Задоўга да гэтай скаргі Мэйтланд сам пачаў дамагацца пашырэньня апэрацыяў. Як толькі была выкананая першачарговая задача — запушчаны мэханізм выдачы пасылак, — Мэйтланд пачаў езьдзіць па дзіцячых дамох Гомельшчыны. Шэсьць з паловай тысяч сіротаў жылі ў такіх установах, яшчэ некалькі тысяч чакалі з Паволжа. У губэрскім аддзеле сацзабесьпячэньня яму паказалі зацьверджаны рацыён для выхаванцаў:
1 фунт хлеба на дзень
3/4 фунта цукру на месяц
1,5 фунта тлушчу на месяц
6 фунтаў крупаў на месяц
8 фунтаў мяса на месяц
Але такая пайка была толькі да сакавіка: у красавіку норму хлеба зьменшылі на чвэрць, цукру на траціну, а мяса зьнікла зусім. У дзіцячым доме № 32, які Мэйтланд наведаў напачатку красавіка, усе 27 дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 14 гадоў былі хворыя. Ён пісаў у Маскоўскую штаб-кватэру:
Галовы ўсіх дзяцей пакрытыя незагойнымі болькамі. Апарата ультрафіялетавага апраменьваньня, якім лекуюць такія хваробы, няма. У маленькім сырым будынку няма ня толькі ванны, а наагул вады. Дзеці не атрымлівалі харчу ад уладаў, іх кармілі вайскоўцы суседняга кавалерыйскага палку, якія аддавалі частку свайго рацыёну. Паўсюдна бракуе коўдраў, бялізны, вопраткі, лекаў. Я б настойліва рэкамэндаваў аказаць гэтым установам дапамогу харчам і мэдыкамэнтамі. Іначай працэнт захворваньняў і сьмяротнасьць ад недаяданьня будуць расьці.
У сярэдзіне красавіка Мэйтланд агледзеў гарадзкі дзіцячы шпіталь і зноў адправіў ліст да свайго начальства:
У шпіталі 105 дзяцей і 23 штатныя супрацоўнікі. 10 % дзяцей па-за межамі выздараўленьня з-за нястачы ежы. З прычыны вайны паміж чыгункай і гарадзкім саветам у шпіталі адключаная электрычнасьць, не працуе ультрафіялетавы апарат, патрэбны для лекаваньня болек на галовах усіх дзяцей. Гарадзкія ўлады вырашылі цалкам закрыць шпіталь — цяпер там атрымліваюць ежы ледзьве на палову дзяцей. Кожнае новае дзіця, якое паступае з дыягназам «недаяданьне», можа разьлічваць толькі на пагаршэньне свайго стану. Удзень, калі я наведаў шпіталь, дзеці нічога ня елі наагул.
Мэйтланд не шкадаваў падрабязнасьцяў, якія маглі прысьпешыць дапамогу:
Многія дзеці былі да такой ступені апухлыя, што практычна страцілі апошняе падабенства да чалавечых істотаў. З другога боку былі чалавечыя шкілеты, у якіх з жахлівай выразнасьцю выступала практычна кожная костка. З-за адсутнасьці электрычнасьці іхныя болькі на галовах ня лекавалі.
Нарэшце ў канцы красавіка ў Гомельскую акругу прыйшла першая картка-замова агульнага прызначэньня — амэрыканец Эліяс Рэнаў з гораду Шэўпорт, штат Луізіана, паслаў 30 даляраў на карысьць галодных дзяцей Гомелю.
Ахвяраваньне прыйшло ў крытычны момант. Дзіцячы шпіталь зьвяртаўся па дапамогу й раней, але ўсе фонды былі разьлічаныя толькі на аплачаныя з-за мяжы пасылкі й прызначаліся канкрэтным адрасатам. Невядома, сам Эліяс Рэнаў ці, магчыма, ягоная жонка паходзілі з Гомелю, ці чалавек проста адгукнуўся на публікацыю ў амэрыканскім друку, але сума была немалая і, галоўнае, своечасовая. У гэты ж дзень у шпіталь былі дастаўленыя каля 200 кіляграмаў амэрыканскіх прадуктаў — мука, тлушч, рыс, цукар, малако, гарбата.
Аднак паведамляючы пра першую даставу прадуктаў у шпіталь, Мэйтланд настойваў на адкрыцьці поўнамаштабнай праграмы дзіцячага харчаваньня ў акрузе й папярэджваў:
Калі далейшая дапамога не паступіць хутка, бальшыня дзяцей памрэ.
Погляд мясцовых уладаў на будучыню АРА ў Гомелі, як неўзабаве высьветлілася, быў супрацьлеглы.
26
Гомель, акт 2: мазгі ўпаўнаважанага
Кадравая стабілізацыя. — Шкодныя пасылкі. — 8 тысяч галодных дзяцей. — Камсамольцы з апэтытам. — Газэтная атака. — Драгунскі адхілены. — Перамовы пад стэнаграму. — Немэтазгодныя й непажаданыя
Напачатку вясны новым старшынём губвыканкаму стаў уплывовы камуніст Ільля Нэйбах. Улада стабілізавалася, у горадзе пачалі адчувацца перамены да лепшага. Але на запыты Мэйтланда ў губвыканкаме па-ранейшаму ніхто не рэагаваў.
У Маскве кіраўнік АРА палкоўнік Гаскел сустрэўся з упаўнаважаным савецкага ўраду Аляксандрам Эйдукам і папрасіў умяшацца. Для вывучэньня сытуацыі зь Менску ў Гомель быў выпраўлены памочнік упаўнаважанага беларускага ўраду Блехер. Блехер адказваў за сувязі з ЧК-ГПУ й меў сваё бачаньне, як трэба працаваць з амэрыканцамі. Ён сустрэўся зь мясцовым кіраўніцтвам, правёў перамовы з Мэйтландам і Рамсэем. У Гомелі была ўведзеная пасада ўпаўнаважанага губвыканкаму для працы з АРА.