Выбрать главу

Неўзабаве ў АРА былі перададзеныя сьпісы навукоўцаў, выкладчыкаў, дзеячаў культуры.

Сярод іх — паэты й пісьменьнікі Іван Луцэвіч (Янка Купала), Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Самуіл Плаўнік (Зьмітрок Бядуля), Зьміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), мовазнаўцы Мікалай Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік, гісторыкі Ўладзімер Пічэта, Усевалад Ігнатоўскі, географ Аркадзь Смоліч, з галіны тэатру — Уладзіслаў Галубок, Фларыян Ждановіч, Лідзія Ржэцкая…

На сьпісе — рэзалюцыя: выдаць 100 пасылак.

7

Палітычная мэдыцына: вельмі непажаданы лекар

Кадравая знаходка. — Анкета для доктара Левіна. — Погляд на савецкую ўладу. — Агульная антысанітарыя. — Няма дошак. — Пустыя абяцанкі. — Пагроза дзейнічае. — У сьпісе ня значыцца

Лекар Менскай акругі Ралф Герц ня мог паверыць, як яму пашанцавала. Для арганізацыі мэдычнай працы патрабавалася дапамога кваліфікаванага дасьведчанага спэцыяліста, які б ведаў сытуацыю ў Беларусі, разьбіраўся ў мясцовай структуры аховы здароўя, да таго ж гаварыў і пісаў па-ангельску. Доктар Залман Левін ня толькі валодаў усімі гэтымі якасьцямі, але вучыўся ў ЗША й меў лекарскі дыплём амэрыканскага ўнівэрсытэту.

Больш за тое, Левін меў досьвед працы з АРА. Гэта была надзвычайная ўдача. Доналд Гардзі неадкладна сеў за ліст у штаб-кватэру ў Маскву:

У сувязі з мэдычнаю праграмаю доктар Герц жадае ўзяць на працу ў якасьці прафэсійнага памочніка доктара Левіна. Беручы пад увагу тое, што доктар Герц будзе вымушаны падарожнічаць у Гомель і Віцебск, мы лічым, што надзейны й дасьведчаны ў мэдыцыне чалавек павінен заступаць яго на час адсутнасьці. Доктар Левін быў зьвязаны з АРА некалькі гадоў як прэзыдэнт дзіцячага камітэту АРА падчас польскай акупацыі Менску й такім чынам дасканала знаёмы з мэтадамі АРА ў справах мэдыцыны й дзіцячага харчаваньня. Ён да таго ж выдатна гаворыць па-ангельску. Ён аказаў бы вялікую дапамогу нашым супрацоўнікам у мэдычнай праграме й прапанаванай праграме харчаваньня дарослага насельніцтва. Фактычна яго можна было б выкарыстоўваць на такой самай падставе, як амэрыканскага супрацоўніка.

Мы на гэтай падставе просім дазволу плаціць доктару Левіну адпаведна прафэсійнай працы ці паслугам, якія ён будзе ў стане аказаць, прыкладна 25–30 мільёнаў рублёў зь месячнаю пайкаю. Будзем удзячныя за тэлеграфны адказ.

Ралфу Герцу патрабавалася ўся дапамога, якую ён мог знайсьці, і патрабавалася хутка. Ён быў прызначаны галоўным лекарам для Менскай, а таксама Віцебскай і Гомельскай акругаў АРА з агульным насельніцтвам каля 7 мільёнаў чалавек. У Віцебскай акрузе налічвалася 50 шпіталёў, 44 амбуляторыі й 92 дзіцячыя дамы. На Гомельшчыне — 75 шпіталёў, 54 амбуляторыі й 126 дзіцячых дамоў. У Менскай акрузе дзейнічалі 49 шпіталёў, больш за сотню дзіцячых дамоў.

Паўсюль не ставала пэрсаналу, лекарам не плацілі, шпіталі былі перапоўненыя, бракавала мэдыкамэнтаў, інструмэнту, бялізны. Пасьля некалькіх тыдняў інспэкцыйных паездак, наведваньня дзясяткаў шпіталёў, дыспансэраў і лекарскіх пунктаў Герц падсумаваў бачанае адным сказам у справаздачы:

Агульныя санітарныя ўмовы ва ўсіх правераных месцах аднолькава кепскія.

Асабліва непакоіла Герца якасьць пітной вады. Артэзіянскія крыніцы складалі толькі частку рэсурсаў, і нават у вялікіх гарадох ваду бралі з адкрытых сховішчаў. Падчас знаёмства з галоўным інжынэрам Менску Ашчэўскім-Круглікам Герц расказаў яму пра амэрыканскія апараты сатурацыі пітной вады рашчынай хлярыну вапняку. Рэцэпт быў пад рукой, інжынэр распрацаваў чарцяжы, у Політэхнічным інстытуце вырабілі арыгінальны апарат. АРА паставіла запасы хлярыну, і апарат падключылі да асноўнага воднага каналу.

Напачатку красавіка Герц замовіў праз штаб-кватэру некалькі вагонаў мыла й тлушчу пячонкі траскі. Паводле ацэнкі Герца, у адной толькі Гомельскай акрузе мелі пільную патрэбу ў рыбіным тлушчы шэсьць з паловай тысяч дзяцей. Санітарны стан і здароўе дзяцей у прытулках на Меншчыне й Віцебшчыне былі ня лепшыя.

Тымчасам дапамога, якую Ралф Герц чакаў ад дасьведчанага мясцовага калегі Залмана Левіна, усё адкладалася, як адкладаліся й іншыя просьбы АРА. У красавіку Доналд Гардзі так апісваў свае праблемы ў лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру:

Агульная офісная прастора — чатыры маленькія пакоі, зь якіх адзін выкарыстоўваецца як склад. Не стае мэблі. Нашыя заяўкі на сталы чакаюць ад студзеня, і мы рэгулярна шлём новыя. Скрыні выкарыстоўваюцца як крэслы. Немагчыма наняць больш пэрсаналу дзеля браку месца. У выніку — затрымкі з даставай мэдыкамэнтаў у шпіталі. Учора мы раздалі прыкладна 700 пасылак. Афармленьне папераў і наступная неабходная праца вымагала прынамсі трох пакояў і шасьці-васьмі чалавек.