Выбрать главу

Колькасьць малочных бляшанак дасягнула 57 мільёнаў 256 тысяч 960. Калі пустыя бляшанкі пакласьці адну за адной, яны працягнуцца ад Саваны, штат Джорджыя, да Сыэтлу ў штаце Вашынгтон, і яшчэ застанецца досыць, каб зьлітаваць трубу ад самай вяршыні вежы будынка Ўолварта да зямлі й зрабіць яшчэ дзьве падобныя трубы даўжынёй 264 футы да вяршыні дваццаціпавярховага дома на Пятай авэню, нумар 212. І яшчэ застаюцца днішчы й накрыўкі. Калі іх акуратна выразаць, імі хопіць пакрыць вялікі бульвар шырынёй 100 футаў ад броўкі да броўкі й трынаццаць з паловай міляў даўжынёй…

Бляшанкі перараблялі на кубкі, на вазоны, на газоўкі й алейныя лямпы, на цацкі. Але было й яшчэ адно незвычайнае выкарыстаньне амэрыканскай дапамогі, якое выйшла нават за межы пабудовы транскантынэнтальнага бляшанкаправоду.

У гімназіях ды інстытутах Менску, Віцебску, Гомелю традыцыйна вывучалі клясычныя мёртвыя мовы, а з жывых — францускую й нямецкую. Ангельскую амаль нідзе не выкладалі: не было слоўнікаў. Бляшанкі далі штуршок падзеям, якія ўвайшлі ў канчатковую справаздачу АРА ў Менску:

Малочныя бляшанкі хутка сталі важнаю часткаю кожнае хатняе гаспадаркі ў Беларусі, спустошанай вайной і ўцекачамі. І на кожнай бляшанцы была налепка з інструкцыямі па-ангельску. Цікаўныя дзеці й дарослыя хутка захацелі ўведаць, што ж там напісана. І неўзабаве ў Менску ўзьнік попыт на ангельскія падручнікі й граматыкі. Прафэсар Георгі Блок, кіраўнік факультэту ангельскай мовы ўнівэрсытэту, мусіў прасіць большыя памяшканьні для заняткаў, каб зьмясьціць усіх ахвочых. Пасьля 12 месяцаў супрацы з АРА Блок адчыніў курс пад назовам «Кляса ангельскай мовы АРА». Кожныя дзевяць месяцаў кляса мае ад 50 да 75 выпускнікоў, якія могуць дастаткова добра разумець і гаварыць па-ангельску.

Ўілабі паведамляў, што ў Беларусі ўпадабалі менавіта амэрыканскі варыянт ангельскае мовы. Настаўнікі цяпер могуць лёгка зарабляць дадатковыя грошы, даючы ўрокі мноству людзей, якія зацікавіліся непатрэбнаю раней моваю пасьля зьяўленьня ў Беларусі АРА.

Араўцы добра ведалі, што галадаюць ня толькі дзеці. Ўілабі даводзіў свайму начальству:

Што да становішча настаўнікаў: у Беларусі 4000 настаўнікаў, зь іх тры чвэрці ў вялікай нястачы. Яны атрымліваюць ад 8 ад 13 залатых рублёў штомесяц бяз пайкі, часта з затрымкай. Падчас вакацыяў заробку няма. Шмат дзе настаўнікі не атрымалі ні капейкі за кастрычнік і лістапад. Нам удалося зацікавіць праграмаю дапамогі Нодэля, рэдактара «Звезды», самай уплывовай газэты, які патлумачыў настаўнікам, што АРА зробіць усё магчымае, каб палепшыць іхнае становішча. Калі б дапамога была аказаная хаця б 3000 настаўнікаў у Беларусі да 1 чэрвеня, гэта ня толькі дапамагло б усёй рэспубліцы, але й АРА атрымала б дадатковае прызнаньне свае працы.

Калі АРА пачала праграму дапамогі настаўнікам, улады зноў паспрабавалі ўзяць выдачу пасылак пад кантроль. Галоўны ўпаўнаважаны савецкага ўраду Карл Ландэр тлумачыў у цыркулярным лісьце ўсім мясцовым упаўнаважаным:

АРА пагадзілася дапамагаць перш за ўсё беспрацоўным настаўнікам, а пасьля тым, хто церпіць нястачу, і ўключыць у праграму дапамогі тэхнічны пэрсанал школаў, прычым абмежаваць колькасьць першых 20 %, а другіх — 2 %. Сп. Гаскел раіць сваім упаўнаважаным скараціць да мінімуму колькасьць пасылак для пазначанай катэгорыі. Вашай задачай, аднак, павінна быць дасягненьне цалкам пазначанага працэнту.

У сярэдзіне сакавіка пачалася выдача пасылак настаўнікам Беларусі, але даведацца пра акцыю яны маглі толькі ад прадстаўніка прафсаюзу ці ўлады. Ландэр не хацеў розгаласу. Цыркулярны ліст з Масквы так тлумачыў мясцовым упаўнаважаным правілы паводзінаў:

Што да апублікаваньня гэтай галіны дзейнасьці АРА ў друку, дык мясцовыя газэты могуць абмежавацца толькі перадрукам нататак з цэнтральных газэт альбо нататкамі, якія даяце вы, прычым вам трэба даваць у друк толькі тыя нататкі, якія мы вам будзем пасылаць.

У Віцебску ўлады паспрабавалі выканаць інструкцыю Ландэра звыклым спосабам: у кантору АРА быў перададзены сьпіс 196 настаўнікаў. Кіраўнік Віцебскай акругі, які шматразова вусна й пісьмова тлумачыў, як гэты сьпіс павінен быць аформлены, не паверыў вачам: не было ані хатніх адрасоў настаўнікаў, ані адрасоў школаў, аніякай іншай інфармацыі, якая б дазволіла араўцам самім, без пасярэднікаў, накіраваць дапамогу гэтым людзям.

У адказ на тэрміновы запыт улады паабяцалі назаўтра даць поўныя зьвесткі, каб не адкладаць дапамогу. Адрасы не паступілі ані празь дзень, ані праз два. Толькі на пяты дзень араўцы атрымалі неабходныя зьвесткі й адразу разаслалі запросіны на атрыманьне дапамогі. Мінула тры дні, многія настаўнікі ўжо пасьпелі наведаць склады АРА, як улады ў пажарным парадку паспрабавалі спыніць амэрыканцаў.