Выбрать главу

Нягледзячы на крытыку на адрас АРА, Шымялёвіч прызнаваў неабходнасьць амэрыканскай дапамогі. У самай першай справаздачы ў Маскву віцебскі ўпаўнаважаны выклаў адзінаццаць просьбаў — ад пашырэньня паўнамоцтваў да вылучэньня дадатковых грошай і штату, неабходных для пасьпяховай працы. Першым пунктам ішла агульная просьба да Ландэра:

Спрыяць са свайго боку пашырэньню дзейнасьці мясцовай канторы АРА ў галіне дзіцячай, мэдычнай, у адкрыцьці сталовак і гэтак далей з прычыны цяжкага становішча дзяцей Паволжа, а гэтаксама ўсяго насельніцтва, якое пацярпела ад стыхійнага бедзтва.

Віцебскі губэрскі камітэт партыі меў іншы погляд і зьвярнуўся ў ЦК РКП(б):

Беручы пад увагу непатрэбнасьць і нават шкоднасьць знаходжаньня АРА на тэрыторыі Віцебскай губэрні як прыфрантавой паласы, і з улікам таго, што АРА перш за ўсё арганізуе свае базы ў гэтак званых стратэгічных пунктах і што яна, як прыхаваная ваенная арганізацыя, ставіць варожыя РСФСР мэты, губкам хадайнічае перад ЦК аб недапушчэньні дзейнасьці АРА ў Віцебскай губэрні.

У верасьні ў Маскве адбылася агульная канфэрэнцыя ўпаўнаважаных пры замежных арганізацыях дапамогі. Калі Шымялёвіч вярнуўся з канфэрэнцыі, дык адразу прыпыніў выдачу мэдычных паставак. На сустрэчы з Брэндам ён стаў з падвоенай настойлівасьцю зноў дамагацца беспасярэдняга ўдзелу ў разьмеркаваньні дабрачыннай харчовай дапамогі. Уражаны новай непасьлядоўнасьцю, Брэнд паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:

Я пераказваю ўсё гэта, каб толькі паказаць, з чым мы хутчэй за ўсё сутыкнёмся ў будучыні. Гэта, безумоўна, вынік апошняе канфэрэнцыі, і ён не абяцае бесьперашкоднай працы.

Брэнд не памыляўся наконт будучыні й таму, мабыць, ня надта шкадаваў, калі 5 кастрычніка Шымялёвіч раптоўна выехаў у Маскву дзеля прыватнай, як ён сказаў, справы — і не вярнуўся. Падсумоўваючы пазьней узаемадачыненьні з уладамі пасьля ад’езду першага кіраўніка акругі Айкера й адстаўкі ўпаўнаважанага Канапліна, Брэнд пісаў:

Быў прызначаны новы ўпаўнаважаны ў справах АРА прозьвішчам Пайкін. Ён пратрымаўся на пасадзе тыдзень, і яго зьмяніў супрацоўнік з маскоўскага апарату ўпаўнаважаны Шымялёвіч. Новы ўпаўнаважаны паспрыяў вызваленьню вяліскага рабіна. Але ў Віцебску жыцьцё савецкага прадстаўніка нядоўгае, і пасьля паездкі ў Маскву прадстаўнік апарату Ландэра паведаміў, што ня вернецца.

25 верасьня з Маскоўскай штаб-кватэры ў Віцебск прыйшла тэлеграма: у акрузе пачынаецца праграма дзіцячага харчаваньня, якой дамагаўся яшчэ Джон Айкер. Патрабуецца новы склад, трэба наняць інспэктараў і арганізаваць іхную працу, вызначыць адрасатаў. Месца Шымялёвіча заставалася вакантным, і адзінай асобай, якая магла вырашаць пытаньні АРА, нечакана стаў старшыня губвыканкаму Крылоў. Брэнд пісаў:

У гэты пэрыяд дачыненьні ўладаў і АРА былі самымі сардэчнымі за ўвесь час — зь дзьвюх прычынаў: характар старшыні (малады чалавек раней служыў на флёце) і той факт, што Віцебская акруга атрымала 5000 рацыёнаў дзіцячага харчаваньня для закрытых установаў. Калі старшыня губвыканкаму гаварыў, што нешта будзе зроблена, гэта рабілася. Калі яму сказалі, што патрабаваньні перадаць пастаўкі ў аддзелы губвыканкаму ці камітэту, які б стаяў над кіраўніком акругі, немагчымыя з прычыны палітыкі АРА, ён прыняў гэта як факт і не спрабаваў прымусіць кіраўніка акругі да кампрамісаў.

Нягледзячы на спрыяльнае стаўленьне, вырашаць штодзённыя справы кожны раз з кіраўніком губэрні было нязручна. І калі новым упаўнаважаным пры АРА быў прызначаны старшыня губэрскага аддзелу аховы здароўя Елізары Зэліксон, Брэнд нават узрадаваўся:

Новы прадстаўнік быў ворагам свайго папярэдніка, і будучыня выглядала ружовай, калі ён заявіў, што хоча супрацы, і даў зразумець, што ягоныя мэтады будуць супрацьлеглыя тым, якімі карыстаўся чалавек зь ведамства Ландэра.

Ці то Брэнд недаацэньваў папярэдняга ўпаўнаважанага Шымялёвіча, ці пераацэньваў новага, але неўзабаве яму давялося пераканацца, што віцебская рэчаіснасьць больш складаная.

Зь Менску зноў прыехаў лекар Фрэнк Вілі, і разам з Брэндам яны адправіліся ў Полацак, каб агледзець гарадзкі шпіталь і дзіцячыя дамы. У шпіталі амаль не было мэдыкамэнтаў і абсталяваньня, але амэрыканцы былі ўражаныя чысьцінёй, парадкам і надзвычай добрай арганізацыяй працы. Вілі склаў сьпіс, і ў Віцебску падрыхтавалі ўсё для перадачы. Але калі лекар з Полацку прыбыў у губэрскі цэнтар, яго сустрэў загад: дапамогі ня браць. Яна не была папярэдне ўхваленая губаддзелам аховы здароўя.