Да адкрыцьця лягеру людзі, якія мусілі чакаць на свае цягнікі, самі шукалі жытло, начавалі ля станцыі, у паўразбураных дамох. Празь месяц пасьля прыезду ў Менск, у лютым 1922, кіраўнік акругі АРА Доналд Гардзі наведаў такі дом:
Паветра затхлае, і празь некалькі хвілінаў цягне на ваніты й чалавек млее. У пакоі безь сьвятла й абагрэву месьціцца ад 30 да 40 чалавек, бязь ежы й вопраткі, тамсама хворыя на тыфус. Зімой не было часу хаваць памерлых, і трупы проста кідалі ў пустыя вагоны ці пустыя будынкі ля станцыі. Аднойчы я налічыў 150 трупаў, наваленых адзін на аднаго, як мяхі.
Беларускую эвакуацыйную камісію (Белэвак), якая займалася ўцекачамі, узначальваў будучы куратар АРА Мар’ян Стакоўскі. Ад студзеня 1921 па красавік 1922, паводле зьвестак камісіі, празь менскі вакзал прайшлі 251 тысяча 734 уцекачы. Амаль для кожнага трэцяга Менск быў канцавой станцыяй. Далей, да родных вёсак пад Лагойск ці Мар’іну Горку, яны дабіраліся самастойна. Рэшту ўцекачоў трэба было перапраўляць у Негарэлае й далей у Польшчу. Яны праводзілі ў Менску ў сярэднім каля дзесяці дзён.
Дапамогі ад цэнтральнага ўраду Беларусь не атрымала. Студэнты-мэдыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сабралі больш за 2 тысячы кашуляў, сукенак, ручнікоў, прасьцінаў. Апроч збору ахвяраваньняў, было вырашана правесьці лятарэю на карысьць уцекачоў, на патрэбы галодных пералічвалася частка выручкі ад канцэртаў і спэктакляў, гарвыканкам пастанавіў аддаваць 2 % даходаў ад гарадзкой электрастанцыі. На сабраныя грошы была адкрытая сталоўка Чырвонага Крыжа на пяцьсот чалавек. Квакеры пастаўлялі рыс, шмалец, малако. У сакавіку 1922 прыйшла дапамога ад нямецкага Чырвонага Крыжа — хлеб і грошы. Два вагоны кукурузы прыслала місія Нансэна. Спачатку меркавалі карміць толькі дзяцей, але ўцекачы настолькі змарнелі ад голаду, што давялося карміць і дарослых. Аднак на чвэрць мільёну ўцекачоў сабраных сродкаў было яўна недастаткова.
У апошні тыдзень сакавіка 1922 лекар Менскай акругі Ралф Герц разам зь лекарам Белэваку Зітманам вывучалі рух уцекачоў. За той тыдзень на вакзал прыбыло 4 тысячы ўцекачоў зь Екацярынаслаўля, Смаленску, Саратава й Тулы.
У пяці цягнікох не было мёртвых, толькі 10 хворых былі зьнятыя з вагонаў. Гэта надзвычайна, і тлумачыцца тым, што толькі хворыя зь ліхаманкай лічацца хворымі, а інкубацыйны пэрыяд не рэгіструецца. Для параўнаньня, у апошні тыдзень сьнежня 1921 году з прыкладна такой жа колькасьці цягнікоў было зьнята каля 100 памерлых і 100 хворых.
У Наркамаце аховы здароўя Герцу паведамілі, што маюць адну восьмую частку патрэбных мэдыкамэнтаў. Не было сродкаў і вакцынаў для прышчэпак ад тыфусу, халеры й вятранкі. Далёка ад Менску хваробы разносілі гэтак званыя неарганізаваныя ўцекачы, якія спрабавалі выбрацца з зоны голаду паасобку ці сем’ямі. Тыфус выбухнуў нават сярод сялянаў у Бабруйскім і Слуцкім паветах. Герц неадкладна перадаў у Маскоўскую штаб-кватэру просьбу аб дапамозе й прапанаваў распачаць у Беларусі кампанію вакцынацыі.
У заяве кіраўніцтва АРА гаварылася:
Мы ня ў стане ўзяць на сябе адказнасьць за абарону Заходняй Эўропы. Але, беручы пад увагу важнасьць працы на заходняй мяжы, мы аказваем усялякую магчымую дапамогу. Нашыя штаб-кватэры месьцяцца ў Менску й Кіеве, а склады ў Гомелі й Віцебску, і адтуль мы робім даставы розных неабходных рэчаў ва ўсе раёны на заходняй мяжы й спадзяемся забясьпечыць іх у прымальна кароткі час.
Да сьнежня 1921 Белэвак збольшага спраўляўся з сытуацыяй, але ўзімку прыбыцьцё цягнікоў стала непрадказальным: часам тыдзень не было ніводнага эшалёну, часам цягам дня восем ці дзевяць прыбывалі без папярэджаньня. Лекар Менскай акругі Ралф Герц пісаў:
З прычыны геаграфічнага становішча Менск заўсёды быў галоўным заходнім пунктам выезду і ўезду ў Расею, апошнім вялікім чыгуначным цэнтрам перад польскай мяжой. Голад у Паволжы пагоршыў сытуацыю. Людзі выяжджаюць з зоны голаду, і шмат каму не шанцуе: калі іхныя дакумэнты не адпавядаюць патрабаваньням польскага эвакуацыйнага камітэту, іх адсылаюць назад, і звычайна яны застраюць у Менску. Дакладных лічбаў няма. Паводле апошніх ацэнак, у Менску стала жыве ад 10 000 да 11 000 уцекачоў, і, магчыма, 5000 месьцяцца ў навакольных вёсках. Ад адной да дзьвюх тысяч памерла ўзімку ад тыфусу. Апроч таго, у Менску знаходзіцца што-тыдня ад 8000 да 15 000 транзытнікаў, якія некалькі дзён чакаюць свайго цягніка. Транзытнае насельніцтва, верагодна, падвоіцца ці патроіцца, паколькі рух уцекачоў павялічыцца ў наступным месяцы і ўлетку.