Аднак паколькі на мэце было атрыманьне амэрыканскай дапамогі, ідэальная частка на гэтым сканчалася й пачыналася больш рэалістычнае апісаньне ПТВ швейнікаў:
З 58 падлеткаў круглыя сіроты — 8 %, бяз бацькі — 43 %, бяз маці — 13 %, усяго сіротаў 64 %. Амаль усе мусяць харчавацца за свой мізэрны заробак (500 000 за месяц). Ня варта думаць, быццам астатнія 36 % добра харчуюцца, бо ў бальшыні ў сям’і 5–6 чалавек, зь якіх працуюць сама больш два. Натуральна, што ў такіх умовах дзеці вымушаныя часткова недаядаць, а часткова літаральна галадаць. Іхны крохкі дзіцячы арганізм разбураецца й лёгка паддаецца хваробе. У згаданай школе нярэдкія выпадкі, калі падлетак самлее ля сваёй кравецкай машынкі.
Аўтары ліста далей працягваюць апісаньне новага быту: вучні жывуць у брудных падвалах, пазбаўленых сьвятла, цяпла і ўтульнасьці, бракуе вопраткі й абутку. Пасьля пераходзяць да ўмоваў навучаньня «высокім дасягненьням цывілізацыі»:
Ня лепшыя справы з навучальнымі дапаможнікамі. Няма ані кніг, ані сшыткаў, ані прыстойных машынаў, ані варштатаў. Такая сытуацыя характэрная ня толькі для згаданых школаў, а для ўсіх бяз вынятку ПТВ.
Ліст сканчаўся просьбамі арганізаваць абеды для 430 чалавек, забясьпечыць навучэнцаў цёплай вопраткай, падручнікамі й абсталяваньнем. Подпісы былі засьведчаныя круглаю губэрскаю пячаткаю.
Айкер пераслаў зварот у Маскву й далучыў свае аргумэнты, але з Маскоўскай штаб-кватэры прыйшла адмова — пакуль усе дабрачынныя рэсурсы забірала Волга.
Публікацыя ў «Известиях Витебского губисполкома» ўвогуле ставіла пад сумнеў ранейшую тэлеграму Эйдука пра характар працы АРА ў Віцебску, быццам скіраванай вылучна на выданьне адрасных пасылак прыватным асобам. Высьветлілася, што ў дадатак да 18 343 адрасных пасылак было таксама разьмеркавана 1356 дабрачынных пасылак. Яшчэ ў траўні віцебская АРА атрымала груз дабрачыннай дапамогі з Чэхаславаччыны, ад фонду газэты «Prager Tagblatt». Айкер тады паведамляў у Маскву:
Адзін з атрымальнікаў нядаўна пацярпеў вялікія страты ад пажару й залежыць цяпер ад дабрачыннасьці. Трое іншых падзялілі адну пасылку, яны належаць да клясы інтэлігентных людзей, якія займаюць адказныя пасады на паўгалодным заробку. Дапамога таксама была выдадзеная мастаку, хвораму з-за нястачы ежы, мастацкія здольнасьці якога высока цэняць ягоныя калегі.
Лісты ўдзячнасьці ад мастака й іншых былі таксама адпраўленыя ў Прагу.
Амэрыканскія прадукты прывялі да значнага падзеньня коштаў на мясцовых рынках, і ад гэтага выйгралі ўсе пакупнікі, прызнавала газэта. З артыкула таксама вынікала, што віцебскай АРА ўдалося пераканаць сваё цэнтральнае кіраўніцтва ў неабходнасьці пашырыць мэдычную дапамогу для акругі:
За апошні тыдзень сярод дзіцячых дамоў і мэдустановаў разьмеркавана: 23 575 ярдаў простай і стэрылізаванай нітніцы, 5700 ярдаў паркалю, 900 ваўняных коўдраў, 5000 пакетаў першай дапамогі, 1234 прасьціны, 2724 бахматыя ручнікі й вялікая колькасьць іншага інвэнтару й мэдыкамэнтаў. Апроч таго, днямі атрыманая перасоўная дэзынфэкцыйная камэра.
У чэрвені, за месяц да ад’езду, Айкер сустракаўся з прафэсарамі віцебскіх інстытутаў, якія перадалі яму пэтыцыю аб дапамозе. Айкер вырашыў зьвярнуцца ў сваю альма-матэр — у Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі. У суправаджальным лісьце ён пісаў:
Джэнтэльмэны, чые подпісы стаяць пад гэтым дакумэнтам, ёсьць годнымі рэпрэзэнтантамі тае моцна панішчанае й амаль зьніклае клясы інтэлігентных людзей, якія некалькі гадоў таму вучылі моладзь Расеі ў добра абсталяваных інстытутах. Цяпер жа, апроч таго, што іх менш, ім недастаткова плацяць і яны недастаткова ядуць, іхныя клясы й лябараторыі практычна без абсталяваньня. Прычына, дзеля якой іхная просьба перададзеная ў вашую ўстанову, — тая, што калі прафэсары змогуць атрымаць патрэбныя рэчы й такім чынам здолеюць лепш вучыць сваіх студэнтаў, — тыя, у сваю чаргу, зробяць найлепшыя высілкі дзеля вызваленьня Расеі са стану голаду.
Айкер накіраваў такі самы ліст ва ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса ў Балтымары.
Празь некалькі месяцаў у віцебскую кантору АРА прыйшоў ліст, які пачынала цытата з Эвангельля:
Я быў галодны, і вы накармілі мяне, я прагнуў, і вы далі мне напіцца.
Да ліста была прыкладзеная кніга, якая расказвала пра заслугі аўтара, прафэсара Аляксея Сапунова, у дасьледаваньні гісторыі Віцебшчыны. Археограф, краязнавец, заснавальнік царкоўна-археалягічнага музэю, былы дэпутат Дзяржаўнай думы й стацкі саветнік пісаў: