Выбрать главу

Нягледзячы на сьцісласьць тэлеграфнага адказу, віцебская просьба «даць падрабязныя ўказаньні ў справе ўзаемадачыненьняў губвыканкаму з АРА» была цалкам задаволеная.

«Да ведама й выкананьня» — гэтая рэзалюцыя зьявілася на тэлеграме Эйдука на наступны дзень. Выконваць рэзалюцыю меў ужо новы ўпаўнаважаны.

Айкер пісаў пазьней:

Першы прадстаўнік губвыканкаму, які гаварыў па-ангельску, неўзабаве сам папрасіўся на працу ў АРА. На ягонае месца быў прызначаны «найразумнейшы камуніст у горадзе» — ён жа пракурор, ён жа прафэсар у мясцовай бальшавіцкай школе й сябра губвыканкаму прозьвішчам Канаплін. Як можна бачыць, яму лёгка было знайсьці прычыну — недахоп часу, каб не займацца нашымі патрэбамі — і гэтая прычына заўсёды знаходзілася. Гэтая асоба навучыла мяне, якой крывадушнай можа быць чалавечая істота.

Амэрыканцы пазнаёміліся з тэлеграмай Эйдука толькі празь месяц, але яе дзеяньне адчулі нашмат раней. Будаўнікі, якія рамантавалі памяшканьне былой статыстычнай управы, запатрабавалі выплаты авансу. Айкер скіраваў іх у губвыканкам. Там адмовіліся плаціць і параілі будаўнікам патрабаваць грошы ад кіраўніка акругі альбо скардзіцца ў Маскву. Айкер паслаў будаўнікоў назад у губвыканкам. Упаўнаважаны зноў адаслаў іх да амэрыканцаў. Жарсьці хутка разгарэліся, і брыгадзір будаўнікоў нават пагражаў забіць кіраўніка акругі.

Жыць далей на рэйках не выпадала. Чыгуначнікі ўжо патрабавалі вызваліць вагон. Трэба было тэрмінова завяршаць рамонт, і Айкер выплаціў будаўнікам грошы з касы АРА. З халоднага вагону амэрыканцы перабраліся ў два маленькія пакоі на верхнім паверсе статыстычнай управы. Айкер успамінаў:

Каб быць чыстым, выбар быў — альбо сьнегавая ванна, альбо нічога. Часам ваду нам прыносілі з рэчкі, электрычнасьці не было, не хапала дроваў, хаця горад акружаны лесам.

Празь месяц, у канцы лютага, Айкер напісаў на імя старшыні губвыканкаму афіцыйны ліст:

Паведамляем вам, што мой сакратар і я сьпім на дошках, таму што нам не былі дадзеныя адпаведныя сеткі для ложкаў. Самі ложкі надзвычай нязручнай сыстэмы. Апроч іх, кожны з нас мае толькі адзін стол, адно крэсла й адзін зламаны рукамыйнік. Калі б вы жадалі надаць замежным прадстаўнікам, якія знаходзяцца тут вылучна для дапамогі вашаму народу, нейкую ўвагу, дык найменшае, што вы маглі б зрабіць — гэта даць мэблю для іхнае кватэры, каб яны маглі жыць хаця б зь нейкім камфортам.

Айкер нагадваў, што ранейшыя шматлікія просьбы пра мэблю для жытла, канторы й складоў застаюцца без адказу. Афіцыйную скаргу, як Айкер назваў свой ліст, завяршала прыпіска:

Мы пасылаем вам гэты ліст, каб не было непаразуменьня, што вам невядома вышэйвыкладзенае.

Падрыхтаваць тэкст адказу было даручана ўпаўнаважанаму Канапліну:

Ваш ліст ад 27 лютага выклікаў у нас пэўную долю зьдзіўленьня. Мы неаднаразова заяўлялі вам пра нашую гатовасьць задаволіць усе вашыя патрабаваньні, наколькі яны не пярэчаць інструкцыям з цэнтру. Але паколькі вашыя патрабаваньні дагэтуль галоўным чынам засяроджаныя на мэблі й іншых дробных рэчах, пра якія ў нас няма ніякіх канкрэтных указаньняў, дык губвыканкам мусіць абмежавацца толькі парадаю набыць пазначаныя рэчы за кошт АРА. Мы абавязаныя ўзяць на сябе толькі рамонт складавага памяшканьня, калі б ён патрабаваўся. Пра ўсё астатняе, як вы можаце пераканацца з далучанай тэлеграмы, ніякіх указаньняў няма. Што да мэблі, абяцанай вам прадстаўніком, дык гэта ёсьць вылучна ягонай ветлівасьцю да вас, і, калі мэбля яшчэ не дастаўленая, маем гонар вас запэўніць, што тут былі адпаведныя тэхнічныя прычыны, якія паступова здымаюцца.

У скарзе Айкер асобна пісаў пра Канапліна:

Калі ваш цяперашні прадстаўнік ня мае даволі часу, каб рупіцца пра нашыя просьбы, дык можна было прызначыць іншага, пра што мы вам ужо пісалі.

У афіцыйным адказе старшыні губвыканкаму гаварылася:

Прызначаючы свайго прадстаўніка, губвыканкам ведаў, каго й для чаго ён прызначае. Карыстаемся гэтай нагодай, каб паведаміць, што наш прадстаўнік цалкам у курсе сваіх функцыяў.