Канстанцінава дапытвалі, шукалі суўдзельнікаў, але той адпіраўся, сьцьвярджаў, што даверанасьць купіў, а пячатку набыў у незнаёмага супрацоўніка губсаўнаргасу ў рэстаране. Нікога знайсьці не ўдалося, і праз тры тыдні крымінальны вышук палічыў сваю працу завершанай. Але справу Канстанцінава не перадалі ў суд і самога яго ня вызвалілі. Упаўнаважаны губвыканкаму пераслаў справу ў ГПУ. У справаздачы ў Маскву Шымялёвіч дакладаў:
Канстанцінаў, 1906 г.н., сын былога дырэктара дзяржбанку ў Віцебску, скончыў юнкерскую вучэльню, змагаўся на Ўрангельскім фронце супраць Савецкай Расеі, быў паранены, кантужаны, па адступленьні патрапіў у Канстантынопаль. Адтуль паехаў да бацькі ў Парыж, дзе бацька ёсьць чальцом Расейскага ўраду ў Францыі. У Расею вярнуўся па амністыі, у АРА паступіў толькі таму, што АРА ведае ягонага бацьку (словы Канстанцінава). У АРА паступіў 7 лютага. Пры ім знойдзенае пасьведчаньне Чырвонага Крыжа ў Віцебску, што ў пэрыяд з 6 па 20 лютага знаходзіўся на лячэньні ў лязарэце з агняпальным раненьнем у грудзі.
Сукамэрнікам у турме Канстанцінаў расказваў, што ваяваў супраць Чырвонай арміі на паўднёвым фронце, быў засуджаны на расстрэл, але ўцёк. Аднак падчас допыту ён нечакана заявіў, што служыў у ЧК. Месцам службы назваў Кіеў. Далейшае сьледзтва было спыненае, матэрыялы ў суд не паступілі. Канстанцінаў быў перапраўлены зь Віцебску ў распараджэньне асобага аддзелу Кіеўскай ваеннай акругі.
У сваёй першай справаздачы ў Маскву новы ўпаўнаважаны Шымялёвіч так ацаніў працу АРА за час да свайго прыезду:
Галоўнай мэтай АРА было толькі разьмеркаваньне індывідуальных дзесяцідаляравых пасылак… Пастаянна напружаная атмасфэра, разыходжаньні, непаразуменьні… Айкер усё ацэньваў з гледзішча парушэньня Рыскага пагадненьня… Такі, у кароткіх рысах, агляд дзейнасьці АРА са студзеня па ліпень — пэрыяд няспынных спрэчак паміж губвыканкамам і Айкерам, якога перасьледуе манія парушэньня паўсюль і ўсімі Рыскага пагадненьня.
Далей Шымялёвіч паведамляе:
20 ліпеня я ўступіў у выкананьне абавязкаў паўнамоцнага прадстаўніка губвыканкаму. Дачыненьні губвыканкаму й АРА з гэтага моманту набываюць цалкам нармальны характар.
Дзеля падмацаваньня Шымялёвіч прыклаў да справаздачы нататку з газэты «Известия Витебского губисполкома» ад 31 жніўня пад назвай «Дзейнасьць АРА ў Віцебску». Артыкул меў падзагаловак «З гутаркі з прадстаўніком віцебскага аддзяленьня АРА». Публікацыю пачынала набраная буйным шрыфтам на дзьве калёнкі ўрэзка:
Ад пачатку сваёй дзейнасьці да 1 верасьня віцебская кантора АРА разьмеркавала да 60 000 пудоў харчаваньня на суму адзін трыльён рублёў. Разьмеркаваныя 4 вагоны з мэдыкамэнтамі, якімі забясьпечаныя амбуляторыі, шпіталі й дзіцячыя дамы. Распачатае хадайніцтва перад Масквой аб харчаваньні мясцовых студэнтаў.
Хадайніцтва распачаў ня хто іншы, як хворы на манію парушэньня пагадненьняў Джон Айкер. Нягледзячы на канфлікты, якімі былі пазначаныя паўгоду працы ў Віцебску першага кіраўніка акругі, аказалася, што й зроблена нямала, і АРА займела высокую рэпутацыю па-за сьценамі губвыканкаму. Выглядала таксама, што калі пра гэта не гаварылі адкрыта, дык прызнавалі і ў самім губвыканкаме. Менавіта з губвыканкаму, які афіцыйна апошнія тры месяцы не кантактаваў з Айкерам, у кантору АРА перадалі засьведчаную пячаткай просьбу дапамагчы вучням.
Ліст быў падпісаны будучымі шаўцамі, сталярамі й швачкамі, якія рэпрэзэнтавалі шэсьць віцебскіх прафэсійна-тэхнічных вучэльняў. Напачатку ліста амэрыканцам даволі лірычна тлумачылі сэнс гэтых установаў:
Раней гэтыя падлеткі мусілі б ісьці вучыцца да саматужнікаў і праводзіць свае маладыя гады пад вечным біцьцём сярод пакутаў і адначасова не атрымліваць ніякай адукацыі, заставацца затурканымі, цёмнымі, неадукаванымі людзьмі.
Так было. Стала:
ПТВ рыхтуюць з падлеткаў майстроў, не прымушаюць іх цярпець зьнявагаў чалавечай годнасьці і ўводзяць іх у галіну высокіх дасягненьняў культуры й цывілізацыі.
Каб амэрыканцы лепш ацанілі перамены, прынесеныя рэвалюцыяй у Віцебск, аргумэнты паўтараліся яшчэ раз:
Раней шэры затурканы падлетак мусіў няньчыць дзяцей у свайго майстра, даглядаць жывёлу, цярпець біцьцё й зрэдку з сумам марыць аб прывольным жыцьці школьнікаў. Цяпер жа падлетак вучыцца працы зь дзясяткамі сваіх адналеткаў у школьным памяшканьні, мае ўтульны дах над галавой і працуе толькі тады, калі гэта не перашкаджае разьвіцьцю ягонага арганізму, і ў вольны час займаецца разьвіцьцём свайго інтэлекту.