Шантыр. Рады не ўсе.
Гарун. Наколькі я разумею, гэта той самы пан Скірмунт, што быў дэпутатам думы і членам Дзяржаўнага Савета Расейскай імперыі, калі мы з табой (да Лёсіка), Язэп, гнілі ў залатых капальнях Бадайбо пад Краснаярскам?!
Скірмунт (вельмі спакойна). Я яшчэ той пан, што ўзначальваў Менскае таварыства сельскай гаспадаркі і аніяк не нашкодзіў селяніну. Я той пан, што сабраў і правёў з’езд беларускіх партый і нацыянальных арганізацый, які і стварыў Беларускі нацыянальны камітэт. А яшчэ пан Скірмунт стварыў і ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, які ўратаваў ад галоднай смерці не адну тысячу суайчыннікаў. I можа, з Божай дапамогай яшчэ ажыве вялікі паэт і грамадзянін Максім Багдановіч, які не без майго апекавання ўладкаваўся ў краіне светлай ля сіняй бухты.
Людвіка. Перад ад’ездам Максіма мы развіталіся ля касцёла Сымона і Алены. I мне добра вядома, як пан Скірмунт хацеў і спадзяваўся ўратаваць паэта. I не дзе-небудзь, а ў мясцох крымскіх, знаных Пушкіным і Міцкевічам. Яго любая не прыйшла на праводзіны, і ён праз мяне перадаў ёй трыялет: (чытае па памяці).
(Змахвае набегшую слязу.)
Скірмунт. Дзякуй, добрая душа, на добрым слове… I апошняе ў сваё апраўданне перад вашай рэвалюцыяй… Не хто іншы, як пан Скірмунт першым узначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.
Бадунова (падкрэслена). Краёвай аўтаноміі…
Скірмунт. Вядома, а то якім бы краёўцам быў пан Скірмунт, што ніколі і нікога з суайчыннікаў не высылаў у сібірскія капальні.
Гольман. А я лично с Канчером и, естественно, с областным комитетом считаем, что для Белоруссии нужна не просто краёвая автономия, а автономия в составе российской федерации. Но для этого надо поладить с большевиками.
Шантыр. Именно так, товарищ Гольман. Именно так!..
Людвіка. Менавіта так можа разважаць толькі здраднік.
Гарун. Беларусь будзе толькі вольнай рэспублікай, каб нікуды не ўваходзіць і ні ад кога не залежыць.
Скірмунт. У варунках, што склаліся, Беларусь можа быць толькі краёвай у звязе з Літвой і ў саюзе з Польшчай ці будзе зноў праглынута Расеяй, цяпер ужо пралетарска-бальшавіцкай.
Бадунова. Або падзелена з Польшчай, калі мы не навучымся лавіраваць у перамовах з бальшавікамі.
Скірмунт. Пакуль мы будзем вучыцца лавіраваць, нас будуць дзяліць і Украіна, і Літва, і Латвія. I хто наканаваў нам вечную расейскую акупацыю пасля трох задушаных нашых паўстанняў за адно стагоддзе?!
Шантыр. Такімі размовамі мы толькі выклікаем антырасейскія настроі, нацыяналізм…
Краўцоў. Пачакай, Шантыр! А ты чаго хацеў? У нас царская акупацыя змянілася акупацыяй керэнскай, а цяпер мяняецца на бальшавіцкую?! Два дзяржаўныя перавароты за год! А ў нас што змянілася? У нас улада чыя?.. Расейскае войска ў нас улада, як і ў тыя рэвалюцыі. Прапаршчык Мяснікян з набрыддзю са свету ўладарыць не горш за генерала-вешальніка Мураўёва. А сярод народных камісараў ні аднаго беларуса! Толькі расейцы, жыдкі, латышы, азербайджанцы ды іншыя! Яны ва ўпор нас не бачаць. Нават не ведаюць, што ёсць такі народ беларускі. I Беларусь для іх не існуе. I ці не расейскім шавіністам сказана: «где русский солдат оправился, там и есть Россия». Перапрашаю спадарства, засралі паўеўропы — дыхаць ужо нечым. I сёння не спяць у шапку. Заместа ўрада — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт стварылі, увялі цэнзуру, за паўмесяца правялі тры сваіх з’езды пад наглядам чэкістаў. Скажаце, і мы армейскія з’езды правялі? Правялі, а толку?! Дзе беларускае войска?! Адны размовы. А можа, яно нам і не трэба, бо ці не з Расеяй нехта сабраўся ваяваць?.. Дык гэта ж загуба ўсяму!
Нехта скажа, што мае словы ёсць нацыяналістычныя. Дык гэта, на жаль, толькі словы. А ў іх жа справы і спрэс шавіністычныя. Таму я і ёсць нацыяналіст, бо хачу мець сваю Айчыну. I кім мне было быць, як не нацыяналістам у стасунках з Расеяй царскай, керэнска-рэспубліканскай, а цяпер з бальшавіцка-чэкісцкай. I як, дзякуючы Богу, было не падняцца Беларусі нацыялістычнай, калі ўшчэнт, у дробны друзак растаптана і зняважана наша нацыянальная годнасць. Спрадвечныя акупанты выдаюць наш народ за бясхатніка ў гісторыі. Яны зрабілі ўсё, што маглі, каб мы апынуліся ў паняверцы і невымоўнасці. Усюды, як і раней, ідзе выцясненне ўсяго беларускага. Усё ў нас перакручваецца на маскальскі лад — школа, царква і нават родная мова. Расейская салдатня і чынавенства нават думкі не дапускаюць, што тутэйшыя не расейцы, што тут не Расея. Бачыце, мы з расейцамі адзін народ?! Браты, толькі малодшыя. Беларуссю ў нас засталася толькі цёмная, забітая хлебапашная сялянская маса, сыны якой, прайшоўшы ў расейскіх школах маскоўскую вырабу, робяцца гарадскімі і думаюць, што гавораць расейскаю моваю й адшчапляюцца ад роднага народу, яго культуры, побыту, звычаяў і ад самой памяці пра сябе саміх. А пры выпадках даносяць на нацыяналістых ці вылоўліваюць іх і здаюць ва ўчастак.