Выбрать главу

Яшчэ ў чэрвені Айкер пачынаў сваю справаздачу ў Маскву аптымістычна:

Усё, што тычыцца мэдычнай дапамогі ў Віцебскай акрузе, добра рухаецца наперад. Зразумела, губаддзел аховы здароўя стварае пэўны клопат, але мы спадзяёмся хутка палагодзіць справы. Чыгуначнікі не залежаць ад губаддзелу, і зь імі асабліва прыемна працаваць. Калі губаддзел захоча зноў блякаваць нашу працу, мы можам цалкам перанесьці яе на чыгуначнікаў.

Кіраўніцтва АРА не падзяліла ні аптымізму кіраўніка акругі, ні зьмены курсу на дапамогу прафэсійнай групе чыгуначнікаў, якая й без таго пачувалася параўнальна няблага. Трывожылі абвінавачаньні ў антысэмітызьме й поўны разрыў сувязяў зь мясцовымі ўладамі. У адным з амэрыканскіх дакумэнтаў, напісаным амаль праз год пасьля падзеяў, сытуацыя была падагульненая наступным чынам:

Інтрыгі супраць містэра Айкера пачалі прыносіць плён.

21 чэрвеня на месца сакратара акругі Макмілана, які вяртаўся ў Амэрыку, зь Петраграду прыбыў Доналд Ліндсэй. Напачатку ліпеня Айкер атрымаў новае прызначэньне — у Саратаў — і пачаў перадачу справаў новаму сакратару, які мусіў часова выконваць абавязкі кіраўніка акругі. Таксама напачатку ліпеня атрымаў віншаваньні з посьпехам і склаў абавязкі ўпаўнаважанага пры АРА віцебскі пракурор і прафэсар камуністычных навук Канаплін.

11 ліпеня першы кіраўнік Віцебскай акругі АРА Джон Айкер разьвітаўся з калегамі й выехаў на працу ў эпіцэнтар голаду — на Волгу.

22

Віцебск: няхай жыве й квітнее Амэрыка!

Кадравая карусэль. — Сувязь з ГПУ. — Дзіўны арышт. — Упаўнаважаны хваліцца. — Краўцы бяз вопраткі, шаўцы бяз чобатаў. — Ліст у Каліфорнію. — Спадчына Анкера. — Ex Occidente lux — сьвятло з Захаду

У кабінэт кіраўніка акругі АРА былі запрошаныя два чалавекі: жанчына, якая прыйшла па сваю пасылку, і мясцовы супрацоўнік. На пытаньне, ці ведаюць яны адно аднаго, абодва адказалі адмоўна. Калі жанчына на просьбу ўпаўнаважанага напісала сваё прозьвішча — Енкіна — і расьпісалася, подпіс параўналі з почыркам у даверанасьці на атрыманьне трох пасылак, якую меў супрацоўнік АРА прозьвішчам Канстанцінаў. Почыркі не супалі. Падробка была відавочная.

У кабінэце быў яшчэ адзін чалавек. Ён пазваніў начальніку губэрскага крымінальнага вышуку й папрасіў прыслаць канвой.

Так пачаўся дзень 1 жніўня для Доналда Ліндсэя, які выконваў абавязкі кіраўніка акругі пасьля ад’езду Джона Айкера. Пры вочнай стаўцы прысутнічаў новы ўпаўнаважаны губвыканкаму Шымялёвіч. Празь месяц у сваёй першай справаздачы ў Маскву ўпаўнаважаны паведаміць:

Усталяваны шчыльны кантакт паміж мною й ГПУ.

Пасьля ад’езду Айкера й адстаўкі пракурора Канапліна на месца ўпаўнаважанага быў адразу прызначаны нехта Пайкін, але пратрымаўся на пасадзе толькі тыдзень. Выглядала, што ўлады ў Маскве таксама турбавалі канфлікты ў Віцебску, і з апарату Ландэра вырашылі прыслаць свайго чалавека. Так 20 ліпеня ў Віцебску зьявіўся лекар Шымялёвіч.

Новы пачатак ў дачыненьнях АРА й віцебскіх уладаў быў шматабяцальны. Штодзень па дарозе на працу Ліндсэю прапанавалі купіць амэрыканскія прадукты. Ля складоў АРА працаваў рынак, дзе зьмесьціва пасылак прадавалі й абменьвалі на іншыя прадукты й рэчы. Не пасьпеў Ліндсэй выказаць сваю занепакоенасьць, як новы прадстаўнік імгненна выдаў пастанову зьліквідаваць базар. Таксама разьвязаўся працяглы канфлікт з аўтабазаю губвыканкаму. Айкер абвінаваціў начальніка аўтабазы ў самавольным захопе аўтамабіля АРА, той апраўдваўся, што меў дазвол на паездку ў Смаленск, але амэрыканец забыўся пра гэта. Ліндсэй і Шымялёвіч пагадзіліся лічыць інцыдэнт непаразуменьнем.

Празь месяц у сваёй першай справаздачы ў Маскву Ландэру новы ўпаўнаважаны адзначыў, што ўвесь папярэдні пэрыяд амэрыканцы ў Віцебску працавалі без нагляду ГПУ. Зь ягоным прыездам сытуацыя памянялася. Першая справаздача за пэрыяд 20 ліпеня — 1 верасьня заняла 11 старонак і складалася з 14 разьдзелаў, прысьвечаных выдачы пасылак, мэдычнай дапамозе, дзіцячаму харчаваньню, узаемадачыненьням амэрыканцаў зь мясцовымі ўладамі. Найбольшы разьдзел быў названы «Арышт супрацоўніка АРА гр. Канстанцінава». Шымялёвіч, які падпісваўся як «лекар», сьведчыў пільнасьць, уласьцівую супрацоўнікам ня толькі гэтае прафэсіі:

Ужо зь першага дня мае працы ў АРА супрацоўнік Канстанцінаў прыцягнуў маю ўвагу як сваімі паводзінамі, гэтак і шырокім ладам жыцьця.