Выбрать главу

Пачаліся спрэчкі: араўцы гаварылі пра сваё права беспасярэдне дапамагаць тым, каго яны вызначылі, Зэліксон настойваў на афіцыйным пасярэдніцтве. Афіцыйнага камітэту разьмеркаваньня дапамогі не прызнавалі амэрыканцы, другога камітэту не прызнавала віцебскае начальства. Неўзабаве Брэнд напісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:

Мы патлумачылі ўпаўнаважанаму, што дзякуючы такой тактыцы Віцебск ужо страціў шмат вагонаў мэдыкамэнтаў, і ягоныя афіцыйныя пасланьні пакінулі вельмі адмоўнае ўражаньне. Ён адразу пачаў выбачацца й зрабіў заяву, якую мы заўсёды згадваем у падобных выпадках. «Што я магу зрабіць, калі з апарату таварыша Ландэра патрабуюць, каб я рабіў адно, з выканкаму — другое, з губаддзелу аховы здароўя — трэцяе, і ніводнае з гэтых патрабаваньняў не задавальняе вас».

Асаблівую насьцярожанасьць упаўнаважанага выклікала гуртовая дапамога, якую дабрадзеі з Амэрыкі прызначалі канкрэтным групавым адрасатам (габрэям у мястэчку, лекарам ці навукоўцам). Спачатку Брэнд і Зэліксон дамовіліся, што пры раздачы будуць прысутнічаць прадстаўнікі мясцовых выканкамаў і, у разе праблемаў, яны змогуць прыпыніць выдачу. Усё ішло добра, пакуль упаўнаважаны ня ўведаў, што гэтым роля выканкаму й абмяжоўвалася. Выканкамы не дадавалі й не выкрэсьлівалі імёнаў атрымальнікаў. Зэліксон запатрабаваў, каб ніводны багацей не атрымліваў пасылак, назваў АРА буржуазнай арганізацыяй і папярэдзіў, што гуртовая дапамога стварае выдатную глебу для контрарэвалюцыі.

Брэнд пісаў:

Калі яму сказалі, што пры самым нязначным сьведчаньні, быццам кіраўнік акругі ці любы супрацоўнік АРА займаецца такой дзейнасьцю, усё, што ад яго патрабуецца, — напісаць у Маскву й дадаць доказы, ён адразу стаў шматслоўным і падрабязным наконт асабістай сумленнасьці віцебскіх супрацоўнікаў, але вось жа няма такой упэўненасьці пра АРА як арганізацыю.

Справу пераслалі ў Маскву ў апарат Ландэра — адтуль у губвыканкам прыйшло ўказаньне не перашкаджаць выдачы такой адраснай дапамогі. Сытуацыя зноў абвострылася, калі ў Віцебск стала паступаць гуртовая дапамога агульнага прызначэньня, разьмяркоўваць якую меў права сам кіраўнік акругі. У кантору АРА, а не ў губвыканкам пайшлі просьбы з усёй губэрні. Улады адчулі пагрозу свайму аўтарытэту. На хуткую дапамогу з Масквы асабліва спадзявацца не выпадала, і было вырашана паўзьдзейнічаць на амэрыканцаў іншым чынам.

Зэліксон меўся падрыхтаваць выступ у друку са сьпісам прэтэнзіяў да АРА, але перад публікацыяй папярэдзіць Брэнда й паспрабаваць дамагчыся саступак. Апроч галоўнай хібы — адхіленьня ўладаў ад разьмеркаваньня пасылак, АРА вінавацілі ў дрэннай арганізацыі мэдычнае дапамогі, няправільным падыходзе да сіротаў, якіх кармілі толькі ў дзіцячых дамох, дзе амэрыканцы пабывалі з інспэкцыямі. Як прыклад прыводзілася місія Нансэна, якая перадавала ўсю дапамогу афіцыйным уладам.

Прафіляктычная сустрэча прайшла досыць нэрвова. Брэнд паведамляў у Маскоўскую штаб-кватэру:

Упаўнаважаны запатрабаваў, каб усе звароты па дапамогу праходзілі празь ягоны офіс. Мы адказалі, што маем права на свабоду кантактаў. Ён запярэчыў, што, калі ўсё ня будзе праходзіць празь ягоны офіс, ён ня зможа кантраляваць дзейнасьці АРА. Я палічыў да дзесяці й сказаў, што ў нашым разуменьні ягоная задача не кантраляваць, а дапамагаць нам. Я думаў, ён перастане ўжываць слова «кантроль», але ён працягваў і заявіў, што менавіта гэтага чакае ад яго выканкам.

Брэнд паказаў упаўнаважанаму тоўсты стос просьбаў аб дапамозе. Той заявіў, што палову іх ён сам бы лёгка выкрасьліў са сьпісу, і амэрыканцам ня трэба было б увогуле сустракацца з гэтымі асобамі. Брэнд адказваў, што праверка просьбаў аб дапамозе ўваходзіць у ягоныя абавязкі й ён мусіць мець магчымасьць свабодных сустрэчаў.

Неўзабаве выступ з крытыкай быў надрукаваны і ўтрымліваў усе ацэнкі й абвінавачаньні, пра якія папярэджваў упаўнаважаны, — за выняткам аднаго патрабаваньня. Брэнд пісаў:

Упаўнаважаны сам сябе перамог, бо ў апошнім абзацы гаварылася, што ўсе звароты павінны адрасавацца беспасярэдне нам. Мы зьдзівіліся, калі пабачылі гэты абзац, бо якраз мелі працяглую гутарку пра наўпроставыя звароты й патрабавалі гэтага права.