Выбрать главу

Ужо прыцемкам араўцы прыбылі ў гатэль, дзе пасяліўся перакладчык і дзе былі зарэзэрваваныя месцы. Аднаго погляду хапіла, каб амэрыканцы заявілі, што, пакуль няма сталага жытла, лепш будуць начаваць у вагоне, не зважаючы на сапсаваную печку й люты мароз.

Перакладчык застаўся ў гатэлі, прадстаўнік губвыканкаму падвёз амэрыканцаў да станцыі й паабяцаў заехаць наступнай раніцай, каб далей шукаць жытло й памяшканьне пад кантору. Спальны вагон амэрыканцаў стаяў у тупіку побач з таварнымі вагонамі, пераабсталяванымі пад часовае жытло, калі меркаваць па комінах.

Наступнай раніцай, 8 студзеня, абяцаны губвыканкамам аўтамабіль спазьніўся на дзьве гадзіны. Прадстаўнік уладаў выбачаўся і ўсяляк спрабаваў палепшыць першыя ўражаньні. Амэрыканцы занесьлі ў газэту абвестку пра набор на працу й пачалі знаёміцца з горадам. Якабс паказаў некалькі незанятых пабудоваў. Пусты школьны будынак пасаваў для канторы й выдачы пасылак. Амэрыканцы накіраваліся на вуліцу Савецкую, у губвыканкам, але там спаслаліся на «тэхнічныя прычыны». Аднак прапанавалі іншыя адрасы — выглядала, што ў Віцебску ўлады хочуць дапамагчы амэрыканцам распачаць працу. Старшыня губвыканкаму Крылоў паслаў тэлеграму ў Маскву ва ўрад:

Тыдзень таму ў Віцебск прыбыў прадстаўнік АРА Айкер для арганізацыі тут абласнога аддзяленьня дапамогі дзеля абслугоўваньня Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губэрняў. У сілу пагадненьня ўраду з АРА, падпісанага 20 жніўня летась у Рызе, губвыканкам бярэ на свой рахунак усе выдаткі, зьвязаныя з прадастаўленьнем аддзяленьню АРА памяшканьняў, разгрузкай вагонаў, карыстаньнем аўтамабільным транспартам і да т. п. Ня маючы крыніцаў для пакрыцьця ўсіх выдаткаў, прэзыдыюм губвыканкаму просіць тэрмінова перавесьці на вышэйзгаданыя мэты два мільярды рублёў, а таксама даць падрабязныя дырэктывы ў справе ўзаемадачыненьняў губвыканкаму й АРА.

Віцебская акруга паводле тэрыторыі была адной з найбольшых. Межы акругі захоплівалі землі чатырох губэрняў і праходзілі па лініі Холм — Астаткаў — Белы — Вязьма — Юхнаў — Чэрыкаў — Быхаў — Талачын — Лепель — Полацак — Дрыса — Апочка — Наваржэў — Холм.

Напачатку студзеня, калі Айкер і Макмілан ад’яжджалі з Масквы, кіраўніцтва АРА паставіла задачу як найхутчэй пачаць даставу пасылак. Справаздачу пра выдачу першай дзясяткі патрабавалася адразу адправіць тэлеграфам. На трэці дзень па прыезьдзе, калі былі разладаваныя вагоны, амэрыканцы адправіліся шукаць адрасатаў.

Сонца ўжо села, і машына зь цяжкасьцю прабівалася праз гурбы сьнегу на нячышчаных вуліцах. Пасажыры мусілі час ад часу выскокваць і штурхаць аўтамабіль праз сумёты. Удалося знайсьці толькі трэці адрас. Джон Айкер пісаў:

Мы самі занесьлі прадукты, і трэба было бачыць, як узрадавалася ўся сям’я, каб пераканацца, што нашыя намаганьні не былі марныя. На гадзіньніку быў пачатак 11-й ночы, 10 студзеня 1922, калі мы атрымалі расьпіску пра даставу першай віцебскай пасылкі. Я добра памятаю тую ноч, бо мы думалі, што ніколі ўжо не адтаем, і леглі ў ложак у ледзь ацепленым вагоне ў вопратцы й безь вячэры.

Наступнымі днямі Айкер і Макмілан па чарзе дастаўлялі пасылкі й аглядалі памяшканьні.

Застрашаныя дрэннай ежай у рэстаране, амэрыканцы дамовіліся харчавацца прыватным чынам у сям’і. Праз пару дзён захварэў перакладчык. Айкер паслаў у Маскоўскую штаб-кватэру тэлеграму:

Лекары знайшлі ў Якабса сымптомы тыфусу. Перакладчыка паклалі на сані й адвезьлі ў чыгуначны шпіталь. Гэта звычайны жылы дом, які да таго ж амаль не ацяпляецца. Хворыя атрымліваюць палову фунта хлеба на дзень, бракуе амаль усіх патрэбных лекаў. Прашу неадкладна пачаць даставу мэдыкамэнтаў і абсталяваньня ў Віцебскую акругу.

Штовечар, пасьля працы ў складзе й раздачы пасылак, Айкер і Макмілан вярталіся ў халодны вагон. Яны надалей жылі на рэйках, але ўжо было знойдзенае прыдатнае памяшканьне пад жытло й кантору — будынак статыстычнай управы непадалёк ад моста празь Дзьвіну. Аднак патрабаваўся рамонт і замена ацяпленьня: пакоі абаграваліся печкамі-буржуйкамі. Губвыканкам прыслаў арцель будаўнікоў, якія ўзяліся за працу.

Сытуацыя зьмянілася 26 студзеня. У гэты дзень з Масквы ў Віцебск прыйшла тэлеграма ў адказ на тэлеграфны запыт старшыні губвыканкаму. Упаўнаважаны савецкага ўраду Аляксандар Эйдук пісаў:

На ваш нумар 205 паведамляю: прадстаўнікі АРА прыехалі ў Віцебск не для аказаньня дапамогі тым, хто галадае, а вылучна для разьмеркаваньня харчовых пасылак асобным адрасатам, за якія заплачана ў Амэрыцы дзесяць даляраў за кожную пасылку. Патрабаваньне двух мільярдаў ня можа быць задаволенае: за ўсе паслугі, якія вы робіце АРА, апошняя абавязаная разьлічыцца на месцы за выняткам платы за наём кватэры й складавых памяшканьняў.