Ўілабі настойваў на безумоўнай даставе пасылак адрасатам. Адначасова яшчэ напрыканцы лістапада кіраўнік акругі зьвярнуўся ў Маскоўскую штаб-кватэру з просьбай:
Пераважная бальшыня пасылак ідзе габрэям, якія маюць сваякоў у Штатах. Атрымальнікі, у выніку, знаходзяцца ў даволі добрых умовах. Але тысячы расейцаў і беларусаў ня маюць сваякоў за мяжой. Ці не палічылі б вы магчымым паслаць нам неадкладна хаця б 500 пасылак агульнага прызначэньня?
У складох было крыху пасылак агульнага прызначэньня, якія кіраўніцтва акругі мела права разьмяркоўваць самастойна. Яшчэ ў лістападзе галоўны лекар Менскай акругі Ралф Герц прапанаваў выдаць усім чальцам мэдычнай камісіі АРА пасылкі як знак заахвочваньня. На паседжаньні прысутнічаў Стакоўскі. Чальцы камісіі выказалі ўдзячнасьць, але палічылі немагчымым узяць пасылкі асабіста сабе. Тады Герц прапанаваў разьмеркаваць 50 пасылак сярод мэдычнага пэрсаналу, які меў найбольшую ў гэтым патрэбу, а таксама раздаць мэдыкам паўтысячы коўдраў. Дапамога была прынятая.
Але Стакоўскаму гэтага было мала. У лісьце ў Маскву ён запэўнівае Ландэра, што нічога рэзка непрыемнага паміж ім і амэрыканцамі няма, і ўдакладняе клясавую прычыну свайго клопату:
Калі ж нарэшце яны пачнуць «Дапамогу Расеі» празь дзяржорганы…
Упаўнаважаны беларускага ўраду просіць свайго начальніка:
Навучыце, калі вы маеце спосаб, як прымусіць іх разьмяркоўваць праз цэнтральныя органы. Бо мы тут вымушаныя атрымліваць беспасярэдне тымі ячэйкамі, дзе гэтая амэрыканская дапамога выдаткоўваецца. Кожны дзіцячы дом, шпіталь, кожная амбуляторыя павінны зьяўляцца беспасярэдне па атрыманьне. Гэта вельмі стамляе й адрывае шмат людзей ад штодзённай працы. Можа быць, дзе-небудзь гэтага ўжо пазбавіліся, навучыце тады й астатніх.
Хаця Стакоўскі й просіць навукі ў начальства, яго ўласная прапанова — скараціць штат АРА — магла сапраўды радыкальна зьмяніць сытуацыю.
Ўілабі тлумачыў:
У мэдычным аддзеле працуе 17 чалавек, якія атрымліваюць заробак ад уладаў. Доктар Вілі згадзіўся скараціць двух. Ні ён, ні я ня верым, што можна эфэктыўна працаваць нават з такім малым скарачэньнем, але мы паспрабуем. Стакоўскі лічыць, што можна ўдвая скараціць штат у дзіцячым харчаваньні. Гэта так, калі мы хочам, каб прадстаўнікі ўладаў самі забіралі й разьмяркоўвалі прадукты з нашых складоў. На гэта мы пайсьці ня можам.
Стакоўскі й сам апынуўся ў складанай сытуацыі. Яшчэ ў кастрычніку ўпаўнаважаны цэнтральнага ўраду Карл Ландэр разаслаў цыркуляр са зьменамі ў фінансаваньні апэрацыяў замежнай дапамогі, які пачынаўся словамі:
У сувязі зь вялікім недахопам сродкаў упаўнаважаныя ў рэгіёнах павінны зьменшыць да мінімуму ўсе свае расходы.
Паводле новага парадку, цяжар фінансаваньня цэнтар перадаваў на месцы. Ўілабі прасіў сваё кіраўніцтва пакінуць стары парадак:
Праца значна палегчыцца, калі можна было б і надалей атрымліваць нашыя ўрадавыя фонды з Масквы. Бо калі супрацоўнікі прыйдуць да высновы, што іхная праца, у тым ліку падвышкі заробку і г. д., залежыць ад Стакоўскага, бальшыня зь іх імгненна пачне працаваць на Стакоўскага, а не на АРА.
Але й Стакоўскі, нягледзячы на быццам спрыяльную зьмену, ня быў задаволены. Бюджэт Беларусі быў мізэрны, і задача на месцы здабываць грошы для апэрацыяў АРА ў Менску была малаўдзячнай.
У стане паміж двух агнёў патрабавалася апаратная падстрахоўка — і ўпаўнаважаны зьвяртаецца да Ландэра «па навуку». Перад тым як паставіць напрыканцы ліста абавязковае «з камуністычным прывітаньнем», Стакоўскі піша:
Чакаю агульных гаспадарчых і палітычных кіроўных інструкцыяў. Не шкадуйце ўказаньняў.
Ландэр не шкадаваў. Цыркулярныя лісты рассылаліся па ўсіх адрасох:
Мы не павінны даваць права ніводнай замежнай арганізацыі самастойна выбіраць раён працы, а таксама формы й мэтады. Усё павінна рабіцца пры нашым найбліжэйшым удзеле, з нашага фактычнага ўказаньня й кіраўніцтва, праз адпаведныя ведамствы і ўстановы.
У сьнежні 1922 са складу АРА арганізацыйна выйшла габрэйская дабрачынная арганізацыя Джойнт. Дырэктарам Менскага бюро быў прызначаны Эдвард Розэнблюм, які меў досьвед працы ў Польшчы, Аўстрыі й Францыі. 19 лютага 1923 Розэнблюм накіраваў упаўнаважанаму Стакоўскаму ліст аб пачатку самастойнае працы. Джойнт у Беларусі, а таксама ў Віцебскай і Гомельскай губэрнях зьбіраўся аказваць вытворчую дапамогу, пастаўляць электратрактары для габрэйскіх сельгаскамунаў, а таксама заняцца разьмеркаваньнем харчу й адзеньня.