Ўілабі выканаў абяцаньне — паслаў запыт наконт пераводу Сьміта й дадаў свой камэнтар:
З асабістых і афіцыйных прычынаў я не хацеў бы, каб Сьміта пераводзілі зь Менску. Я ўпэўнены, што яго ня варта высылаць з Расеі. Ён набыў каштоўны досьвед у складавай працы й арганізацыі харчаваньня дзяцей у Арэнбургу. Гэты досьвед быў для мяне каштоўны. Я прызнаю, што ягонае далейшае знаходжаньне тут можа прывесьці да працягу рознагалосьсяў паміж намі й прафсаюзам, паміж чальцамі прафсаюзу й Сьмітам. Не зважаючы на гэта, я хачу паспрабаваць.
Перад тым як адаслаць ліст, Ўілабі паказаў яго Сьміту. Допіс сканчаўся просьбай дазволіць Сьміту самому прыехаць у Маскву для тлумачэньняў.
Аднак увечары таго ж дня кіраўнік акругі надрукаваў яшчэ адзін ліст у Маскву, які пазначыў «канфідэнцыйнае». У ім Ўілабі пісаў, што праблему можна было б палагодзіць на самым пачатку, калі б не адбыўся другі інцыдэнт са Сьмітам, пакуль ішлі перамовы са Стакоўскім. Гэта аслабіла пазыцыю АРА:
Я спадзяюся, што вы як найхутчэй пераведзяце Сьміта зь Менску. Гэтай рэкамэндацыі няма ў маім афіцыйным паведамленьні. Вы разумееце чаму. Ён нагэтулькі не давярае цяпер расейцам, што ня можа ўстрымацца, каб увесь час не дэманстраваць гэтага. Я баюся, што гэта прывядзе да мноства такіх сутычак, як сёньняшняя.
Мінула ноч. Загадчыкі дзіцячых дамоў, сталовак для ўцекачоў, лекары й адрасаты амэрыканскіх пасылак дарма прыйшлі наступнай раніцай — склады АРА былі замкнёныя. Супрацоўнікі зьявіліся на працу, але прафсаюзныя кіраўнікі пільнавалі, каб ніхто ня ўзяўся выдаваць прадукты. Страйк працягваўся.
Ўілабі патэлефанаваў Стакоўскаму. Той хутка зьявіўся й папрасіў дазволу правесьці сход супрацоўнікаў на тэрыторыі канторы. На гэты раз Стакоўскі сказаў тое, што марна спрабавалі давесьці амэрыканцы: паводле пагадненьня з савецкім урадам АРА не прызнае прафсаюзаў і права на страйк. Усе канфлікты павінны вырашацца паміж ім як упаўнаважаным ураду і Ўілабі. Стакоўскі зьвярнуўся да старшыні прафсаюзу з прапановай накіраваць супрацоўнікаў на рабочыя месцы.
Газэта «Савецкая Беларусь» 26 лістапада паведаміла:
Упаўнаважаны Стакоўскі ў кароткай прамове абмаляваў свае перамовы з адміністрацыяй АРА. Упаўнаважаны канторы АРА па Беларусі сп. Ўілабі пагадзіўся задаволіць усе нашы патрабаваньні.
Хаця ніводнае патрабаваньне не было выканана, камуністычныя прафсаюзы, якія з клясавай рашучасьцю пастанавілі не выдаваць прадуктовыя амэрыканскія пасылкі сіротам, шпіталям і прытулкам, з прадстаўніком улады спрачацца ня сталі. Праз 24 гадзіны пасьля пачатку страйк быў спынены.
Праз тры дні, 29 лістапада, Сэдрык Сьміт выехаў зь Менску.
4 сьнежня ў Маскве савецкі ўпаўнаважаны Карл Ландэр выклікаў намесьніка кіраўніка АРА Сырыла Кўіна й запатрабаваў тлумачэньняў. Той выклаў пазыцыю амэрыканцаў: Сьміт ударыў шафёра ў выніку надзвычай правакацыйных паводзінаў апошняга. Адначасова Кўін паслаў рэзкую вымову Ўілабі за дазвол пабочнай асобе заначаваць у будынку для амэрыканскага пэрсаналу. Ўілабі прызнаў віну.
Ландэр ня быў задаволены амэрыканскім адказам і патрабаваў новых і новых тлумачэньняў. Перапіска, якая мусіла дэманстраваць адстойваньне правоў савецкага чальца прафсаюзу, цягнулася да канца 1922 году.
Сэдрык Сьміт у Менск больш не вярнуўся — яго паслалі на працу ў Арэнбурскую вобласьць. Кіраўніцтва АРА да канца стаяла на баку Сьміта. Ужо пасьля завяршэньня апэрацыяў у Расеі дырэктар АРА Ўільям Гаскел напісаў свайму былому супрацоўніку ліст, які выходзіў за рамкі звычайных падзяк і характарыстык:
Мой дарагі сп. Сьміт!
Маю вялікае задавальненьне выказаць вам сваю ўдзячную ацэнку вашай выдатнай працы ў АРА ў Арэнбургу й Менску. Падчас усёй вашай працы я атрымліваў толькі самыя прыхільныя паведамленьні аб вашай энэргіі й здольнасьцях. Толькі дзякуючы ляяльнай і адданай працы такіх амэрыканцаў як вы, нам удалося выканаць нашыя задачы ў Расеі. Упэўнены, што набыты досьвед будзе каштоўным для вас у будучыні. Спадзяюся, што вы без сумневу зьвернецеся да мяне ў любы час, калі я змагу быць карысным і даць вам рэкамэндацыю што да вашага характару і здольнасьцяў.
Імя Падбярозкі ня раз сустракаецца ў дакумэнтах АРА. Аднойчы ён забыўся паставіць свой аўтамабіль на ручны тормаз, той пакаціўся й пашкодзіў аўтамабіль Наркамасьветы, і АРА мусіла плаціць за рамонт. Ігнат Падбярозка ад пачатку працы меў дазвол на выезд за мяжу ды польскую візу, і яго пасылалі перавозіць амэрыканцаў празь беларускую мяжу на цягнік у Стоўпцы. 15 сьнежня 1922 Падбярозка звольніўся зь менскай канторы АРА.