Выбрать главу

Але публікацыя была толькі пачаткам каляднага наступу на АРА, які супаў з адсутнасьцю ў Віцебску ўпаўнаважанага.

Прыходзіў з праверкай прадстаўнік губстраху й высьвятляў, як тут апякуюцца здароўем супрацоўнікаў. Гэта быў ужо другі візыт. Яму зноў паказвалі пагадненьне, паводле якога АРА ня несла абавязкаў страхаваньня. Аднак неўзабаве Брэнд атрымаў чарговы ліст з патрабаваньнем патлумачыць, чаму супрацоўнікі не застрахаваныя.

28 сьнежня віцебская пошта прыслала папярэджаньне, што больш ня будзе прымаць бясплатных тэлеграмаў ад АРА (падобныя выдаткі пакрываліся коштам мясцовых уладаў).

Раптоўна пагоршыліся дачыненьні зь Віцебскай чыгункай. Стаялі маразы, і склады на чыгунцы патрабавалі абагрэву. Зэліксон прапанаваў, каб АРА сама паставіла печкі, а аплату губвыканкам зробіць пазьней. Брэнд ведаў, што атрымаць грошы ад губвыканкаму хутчэй за ўсё ня ўдасца. Але каб не перапыняць выдачы пасылак, араўцы ўсталявалі часовае ацяпленьне.

Чыгунка запатрабавала зьліквідаваць печкі й падаць дакумэнты, на падставе якіх амэрыканцы займалі склады. Спасылка на губвыканкам не задаволіла чыгуначнікаў, і за дзень да Новага году ў АРА прыйшоў ліст з патрабаваньнем прыбраць печкі й неадкладна вызваліць памяшканьні — іначай гэта будзе зроблена з дапамогай ГПУ. Чыгунка таксама папярэдзіла, што будзе браць штраф за грузы, якія прастойваюць у вагонах.

Не пасьпеў Брэнд адбіцца ад чыгуначнікаў, як у той самы дзень, 30 сьнежня, атрымаў ліст з патрабаваньнем даць памяшканьне канторы для ўстаноўчага прафсаюзнага сходу й не перашкаджаць яго правядзеньню. Брэнд спаслаўся на Рыскае пагадненьне й адмовіўся. У адказ прагучалі пагрозы.

На адрас упаўнаважанага Мар’яна Стакоўскага зь Віцебскага губвыканкаму пайшла скарга на бязьдзейнасьць Брэнда й Герца: дапамогі ад АРА амаль ніякай. Стакоўскі паказаў скаргу кіраўніку Менскай акругі Чарлзу Ўілабі й пераслаў скаргу ў Маскву.

З Масквы Брэнд атрымаў суцяшэньне ад кіраўніка АРА Сырыла Кўіна:

Вашыя дачыненьні зь мясцовымі органамі ўлады характэрныя для ўсіх акругаў. Розныя арганізацыі спазматычна спрабуюць узяць пад свой кантроль нашых супрацоўнікаў. Нашая палітыка была й застаецца нязьменнай: абсалютна не ўступаць ні ў якія дыскусіі й спрэчкі зь імі й не рабіць розьніцы пры прыёме на працу паміж чальцамі й не чальцамі саюзаў. Мы ўпэўненыя, што тактоўнасьць і цярплівасьць з вашага боку не дазволяць гэтым спазматычным спробам прынесьці вам турботы.

Цярплівасьці Брэнду сапраўды патрабавалася шмат. Межы Віцебскай акругі АРА не супадалі зь межамі губэрні: амэрыканцы апекаваліся дзіцячымі ўстановамі ў Неўлі, Смаленску, Вязьме, Рослаўлі, Магілёве, часткова на Гомельшчыне. Калі перад Новым годам Брэнд папрасіў дапамагчы здабыць праязныя дакумэнты на чыгунку, каб наведаць шэраг кухняў, упаўнаважаны Зэліксон спаслаўся на інструкцыю з апарату Ландэра, якая забараняла рабіць такія паслугі для амэрыканцаў. Апроч таго, Зэліксон паведаміў, што яго не цікавяць патрэбы АРА па-за межамі Віцебскай губэрні.

Брэнд у сваім паведамленьні ў Маскоўскую штаб-кватэру пра віцебскую калядную калатнечу паразы не прызнаваў:

Мы лічым непажаданым з прычыны транспарту прыпыняць харчовую дапамогу па-за межамі Віцебску, хаця пасьля таго, як давялося зьбіраць вошы па ўсім целе пасьля падарожжа на лодцы па Дзьвіне, я маю такія-сякія падозраньні й што да спальнага вагону.

У ноч на Новы год Брэнд наведаў дзіцячы дом, дзе жылі дзеці ўцекачоў з Волгі. Установа атрымлівала амэрыканскае харчаваньне й мэдычную дапамогу й лічылася адной зь лепшых у сыстэме народнай асьветы. З нарасьветай Брэнд працаваў напрасткі, без пасярэдніцтва Зэліксона, і быў задаволены вынікамі. Кіраўнік акругі бачыў дзяцей пяць месяцаў перад тым і цяпер адзначаў іх значна лепшы выгляд. Прадстаўнік нарасьветы выступіў з навагоднім віншаваньнем, у якім расказваў пра дапамогу АРА ў Паволжы й на Віцебшчыне.

У тыя ж дні разам з новым сакратаром акругі Эдвардам Рамі Брэнд наведаў яшчэ адзін спэцыфічны адрас амэрыканскай дапамогі — зямлянкі ля чыгункі на ўскрайку Віцебску, дзе туліліся 118 уцекачоў з галоднага Паволжа. Брэнд пісаў:

Мы лічым, што ад сьмерці іх уратавала толькі тая акалічнасьць, што паблізу можна было здабыць дровы — нам ня варта высьвятляць занадта дакладна, якім чынам, — і яны маглі прыціскацца да печак, на хапок складзеных з цэглы. Вопраткі, каб выйсьці на двор, хапае на дзесяць ці дванаццаць мужчынаў. Аднак гэтая вопратка ня больш чым кавалкі рызьзя. Мусяць штодня разьвязваць галаваломку, як апрануцца.