Наведнік, якога Айкер спусьціў з прыступак, аказаўся ўплывовым камуністам. У мясцовай газэце зьявіўся востракрытычны матэрыял пад загалоўкам «Да ведама АРА». Айкера абвінавачвалі ў антысэмітызьме й саркастычна камэнтавалі амэрыканскі досьвед у боксе. Габрэйскія актывісты-партыйцы паспрабавалі наняць найлепшага ў горадзе адваката й прыцягнуць Айкера да суду. Вывучыўшы абставіны інцыдэнту, адвакат адмовіўся ад справы.
Тымчасам Айкер правёў дасьледаваньне выдачы пасылак і рэвізію, пасьля чаго імгненна звольніў некалькі «гуманных» супрацоўнікаў і скасаваў начную зьмену. Аказалася, што амаль усіх наведнікаў можна абслужыць цягам звычайнага працоўнага дня.
Аднак задаволіць патрабавальную віцебскую публіку было цяжка: атрымальнікі пасылак расьпісваліся за прадукты й цяжка ўздыхалі: «Няма шчасьця!» Зьбянтэжаныя амэрыканцы доўга не маглі зразумець, у чым рэч. Высьветлілася, што пакрыўджаныя інтарэсы ўплывовай групы гандляроў — амэрыканскія прадукты прывялі да падзеньня коштаў на рынку. Гандляры й адрасаты дапамогі ў Віцебску нярэдка сумяшчаліся ў адной асобе. Айкер мусіў пакінуць усе спадзяваньні на ўдзячнасьць.
Зь лета пачаліся даставы мэдыкамэнтаў і іншай гуманітарнай дапамогі агульнага прызначэньня. У Віцебскай акрузе налічвалася ўжо 22 штатныя супрацоўнікі — інспэктары, шафёры, складавы пэрсанал. Нягледзячы на перашкоды, амэрыканцы пашыралі склады, рамантавалі офісы, вучылі супрацоўнікаў, узмацнялі ахову — былі пасьпяхова перапыненыя некалькі спробаў рабаўніцтва. У адной са справаздачаў мімаходзь згадваюцца ўмовы, у якіх дзейнічала АРА:
Летам па нашай машыне некалькі разоў стралялі салдаты, у бальшыні ад няведаньня, а аднойчы вар’яты.
Айкер невыпадкова напіша пра здарэньне без ацэнак і камэнтароў, як пра звычайную рэч. Бандытызм і ўзброеныя напады не былі рэдкасьцю на пасьляваеннай Віцебшчыне. 27 студзеня 1923 быў забіты агент, які вёз 12 пасылак АРА ў Воршу, разам зь ім загінулі два спадарожнікі. За дзесяць дзён вакол Віцебску было забіта 15 чалавек. Міліцыя арыштавала 12 чалавек, якія прызналіся ў злачынствах і былі расстраляныя. Матыў усіх нападаў — рабаўніцтва, прычына — галеча.
Неўзабаве дастава вырасла да 600–700 пасылак у дзень, а аднойчы дасягнула 1150, — але хутка пайшла ўніз. На ўстрывожаны запыт Маскоўскае штаб-кватэры Айкер мусіў паведаміць пра новую нечаканую перашкоду.
Гэтым разам працы заміналі не карысьлівыя супрацоўнікі, не крывадушныя ўлады, не наравістыя адрасаты, а іншая амэрыканская дабрачынная арганізацыя — Джойнт.
Пазыцыя АРА — дапамогу павінны разьмяркоўваць тыя, каму яна адрасаваная. Улады могуць толькі наглядаць, каб не было злоўжываньняў. Аднак прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў склад камісіяў Джойнту, і адрасаты АРА сталі атрымліваць пагрозы арышту, канфіскоўвалі сьпісы, рэквізаваліся нават паштовыя маркі.
28 чэрвеня Айкер скардзіцца: Джойнт зайшоў так далёка, што захапіў частку гуртавых пасылак АРА для свайго выкарыстаньня. Айкер прапанаваў нават спыніць даставу харчу для дзіцячага дому, якім апекаваўся Джойнт, пакуль гэтая арганізацыя не адмовіцца ад такіх мэтадаў і не палагодзіць канфлікту.
Праз тры дні Айкер зноў зьвяртаецца да дырэктара АРА Ўільяма Гаскела:
Мы ня бачылі ўпаўнаважанага ўладаў ужо тры месяцы, і губвыканкам ігнаруе ўсе нашыя лісты. З другога боку, улады не прамінаюць выпадку зрабіць нам непрыемнасьць праз камітэт Джойнту.
Ціск на Айкера нарастаў. Афіцыйны прадстаўнік губвыканкаму адмаўляўся ўступаць у любыя кантакты й вырашаць праблемы. У Віцебск прыбыў доктар Ралф Герц, і ўсё было гатова для пачатку мэдычнае дапамогі, але перадаць лекі й абсталяваньне ў шпіталі аказалася немагчыма: улады хацелі рабіць гэта самі, бяз АРА. Мэдычны камітэт зь мясцовых лекараў, скліканы Айкерам, ня быў прызнаны губаддзелам аховы здароўя. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося разьмеркаваць адзін вагон дапамогі.
Напярэдадні чарговай вялікай даставы мэдыкамэнтаў у Віцебск прыбыў лекар зь Менску Фрэнк Вілі — і адбыў назад ні з чым. Губвыканкам прызначыў свой камітэт з правераных камуністаў, якія, аднак, не былі лекарамі, і тады іх не прызнаў кіраўнік Віцебскай акругі.
Скаргі на Айкера, што меў даволі моцны характар, ішлі як ад уладаў, гэтак і ад актывістаў Джойнту, якія таксама рэпрэзэнтавалі ўлады. У Маскоўскай штаб-кватэры пачалі прыходзіць да высновы, што брак супрацоўніцтва зь мясцовымі ўладамі становіцца галоўным тормазам працы.