутна, і хто ведае, што з табою робіцца, хрыстосавацца хочацца з усім народам. Гэта ж не жарты: рэспубліку сваю, Беларусь няшчасную, на ногі ставім, зараз правіцельства народнае выбіраць будзем…

Што за ліха, — думаю сабе, — здаецца ж, супроць іх нічога не пастанаўлялі, контррэвалюцыянераў сярод нас няма: усе мужыкі, салдаты, народныя людзі з мужыкоў. Хочам, каб усё пайшло народу, і зямля, і лясы, і ўласць, — за што ж яны разганяць нас будуць?

Па іхняму ж хочам, толькі каб, знацца, без непарадку, без глуму. Мы ж на сваёй зямельцы, а сярод іх — усякія прыблуды, што чужога краю не шчадзяць, без патрэбы нішчуць, вядома, за вайну сабралася іх на фронце розных, не столькі добрых, як нягодных.

Не! Крычаць: выхадзі! Стрэльбамі пагражаюць, прысыпала іх да дзвярэй, як нячыстае сілы. I ўсё народ не нашскі, дзёрзкі, не панімаючы. Крычаць, гоняць, а чарнамазы, начальнік іхні, узлез насуперад і нешта п’янае там бруздзіць. Відаць, што чалавек упіўшыся і не разумеець, куды залез.

Не дадзімся, думаем сабе! Загарадзіліся лаўкамі, хатылькамі сваімі харчавымі. Дзе ж там, хіба ж з голымі рукамі абаронішся супроць такой навалы. Віджу я з бліжэйшымі каля сябе, што кінулася гэтае звяр’ё, каб забраць нашых народных людзей. Кінулісь і мы наўперад ратаваць. Аж там цэлая бойка! Схапіліся нашы з тымі, што з’явіліся разганяць. Тузгаюцца, цягаюцца. Віджу я, што тут жа, наўперадзе бароніцца тая дэлегатка, бойкая дзяўчына, такія прамовы на з’ездзе казала, што прост за сэрца хапала. Тады падходзіць да яе чарнамазы падла і, пасміхаючысь, ёй кажаць: «А ты, красотка, паедзеш са мной у аўтамабілі…»

Раптам шчуп яна сабе ў кішэню, выцягнула маленькі чорны левальверчык і наставіла на яго, — аж маё сэрцайка замлела, кляпсь — асечка. Тады яна тым левальверчыкам як тахнець яго па санках, аж пахіліўся. I што тады ўзнялося, то і пераказаць мне трудна. Кінуліся яго салдаты на дзяўчыну і з ім разам. Павалілі, б’юць чым нападзя, прыкладамі, нагамі, за валасы цягаюць. Насілу нашы вырвалі бяднягу з іхніх рук. Бараніў трохі і я, не стаяў рукі злажыўшы. Але зараз дастаў сабе такі ўдар у спіну, ці не прыкладам толькі, што думаю: хоць бы жывым вырвацца. Гляджу, а ўжо вядуць некаторых народных людзей пад канвоем ды на двор.