Выбрать главу

У АРА расказвалі гэтую гісторыю крыху іначай. Ўілабі пісаў:

Намесьнік загадчыка складу падарыў прадстаўніку сакрэтнай службы кавалак мыла пасьля таго, як апошні стаў прасіць наліць яму колькі «грамаў сьпірту, бо надта халодна тут стаяць». Супрацоўнік АРА параіў агенту «выкінуць гэтую дурную думку з галавы» й даў яму мыла, каб прамыць зьвіліны. Абураны адмовай і баючыся, што з АРА паведамяць начальству пра ягоныя захады, агент здаў мыла й склаў рапарт пра хабар. Аднак намесьнік загадчыка складу паведаміў пра інцыдэнт лекару акругі. Праз тры тыдні ў «Звезде» зьявіўся артыкул.

Нягледзячы на нязначнасьць выпадку, публікацыя закранала істотную праблему. АРА настойвала на поўным кантролі сваёй дапамогі аж да талеркі на стале дзіцячага дому й пасылкі, уручанай непасрэдна адрасату — без пасярэдніцтва ўладаў. Улады глядзелі на гэта з падазрэньнем, ацэньвалі практыку АРА як неэфэктыўную й нават падрыўную. Кожны, нават дробны, укол на адрас амэрыканцаў быў дарэчы.

Падыход АРА, у сваю чаргу, вымагаў адпаведнага штату — дзясяткаў людзей, якія забясьпечвалі прыём, разгрузку, складаваньне, фасоўку, выдачу й даставу грузаў, кантроль за выкарыстаньнем, вядзеньне ўліку й справаздачнасьці, фінансавыя разьлікі. Людзі на працу патраплялі розныя. І часам без дапамогі міліцыі было не абысьціся. Кіраўнік акругі некалькі разоў зьвяртаўся да Стакоўскага з просьбамі праз губвышук абараніць маёмасьць АРА:

Кужалеў, шафёр АРА, забраў з нашага гаража адзін з араўскіх грузавікоў без дазволу з майго боку й з боку загадчыка гаража. Калі так, гэта сур’ёзнае злачынства. Я прашу вас зьвярнуцца да Губвышуку й папрасіць правесьці належнае расьсьледаваньне… і, калі Кужалеў сапраўды езьдзіў на грузавіку, арыштаваць яго й прыцягнуць да адказнасьці.

Адначасна прашу распарадзіцца, каб Губвышук правёў расьсьледаваньне, хто засыпаў наждачны парашок у рухавік «Кадылака», што прывяло да сур’ёзнага пашкоджаньня аўтамабіля.

Праз тыдзень Кужалеў быў звольнены.

Крымінальныя выпадкі, аднак, ня мелі нічога агульнага з палітычнай чысткай. Кіраўніцтва АРА пастаянна падкрэсьлівала сваю бесстароннасьць у падборы мясцовага пэрсаналу:

Выбіраючы нашых супрацоўнікаў, як і харчуючы расейскіх дзяцей, мы не пытаемся ні пра нацыянальнасьць, ні пра веравызнаньне, ні пра палітычныя погляды й спадзяёмся, што савецкія ўлады будуць ставіцца да іх гэтак сама.

Улады й прафсаюзы, аднак, мелі супрацьлеглую думку.

17 сакавіка Ўілабі перадалі тэлефанаграму з апарату ўпаўнаважанага Стакоўскага:

У панядзелак 19 сакавіка ў 11.30 раніцы прыступіць да сваёй працы Камісія па праверцы супрацоўнікаў у даверанай вам арганізацыі ў Менску. Просьба падрыхтаваць да пазначанага часу для мяне пайменныя сьпісы вашых супрацоўнікаў, якія працуюць як у канторы й мэдаддзеле, гэтак і на складох і г. д.

Апроч Стакоўскага, тэлефанаграму падпісаў упаўнаважаны Цэнтральнай камісіі па праверцы й чыстцы нехта Конбранд. Але больш цікавай была прыпіска на арыгінале, якой Ўілабі ня мог бачыць. Над тэкстам быў дадаткова выстаўлены грыф «Сакрэтна» й дададзены новы адрасат: «Копія ў ГПУ тав. Карэйва».

Копія важыла больш за арыгінал. Падчас кампаніі чысткі дэлегаты Ўсебеларускага зьезду саветаў паслалі спэцыяльнае прывітаньне ГПУ, якое надрукавалі газэты:

Няхай сусьветная буржуазія, няхай сацыял-здраднікі ўсіх колераў і рангаў вас кляймяць званьнем забойцаў і вылюдкаў — для нас, працаўнікоў Савецкай Беларусі, вы лепшыя нашыя сыны, самыя аддадзеныя справе рэвалюцыі працаўнікі.

З гэтага часу кпіны й іронія ў лістох Ўілабі зьнікаюць. Кіраўнік акругі прыняў рашэньне абараняць сваіх супрацоўнікаў і больш не зьвяртаўся ў Маскву па параду, а інфармаваў штаб-кватэру пра сваё рашэньне й патрабаваў адказу пра захады адміністрацыі АРА пры найгоршым разьвіцьці падзеяў:

Мы не зьбіраемся нікога звальняць толькі з тае прычыны, што супрацоўнік ня здаў палітычнага экзамэну, і мы хацелі б ведаць, што Масква будзе рабіць, калі нашага супрацоўніка выключаць з прафсаюзу і ў гэты момант умяшаюцца ўлады й арыштуюць яго.

Як насамрэч адказвалі менскія супрацоўнікі АРА на пытаньні, якога колеру валасы мела Роза Люксэмбург і пад якім адрасам жыве грамадзянін Карл Маркс, застаецца невядомым і сёньня нават жыхарам менскіх вуліцаў, якія дагэтуль носяць імёны вечна жывога Карла Маркса й брунэткі Розы Люксэмбург.