Выбрать главу

Я патрабую, каб прадстаўнік губвыканкаму браў удзел у складаньні сьпісаў на атрыманьне калектыўных пасылак з правам адводу той ці іншай асобы, калі высьветліцца, што ёй ня трэба дапамога.

Ішлі бясконцыя спрэчкі пра ўмовы дапамогі гандлёвай вучэльні: АРА карміла толькі дзяцей да 14 гадоў і настойвала на асобнай выдачы сваіх абедаў, а Зэліксон выстаўляў свае ўмовы. Трэба было шукаць транспарт для паездак у Магілёў і Смаленск. Зь Менску меўся прыехаць лекар Вілі.

АРА надалей карміла дзяцей у сіроцкіх дамох у Віцебску, Полацку, Гарадку, Лёзьне й Бешанковічах, дзе не было дзяржаўных харчовых паставак. На канец лютага ў віцебскіх складах было запасаў для дзіцячага харчаваньня на паўгоду наперад і асобна — на камплектацыю пяці тысяч аплачаных з-за мяжы пасылак. Аднак безупыннае напружаньне пачало давацца ў знакі. Напрыканцы лютага меў вярнуцца з вакацыяў Рамі, і Брэнд пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:

Я зноў з усёй сур’ёзнасьцю прашу дазволіць мне выехаць у Маскву. Мае вакацыі плянаваліся на гэты час, і я нецярпліва іх чакаю. Я гатовы адмовіцца ад вакацыяў за мяжой, але дзеля свайго здароўя, нэрваў і духу мне неабходна хоць на кароткі час выехаць зь Віцебску. Я лёгка магу пісаць старонку за старонкай пра гэтае месца, але, спадзяюся, даволі таго, што я тут ужо сем месяцаў і апошнія пяць тыдняў быў адзін.

Надалей дапамогу разьмяркоўваў Эдвард Рэмі.

Пасьля адпачынку кіраўнік акругі паведамляў у Маскву:

Нашыя інспэктары сьведчаць, і я пераканаўся ў гэтым падчас паездак, што ўстановы, якія атрымліваюць нашыя прадукты, навучыліся весьці дакладны ўлік. Шмат дзе дзеці выглядаюць значна лепш.

АРА працягвала карміць 23 сям’і ўцекачоў, якія жылі ў зямлянках на ўскрайку гораду. У сярэдзіне траўня Рэмі пісаў:

Узімку дзеці, якія, здавалася, ніколі не ўсьміхаліся й не гулялі, туліліся ў сваіх лахманох да печак. АРА разьмеркавала некалькі пасылак з вопраткай, якую іхныя маці перарабілі для дзяцей. Падчас нядаўняга наведваньня мы пабачылі чыстых і здаровых дзетак, якія гулялі на двары. Нягледзячы на жахлівыя ўмовы, у якіх жывуць гэтыя людзі, не было сьмяротных выпадкаў. Фактычна наадварот: нарадзілася некалькі дзяцей, у адной пары — блізьняты, што прывяло да павелічэньня колькасьці выдадзеных рацыёнаў.

Узаемадачыненьні з уладамі не паляпшаліся: насьпеў чарговы крызіс. У час, калі Рэмі пісаў пра блізьнятаў у зямлянках, амэрыканскія пасылкі не выдавалі ў Віцебску ўжо дзесяць дзён. Чыгунка запатрабавала аплаціць арэнду складоў і апячатала памяшканьні. Губвыканкам марудзіў з аплатай, Зэліксон слаў паведамленьні ў Маскву ў апарат Ландэра і ў Менск упаўнаважанаму Стакоўскаму. Разьлікаў дамагаліся ня толькі чыгуначнікі. Без аплаты заставаліся рахункі за ваду, тэлефон, электрычнасьць, дровы, прыбіраньне. Спадзеючыся, што іх аплацяць улады губэрняў, якія ўваходзілі ў Віцебскую акругу АРА, Зэліксон пераслаў гэтыя рахункі ў Смаленск і Пскоў. Адказу не было.

Кіраўнік акругі тымчасам пераконваў віцебскія ўлады неадкладна выканаць сваю частку абавязацельстваў паводле Рыскага пагадненьня й пісаў пра наступствы:

Гэта нанесла шкоду атрымальнікам пасылак і 85 дзіцячым дамам Віцебскай губэрні, якія атрымліваюць ад нас харчаваньне. Я маю распараджэньне з Масквы аб закрыцьці складоў 15 чэрвеня, такім чынам, у нас няшмат часу для раздачы 6000 пасылак рэшты.

У красавіку Рэйманд Брэнд разьвітаўся зь Віцебскам — ён вяртаўся ў Амэрыку, каб заняцца журналістыкай. Але першая публікацыя пра АРА ў Віцебску, якая зьявілася ў амэрыканскім друку ў ліпені 1923, была зьвязаная з Эдвардам Рэмі, які стаў выконваць абавязкі кіраўніка акругі. Нягледзячы на лета, артыкул пачынаўся паведамленьнем пра калядную вячэру, якую для віцебскіх сіротаў забясьпечыў «Санта-Клаўс з Брукліну» Эдвард Рэмі:

У нас былі лішкі некаторых прыпасаў, — так тлумачыць сп. Рэмі шанцунак віцебскіх сіротаў, — і нам удалося выдаць іх непасрэдна дзіцячым дамам. Гэтага мусіць хапіць для дадатковага харчаваньня шасьці тысяч чалавек аж да Раства. Сярод прыпасаў — какава й тлушч, такім чынам яны змогуць сьпячы на Каляды з мукі АРА пірог, абліты шакалядам — а гэта значная падзея ў жыцьці бальшыні тутэйшых дзяцей.

Публікацыя пра Санта-Клаўсаў у Віцебску зьявілася ў некалькіх выданьнях, а яе героі тымчасам ужо вярталіся праз акіян на радзіму. Але перад гэтым была падрыхтаваная выніковая справаздача пра паўтара году АРА ў Віцебскай акрузе: дастаўлена й разьмеркавана 9 вагонаў мэдыкамэнтаў і абсталяваньня, укамплектаваныя 32 шпіталі, мэдыкамэнты, бялізну, мыла атрымлівалі 28 дзіцячых дамоў, дзецям перададзена 650 пар абутку й 650 пар шкарпэтак, 1147 набораў адзеньня раздадзена бясплатна, адрасатам уручана 58 269 харчовых пасылак…