Выбрать главу

У Беларусі начальства так ніколі й не зьмірылася з амэрыканскімі інспэкцыямі. Калі на Каляды ў 1922 годзе Ўілабі вырашыў наведаць некалькі дзіцячых дамоў, якім дапамагала АРА, яго чакаў сюрпрыз. Паўсюль атрымалі ліст наркама сацыяльнага забесьпячэньня Мар’ясіна. Пад грыфам «Сакрэтна» наркам тлумачыў:

Інспэктары АРА маюць права толькі праверыць разьмеркаваньне харчу АРА, але ніякім чынам ня могуць указваць, як яго выдаткоўваць ці гатаваць.

На новую скаргу Ўілабі ўпаўнаважаны Стакоўскі наклаў рэзалюцыю:

Лічыць непаразуменьнем тав. Мар’ясіна.

Аднак народны камісар, адрозна ад інспэктаркі Румянцавай, усё разумеў правільна.

12

Як прымусіць АРА: новая фаза старой гульні

Стакоўскі скардзіцца. — Ўілабі не пагаджаецца. — Менск дае фору Маскве. — Пасылкі й антысэмітызм. — Не шкадуйце ўказаньняў. — Джойнт становіцца самастойным. — Квакеры як Санта-Клаўс. — Не пустыя пагрозы

Амэрыканскія пасылкі рабілі фурор. Скакаў угору сацыяльны статус шчасьлівых атрымальнікаў, на базары за амэрыканскія прадукты давалі добрыя грошы. Сваякі з-за мяжы істотна папраўлялі справы жыхароў Беларусі без усялякага ўмяшаньня ўладаў. 9 сьнежня Мар’ян Стакоўскі зьвярнуўся да свайго начальніка ў Маскве, упаўнаважанага савецкага ўраду Карла Ландэра зь лістом:

Араўцы настойваюць, каб прынцып разьмеркаваньня адпавядаў жаданьню ахвярадаўцаў. Менскі рабін дайшоў да таго, што патрабуе разьмеркаваньня прысланых у яго распараджэньне пасылак групе «Талмуд-тора» й яшчэ нейкай, назву якой якраз забыўся. Ужо некалькі месяцаў даводзіцца гандлявацца з амэрыканцамі наконт прынцыпаў разьмеркаваньня. Я настойваю, каб адзіным прынцыпам была патрэба, а яны вымагаюць спаўненьня волі ахвярадаўцаў.

Ліст быў адпраўлены ня поштай, а кур’ерам: сакратар Стакоўскага таксама вёз сьпіс усіх мясцовых супрацоўнікаў АРА й прапановы рэформаў. У сьнежні ў менскай АРА працавала 32 чалавекі — Стакоўскі прапаноўваў пакінуць 14. Такім чынам, на думку ўпаўнаважанага, разьвязвалася адразу некалькі балючых праблемаў: скарачаліся выдаткі на заробкі, палягчаўся нагляд і, галоўнае, АРА была б вымушаная скасаваць інспэкцыі й перадаверыць разьмеркаваньне дапамогі дзяржаўным органам.

Стакоўскі прапанаваў вырашыць праблему ў Маскве й прасіў Ландэра адстойваць сваю пазыцыю. Праз тыдзень, 16 сьнежня, зь Менску ў Маскву ідзе яшчэ адзін ліст — на гэты раз Ўілабі піша свайму кіраўніцтву:

Немагчыма ні для Стакоўскага, ні для мяне пагадзіцца наконт мэтадаў разьмеркаваньня гуртовых даставаў. Стакоўскі настойвае, што ўрад мае права не дазволіць разьмеркаваньня асобам пэўнай нацыянальнасьці ці веравызнаньня. Я мяркую, што, калі нью-ёрскі офіс атрымлівае грошы, каб пэўная колькасьць пасылак была дастаўленая тым, хто мае патрэбу, у пэўнае месца, мы маем права пры выдачы абмежавацца людзьмі гэтай нацыянальнасьці й мясцовасьці.

Інакш кажучы, 100 пасылак для габрэяў Ігумену павінны быць разьмеркаваныя паміж габрэямі Ігумену. Стакоўскі лічыць, што гэта выкліча нацыянальную варажнечу, і ўрад Беларусі патрабуе, каб ён не дапускаў такога «клясавага падзелу».

У габрэйскіх арганізацыях Нью-Ёрку хіба вельмі зьдзівіліся б, каб пачулі, што, адмаўляючы ў перадачы пасылак габрэям, Стакоўскі змагаецца з антысэмітызмам. Менавіта такі аргумэнт прыводзіў упаўнаважаны ў лісьце ў Маскву:

У Беларусі, дзе антысэмітызм глыбока запусьціў свае карані, нельга пагаджацца на паглыбленьне гэтага настрою, ставячы габрэйства ў прывілеяванае становішча.

Напачатку студзеня кіраўніцтва Маскоўскай штаб-кватэры АРА ў лісьце да Ўілабі так пракамэнтуе беларускую сытуацыю:

Мы бачым спробы ўраду Беларусі дыктаваць, хто можа атрымліваць нашыя харчовыя пасылкі. Гэта цалкам новая фаза гульні ў перашкоды. Мы думалі, што ўсе віды перашкодаў ужо былі прыдуманыя цэнтральнымі савецкімі ўладамі. Цікава адзначыць, што вашыя мясцовыя ўлады далі тут фору цэнтральным.