Паводле дакумэнтаў АРА, у Менску зьнялі зь цягнікоў каля 2 тысяч трупаў. Перад Беларусьсю цягнікі таксама правяраліся, і значная частка памерлых ужо была зьнятая альбо выкінутая з вагонаў па дарозе проста пад адхон. Але ня ўсе. Кіраўнік Менскай акругі пісаў:
Мёртвыя даяжджалі да самай мяжы, і ў ваколіцах Негарэлага можна пабачыць магілы, якія сьведчаць пра найвялікшае няшчасьце ў нашай гісторыі. Гэтыя пагоркі нагадваюць мясьціны самых жорсткіх бітваў.
Гэтак сама выглядалі ваколіцы Вязьмы, Смаленску й Воршы.
Уцекачы звычайна праводзілі ў Менску каля дзесяці дзён.
Нашмат даўжэй заселі ў Менску 4 тысячы нямецкіх каляністаў з Паволжа. Немцы паверылі чуткам, нібыта яны таксама змогуць выехаць з савецкай Расеі ў Нямеччыну. Яны распрадалі ці выменялі на харч свой набытак, пакінулі хаты й гаспадаркі й цэлымі сем’ямі выправіліся ў дарогу, якая для іх скончылася не ў Бэрліне, а ў Беларусі.
Вось як апісваў побыт каляністаў, якіх высадзілі зь цягнікоў у Менску, кіраўнік місіі нямецкага Чырвонага Крыжа доктар Карстэнс:
Амаль ва ўсіх вельмі дрэнныя жыльлёвыя ўмовы. Два перададзеныя ім дамы перапоўненыя. Сем’і жывуць на голай падлозе. Насякомых гэтулькі, што ўсе скардзяцца, як іх зажыва зьядаюць вошы. Печкі паламаныя, вокны разьбітыя, шчыліны заткнутыя рызьзём. Туалеты ў страшным стане. У выніку ўспыхнулі эпідэміі, шмат памерла ад тыфусу. Больш за 60 % уцекачоў памерлі ўзімку. Голад быў такі ж моцны, як у Паволжы. Уцекачам мелі выдаваць ежы да 1000 калёрыяў, але толькі на паперы.
Другой пасьля тыфусу прычынай сьмяротнасьці былі сухоты. Лекар Ралф Герц, які наведваў каляністаў, падлічыў, што ў адным пакоі, дзе разам туліліся трыццаць дарослых і дзяцей, шэсьць чалавек мелі адкрытую форму сухотаў трэцяй ступені. Летам 1923 у жывых заставалася паўтары тысячы немцаў. Сьмяротнасьць пайшла на спад — тыя, хто перахварэў на тыфус, ужо мелі імунітэт. З надыходам цяпла ўцекачы атрымалі магчымасьць працаваць. Канчаткова страціўшы надзею атрымаць дазвол на выезд у Нямеччыну, каляністы, якія перажылі зіму, пачалі вяртацца на Волгу.
1 чэрвеня 1922 адкрыўся канцэнтрацыйны лягер для ўцекачоў Козырава. За пяць кілямэтраў ад Менску па гомельскай чыгунцы на тэрыторыі 6 гектараў за калючым дротам месьціліся 15 казармаў і вайсковых складоў. Частка пабудоваў была разбураная падчас вайны, але дзевяць будынкаў ацалела.
Ралф Герц апісваў:
Як увойдзеш, адразу справа месьціцца шпіталь. У ім чатыры аддзяленьні, кожнае на 25 ложкаў. У адным канцы прыёмны пакой — тут запаўняюць паперы пацыента. Затым яго голяць і стрыгуць, мыюць і адпраўляюць у аддзяленьне. З другога боку — выпіска, таксама абсталяваная для памыўкі. Мы прапануем цалкам укамплектаваць яго матэрыяламі АРА й наблізіць, наколькі магчыма, да амэрыканскага шпіталю, улучна з пафарбаванымі набела сьценамі. Найбольш патрабуюцца цяпер ложкі, а таксама не пашкодзяць пераносныя стэрылізатары, эмалевыя сталы й г. д.
У трох вялікіх казармах былі ўсталяваныя двухпавярховыя нары, яшчэ ў пяці будынках уцекачы клаліся на падлогу. Асобна разьмяшчалася дэзынфэкцыйная камэра.
Уцекачы праводзілі ў Козыраве каля тыдня. Тут упершыню за некалькі месяцаў яны маглі схадзіць у лазьню й пазбыцца вошай. АРА пастаўляла ў Козырава мэдыкамэнты, а таксама замовіла й прывезла францускую паравую машыну для дэзынфэкцыі, яшчэ пяць такіх машынаў былі пастаўленыя на памежныя пераходы. Раней у Козыраве стаяла японская камэра, якая апрацоўвала адзеньне фармальдэгідным газам, небясьпечным для пэрсаналу. Доналд Гардзі замовіў для Козырава таксама 1000 прасьцінаў, 150 электралямпачак ды іншы неабходны рыштунак, які было не знайсьці ў Менску.
Кожны ўцякач штодня атрымліваў адзін араўскі рацыён. Аднак часам нагрузка на менскую АРА ўзрастала шматкроць. Гардзі пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:
У лютым 1922 эшалён з 30 вагонаў з уцекачамі з Арэнбургу быў затрыманы ў Менску на некалькі дзён. Польскі консул, які мусіў выдаваць візы, быў арыштаваны па абвінавачаньні ў шпіянажы. АРА ўзяла на сябе поўнае ўтрыманьне 650 чалавек, якія былі палякамі й таму ня надта цікавілі мясцовыя ўлады.
Увесну надалей прыбывалі неарганізаваныя ўцекачы, але іхная плынь значна скарацілася — да 300 чалавек на дзень. У Козыраве знаходзілася каля 7 тысяч уцекачоў, штодня 30–35 чалавек звальваў тыфус. Але, паводле мэдыкаў, захворваньне пачыналася яшчэ ў дарозе альбо падчас чаканьня ў вагонах. У самым лягеры санітарныя ўмовы былі добрыя.