Гардзі, якому пераслалі адказ, не паверыў сваім вачам:
Мы маем справу з фактамі, і гэта не тлумачэньне, гэта алібі.
Менская кантора не атрымала дадатковых памяшканьняў, таму мусіла зачыніць адзін склад і аддаць плошчу пад канцылярыю. АРА ў Беларусі не прасіла ані дываноў, ані мяккай мэблі, але дамагалася ад мясцовага начальства ўсіх узроўняў, ад Чарвякова й ніжэй, сталоў і крэслаў. Гардзі падлічыў, што цягам чатырох месяцаў ён напісаў і адправіў 23 заяўкі на мэблю, — атрымана было тры сталы.
Кіраўнік Менскай акругі даводзіў:
Спадзяюся, я не згушчаю фарбы. Мы працуем не складаючы рук і не зважаем на асабістыя нязручнасьці дзеля таго, каб выканаць сваю працу. Маем выдатную дапамогу ад мясцовага пэрсаналу, які захоўвае вылучную ляяльнасьць. Аднак мы сапраўды лічым, што ўрад не выконвае сваёй часткі абавязкаў.
У сваім адказе ў Маскву Стакоўскі таксама згадваў жытло для амэрыканцаў:
Патрабаваньне перадаць тром супрацоўнікам АРА цэлы дом немагчыма выканаць з-за нястачы жыльлёвых памяшканьняў. Мы прапануем шэсьць пакояў для трох прадстаўнікоў АРА.
Гардзі недаацэньваў Стакоўскага, калі пісаў, быццам правільна аформлены пратакол і пячатка для славянаў замяняюць справу. Стакоўскі не абмежаваўся адказам на паперы. Цягам тыдня ў спрэчным доме зьявіліся новыя жыхары: камэндант з жонкай і прыслуга, якія занялі два пакоі. З Масквы прыбыў новы супрацоўнік прозьвішчам Блехер, які заняў новаўведзеную пасаду памочніка ўпаўнаважанага ў сувязях з ЧК. Такім чынам, пяць найлепшых пакояў былі занятыя.
Амэрыканцам была прапанаваная рэшта, якая не прымыкала да турмы. Зьбянтэжаны Гардзі пісаў у Маскву, што водаправодны кран, туалет і адзіная кухонная пліта месьцяцца толькі ў адным канцы дома, і ўсе жыхары мусяць хадзіць праз агульныя пакоі.
Дырэктар АРА Гаскел ізноў пайшоў на сустрэчу з Аляксандрам Эйдукам:
Я намаляваў яму плян і патлумачыў усе дэталі, і ён сказаў, што неадкладна зоймецца гэтай справай. Вядома, гэта толькі абяцаньне й я не чакаю вельмі хуткіх дзеяньняў. Мы ўздымаем гэтае пытаньне на кожнай сустрэчы, і ён паабяцаў абмеркаваць справу з ЧК і паглядзець, што можна зрабіць.
Супрацоўнікі АРА хацелі жыць асобна, без суседзяў. Калі стала ясна, што ўлады не дазволяць, каб амэрыканцы мелі агульную сьценку з турмой, Гардзі прапанаваў пакінуць пустымі й апячатаць тры памяшканьні, якія беспасярэдне прымыкалі да вязьніцы. Адказу ад Стакоўскага не было.
Тымчасам у Маскве памянялася кіраўніцтва. 19 ліпеня 1922 з Масквы ў Менск прыйшла тэлеграма за подпісам новага ўпаўнаважанага Карла Ландэра:
Прадстаўнікі АРА ў Менску просяць перадаць ім мясцовы дом зьняволеньня, а зьняволеных, якія чакаюць суду, перавесьці ў іншае месца. Я лічу, што гэтую просьбу можна задаволіць. Аддайце неабходныя загады й паведаміце мне.
Ландэр таксама тлумачыць, як кантраляваць разьмеркаваньне мэдыкамэнтаў, не дапускаць самавольных паездак амэрыканцаў па Беларусі. Чаму зьмянілася пазыцыя Масквы, можна здагадацца з другой часткі тэлеграмы, якая сканчаецца празрыстым указаньнем:
У будучыні вырашайце такія праблемы на месцы, не дапускаючы скаргаў у цэнтар, бо гэта ўскладняе справы.
Начальства не хацела канфліктаў. Скаргі Гардзі, хадайніцтвы кіраўніка АРА Гаскела, намаганьні дайсьці да найвышэйшых чыноў быццам далі плён. Але ў Менску добра ведалі, якія загады Масквы трэба выконваць без абмеркаваньня, а зь якімі можна не сьпяшацца.
Жыцьцё маленькай амэрыканскай калёніі ў Менску працягвалася. У канцы чэрвеня доктар Герц на тыдзень выехаў у Варшаву й Прагу. Доктар Вілі, які прыбыў у акругу, пачаў уваходзіць у курс справаў. Усе мэдычныя даставы для Віцебску й Гомелю йшлі празь Менск, і дапамога другога лекара-амэрыканца была больш чым дарэчы. Штаб-кватэра тэлеграфам запатрабавала ацаніць аб’ём вакцынацыі. Бяз Герца Гардзі здолеў паслаць толькі прыблізны адказ: 130 тысяч вакцынаў ад халеры й 50 тысяч ад вятранкі.
У вольны час араўцы гулялі ў бэйсбол, выяжджалі за горад, хадзілі на барахолкі, дзе, нягледзячы на ўсе войны й рэвалюцыі, можна было знайсьці цікавы антыкварыят і творы мастацтва. Амэрыканцы давалі добрыя грошы й лічыліся зайздроснымі кліентамі. Аднак на мытні ў Негарэлым араўцаў таксама добра ведалі й абшуквалі старанна: здаецца, не засталося ніводнага чалавека зь Менскай акругі, у каго калі-небудзь не канфіскавалі б рэчы ці грошы. Сярод канфіскату — парцалянавыя вазы й срэбны каўкаскі кубак, бінокль «Цэйс» і акварэлі, чарнільны набор. Забіралі даляры, калі яны не былі аформленыя, фотаапараты; рабілі асабісты вобшук. Пратэсты звычайна мала што давалі.