Выбрать главу

Мне паведамілі, што Расея купляе хлеб для ўнутранага спажываньня ў Эўропе. Тады, калі гэтыя пастаўкі перасякаюць савецкую мяжу, іншае расейскае збожжа вывозіцца за мяжу. Расея, верагодна, плаціць за імпарт больш, чым выручае ад экспарту. Але замежныя краіны гэтага ня ведаюць. Расея зрабіла рэкляму свайму экспарту, а імпарт паступаў у краіну глыбокай ноччу, сакрэтна.

Ўілабі запісаў наступнае шчыраваньне Стакоўскага:

Такія рэчы здаюцца жорсткімі й бессардэчнымі, але часта яны неабходныя. Краіна перажывае крытычны пэрыяд, але я не лічу, што мы робім нешта горшае за тое, што мусілі рабіць іншыя першаклясныя дзяржавы, каб выжыць напачатку свайго існаваньня.

Гутарка працягвалася ва ўсё цяплейшай атмасфэры. Не зусім пасьлядоўна Стакоўскі заявіў, што АРА павінна пакінуць пасьля сябе арганізацыю-пераемніцу, якая б захавала структуру й пэрсанал АРА. Вызначыць характар будучай арганізацыі, на думку Стакоўскага, таксама мог бы Гербэрт Гувэр:

Ленін цяпер хварэе. Можа прайсьці ня менш за шэсьць месяцаў, пакуль ён зноў вернецца да працы. Троцкі, верагодна, ня зойме ягонага месца на гэты час. Хутчэй Каменеў стане наступнікам. Каменеў як ніхто іншы з савецкіх афіцыйных асобаў блізкі да АРА, ведае пра яе дасягненьні, разумее праблемы й цэніць вынікі. Калі Каменеў стане на месца Леніна, у АРА будзе сябар, саюзьнік і абаронца, найуплывовейшы ў Расеі. Каменеў, на маю думку, хоча, каб АРА заставалася ў Расеі яшчэ год. У такім разе АРА атрымае дапамогу й судзеяньне ў любой частцы краіны, і ейнай працы ня толькі нічога ня будзе замінаць, але ёй будзе дапамагаць кожны савецкі службовец.

Ўілабі зноў напаўняў шклянкі, а Стакоўскі працягваў хваліць працу па-амэрыканску. Кіраўнік акругі не пасьпяваў запамінаць камплімэнты, каб пазьней уключыць іх у справаздачу:

Стакоўскі настойліва выказваўся за працяг амэрыканскай дапамогі. Вось дакладны запіс ягоных словаў: АРА добра вядомая й не выклікае недаверу. АРА, на думку ўладаў і людзей, дэманструе тыпова амэрыканскую дзелавітасьць і карпатлівасьць. У Беларусі працуюць розныя амэрыканскія й іншыя замежныя арганізацыі. Некаторыя больш лібэральныя, чым АРА, і не патрабуюць справаздачнасьці за маёмасьць і харчаваньне. Іншыя больш спадзяюцца на дзяржаўныя ўстановы ў справе разьмеркаваньня.

Далей Ўілабі прывёў агульную ацэнку Стакоўскага:

Аднак, на маю думку, АРА прадэманстравала, што сапраўды спраўны спосаб кіраваньня дапамогай такога маштабу — гэта спосаб АРА.

Калі ў Маскоўскай штаб-кватэры атрымалі ліст, дык мелі падставы засумнявацца, ці суразмоўцы абмежаваліся адно гарбатай.

17

Чыстка АРА: дзе жыве Карл Маркс

Кароткія падзякі. — Джэнтэльмэны кажуць «Ага!» — Праверка на ляяльнасьць. — Бляндынка Роза Люксэмбург. — Дробныя паскудзтвы. — Мыла для НКВД. — Чакаюць даносаў. — Ніхто ня звольнены, але…

Люты для АРА ў Менску пачаўся з прыемнасьцяў. Напачатку месяца Чарлз Ўілабі й Ралф Герц атрымлівалі віншаваньні. Беларускі Чырвоны Крыж наладзіў вечарыну з нагоды адкрыцьця мэдычнай клінікі ўнівэрсытэту, і кіраўнік акругі й галоўны лекар былі ганаровымі гасьцямі. Ўілабі паведамляў у штаб-кватэру:

Выступаў было шмат, але кароткіх, і насуперак агульнапрынятай у Беларусі звычцы кожны прамоўца заяўляў, што без дапамогі АРА бальшыня дзіцячых дамоў і шпіталёў у Беларусі была б змушаная пазбавіцца сваіх выхаванцаў і пацыентаў і зачыніць дзьверы. Прысутныя камісары й высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі, а таксама выбітныя настаўнікі, лекары й навукоўцы выказвалі гэтыя пачуцьці ў прамовах.

У лютым менская кантора скончыла прыём картак-заявак на вопратку, але працы не паменшала. Працягваліся паездкі ў дзіцячыя дамы й шпіталі, разгрузка вагонаў і выдача пасылак, кожныя два тыдні трэба было пісаць справаздачы ў штаб-кватэру. Пасьля таго як Менск пакінулі Джордж Шрэмэл і Сэдрык Сьміт і замены ім не прыслалі, частку абавязкаў, якія звычайна выконвалі амэрыканцы, давялося даручыць мясцовым супрацоўнікам. Ўілабі наняў на працу машыністку, якая валодала ангельскай мовай. Лекары Герц і Вілі праводзілі час у паездках па велізарнай тэрыторыі мэдычнай акругі, рыхтуючы грузы для Магілёва, Смаленску, Віцебску й Гомелю. Інспэктарская група на чале з Кацярынай Румянцавай у дадатак да дзіцячых дамоў і кухняў грамадзкага харчаваньня ў Менску стала правяраць выкарыстаньне амэрыканскай дапамогі ў Барысаве, Бабруйску, Слуцку, Ігумене, а таксама ў шпіталёх і амбуляторыях.