Выбрать главу

Скептыцызм Айкера што да мясцовага пэрсаналу будуць змушаныя падзяліць і наступныя кіраўнікі акругі. Эдвард Рэмі паведамляў у сакавіку 1923:

Камітэт складавых рабочых уручыў мне пэтыцыю з патрабаваньнем звольніць загадчыка складу. Яго абвінавачваюць у крадзяжы й перапродажы харчу. Я сустрэўся зь дзевяцьцю аўтарамі пэтыцыі, пасьля з загадчыкам складу й затым зьвёў іх разам. Такім чынам я ўведаў шмат чаго, што заставалася для нас невядомым. Я імгненна звольніў загадчыка й яшчэ пяць чалавек. Паколькі ўсе звольненыя належалі да розных груповак, я атрымаў дастаткова інфармацыі, каб паправіць справы. Зрэшты, страты не такія ўжо сур’ёзныя. Загадчыка абвінавачваюць у продажы рэшткаў, якія зьбіраліся цягам месяца, і выглядае, што аўтараў пэтыцыі больш за ўсё злавала тое, што яны не дзялілі прыбытак.

Напачатку асноўным клопатам АРА ў Віцебску была адрасная выдача харчовых пасылак, аплачаных у ЗША. Першую партыю картак-замоваў Айкер прывёз з сабою з Масквы й адразу пачаў збор новых. У мясцовай прэсе друкаваліся абвесткі, у канторы АРА афармляліся паштоўкі-замовы й перапраўляліся ў Амэрыку. У амэрыканскіх газэтах АРА таксама друкавала свае абвесткі, якія прыцягвалі ўвагу нацыянальных, рэлігійных і прафэсійных суполак. Хутка віцебскі адрас АРА стаў адным з найпапулярнейшых сярод габрэйскіх арганізацыяў Амэрыкі. У дакумэнтах АРА гэта тлумачылася рысай аселасьці й гістарычнымі акалічнасьцямі:

Ад часу пагрому 1881 году пачалася сталая плынь эмігрантаў з гэтай акругі ў Злучаныя Штаты, і кожны новы пагром стымуляваў яе. Менавіта з гэтае прычыны сума харчовых пасылак за сем месяцаў дасягнула амаль 200 тысяч даляраў.

16 лютага ў газэце «Известия Витебского губисполкома» зьявілася нататка пад загалоўкам «1052 пуды прадуктаў для беднякоў Лепелю ад працоўных габрэяў, якія эмігравалі ў Амэрыку». Паведамлялася, што эмігранты зь Лепелю праз АРА адпраўляюць пасылкі сваім землякам. У нататцы было ўдакладненьне, важнасьць якога Айкер неўзабаве ацэніць на практыцы:

Сакратар Нью-Ёрскага таварыства дапамогі Саламон Фрыдман паведамляе, што большая частка грошай сабраная з працоўных габрэяў. Багатыя габрэі не жадаюць дапамагаць у няшчасьцях сваім супляменьнікам, і таму нас просяць стварыць камітэт з прадстаўнікоў усіх клясаў, але большую частку іх павінны складаць працоўныя. Ура нашым амэрыканскім братам!

У красавіку было выдадзена 918 пасылак, у траўні 3498, у чэрвені 4097. Айкер пісаў у справаздачы:

Людзі прыяжджалі па пасылкі здалёк, і часам не пасьпявалі атрымаць да закрыцьця складу. Вяртацца з пустымі рукамі не хацелі, пераначаваць не было дзе, і тады кладаўшчыкі прапанавалі выйсьце: яны будуць працаваць дапазна, пасьля закрыцьця канторы. Разьлічвацца з кладаўшчыкамі мелі самі наведнікі, прыватным чынам.

Праца закіпела, аднак вырасла ня толькі выдача пасылак, але й колькасьць скаргаў. Адрасат Канцапольскі са смаленскага Рослаўлю пісаў у Маскву:

Прыехаў у Віцебск у панядзелак, кантора замкнёная й напісана ў вакне, што з нагоды другога дня Тройцы. Адно зло цягне за сабой другое. Назаўтра быў вялікі натоўп народу, а праз вакно відаць, што нашыя паненкі на абцасіках паварочваюцца, а народ як быдла таўчэцца. Прапусьцілі да абеду чалавек трыццаць, столькі ж пасьля абеду. Народ хваляваўся. Адзін гуманны малады чалавек выйшаў і супакоіў, што будуць працаваць пазьней. Сабралі па 500 000 рублёў, і за гадзіну пасьля часу закрыцьця было адпушчана нашмат болей, чым за ўвесь дзень. Назаўтра серада, тое ж самае, і пасьля часу закрыцьця папрасілі па 1 500 000 рублёў. Я пачуваўся пакрыўджаным і пайшоў, але што з таго, давялося з усходам валяцца ля плота, каб патрапіць зь першымі ў чаргу. Мушу сказаць, што адмаўляюся надалей ад паслугаў АРА, гэта адныя сьлёзы, такое маё ўражаньне.

Айкеру даводзілася змагацца адразу на чатырох франтох: ішла вайна зь мясцовымі ўладамі, трэба было пісаць тлумачэньні ў Маскву, даводзілася ваяваць са сваім пэрсаналам і абараняцца ў прамым сэнсе слова ад агрэсіўных наведнікаў:

Наш пэрсанал быў зь ліку жонак былых расейскіх консулаў ды іншых важных асобаў, і каб ня іхная беднасьць, іх бы звольнілі за дробны крадзеж. Аднойчы ўрадавы агент пагражаў правесьці ў канторы рэйд ЧК, што напалохала супрацоўнікаў толькі часова. Яшчэ прыклад удзячнасьці па-віцебску — чалавек, які ня здолеў прабіцца ў офіс без чаргі, плюнуў у твар амэрыканскаму прадстаўніку. Гэта, натуральна, вымагала адпору, які быў дадзены й зрабіў добрае ўражаньне на натоўп.