Працаваў Хведар у праектным інстытуце, дзе займаўся нібыта інжынернай работай. Нібыта інжынерная работа палягала ў кампіляцыі стандартаў, спрошчаных разлікаў і тыпавых рашэнняў адпаведна выдадзеных тэхнічных умоваў. Такая работа не патрабавала ад Хведара ані разумовых, ані тым больш нейкіх інжынерных высілкаў і таму Хведар шчыра лайдачыў. Ён чытаў, граў у гульні на кампутары, слухаў музыку ці проста глядзеў у вакно. Ён быў з гатунку тых лайдакоў, што, як і ільфапятроўскі загадчык багадзельні ня мог ня красці, ці ў выпадку Хведара, ня мог не лайдачыць. Хведар чырванеў, калі хто-небудзь з аддзелу заспяваў яго за праглядам фільма. Ён шчыра пакутаваў ад думкі, што ён тут вось цяпер раскладае пасьянс, а ягоныя калегі ў гэты ж час шчыруюць над праектамі. Ён выразна ўяўляў сябе шчыруючым разам з імі. Але не ленавацца ён не мог. І гэтую сваю ляноту Хведар таксама, як і лёгкасць быцця, вінаваціў у адсутнасці думак у сваёй галаве.
Лянота і невыносная лёгкасць быцця пазбавілі Хведара права чалавекам разумным звацца. Ператварылі яго ў бяздумны аўтамат. Свядома ці мімаволі Хведар шукаў паратунку ад гэтага стану ў кнігах. Не маючы магчымасці фармуляваць уласныя думкі, Хведар спажываў з кніжных старонак думкі чужыя. Так шмат, як на працы, Хведар не чытаў ніколі. Фантастыка, класіка, постмадэрнізм, кнігі па гісторыі, філасофіі, мастацтву, навукова-папулярныя працы. Хведар пагружаўся ў кніжны свет са стараннасцю глыбокаводнага аквалангіста. Кожная прачытаная кніга напаўняла ягоную галаву новымі цудоўнымі думкамі, ствараючы ілюзію разумовай дзейнасці. Аўтарскія словы ўспрымаліся галавой за свае і на пэўны час суцішалі гуд адсутнасці ўласных думак. Але Хведар нядоўга цешыўся з чужога думкавага працэсу. Ён добра ўсведамляў ілюзорнасць кніжнай думкі. І нават, у глыбіні свайго бяздумкавага розуму, ставіў сваю прагу да кніг на адзін узровень з лянотай і лёгкасцю, то бок вінаваціў кнігі ў сваім бяздумстве.
Пермаментнае бяздумства падштурхоўвала Хведара да адной не вельмі станоўчай высновы: не думаю — значыцца, не існую. Сумнеў ва ўласнай існасці і існасці навакольнага свету апанаваў пазбаўленую думак Хведараву галаву. Хведар стараўся ўсімі сіламі супраціўляцца гэтаму сумневу. Стараўся ўсё часцей шукаць доказы ўласнага існавання. Дарэчы, тая алюзія на рэчаіснасць у прамоклых велюравых боціках, якая няўмольна ўваходзіць у жыццё, была нічым іншым, як спробай намацаць існасць у такіх побытавых, прыземленых рэчах, як прамоклы абутак. Хведару заўжды здавалася, што менавіта прыземленыя, паўсядзённыя здарэнні, дробныя фізічныя нязручнасці, неспадзяванкі, як тая ж лужына, ці, проста кажучы, бытавуха, з’яўляюцца доказам таго, што Хведар — гэта не хворая фантазія звар’яцелага пісьменніка альбо радок машыннага коду.
Рэчаіснасць навакольнага свету хвалявала Хведара не менш. Аднойчы падчас прыняцця чарговай ін’екцыі кніжных думак, Хведар наблукаў на калянавуковы артыкул пра «тэорыю струн». У тым артыкуле апроч усяго разглядалася магчымасць існавання бясконцай колькасці паралельных сусветаў, якая абгрунтоўвалася тэорыяй. Самі па сабе паралельныя сусветы ня надта хвалявалі Хведара. Ён быў дасведчаны ў гэтай тэме, бо чытаў якасную фантастыку. Усхвалявала і зацікавіла Хведара нешта іншае: існаванне ў гэтых паралельных сусветаў адрозных паміж сабой фізычных законаў. Ці, як пісаў аўтар артыкулу, — «у межах «тэорыі струн» можа існаваць сусвет, у якім, напрыклад, лічба «пі» мае іншае значэнне і, адпаведна, ў ім пануюць зусім іншыя законы светабудовы».
Вось і цяпер гэтая лічба «пі» раптоўна ўсплыла ў галаве Хведара. Кручаная-перакручаная алюзія з рэчаіснасці і ботаў гэтак жа раптоўна сышла ў нябыт. Хведар стаяў перад паркавай лужынай-возерам і стараўся ўявіць, як гэта так перакруціць паміж сабой дыяметар і даўжыню адной і той жа акружнасці, каб іхняе дачыненне склала адрознае значэнне ад таго, што існуе. Хведар абыйшоў лужыну і зноў ступіў на паркавую дарожку. Цяпер у сваёй бяздумнай галаве ён круціў і перакручваў гэтыя няшчасныя дыяметр і даўжыню адной акружнасці. Круціў доўга, ажно ад невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі, і да прахадной праектнага інстытуту. Гэтае «пі» так захапіла Хведара, што павітаўшыся з калегамі, ён хуценька ўлучыў працоўны кампутар і запусціў праграмны калькулятар. Хведар націснуў на кнопку «пі» і на экране з’явілася лічба з дакладнасьцю да трыццатага знака пасля коскі.