Выбрать главу

Прызначаны на пасаду мясцовага ўпаўнаважанага камуніст Драгунскі некалі працаваў у Амэрыцы, гаварыў па-ангельску й заявіў, што гатовы цалкам паклапаціцца пра ўсе законныя патрэбы АРА.

Мэйтланд узрадаваўся: цяпер будзе як вырашаць шматлікія практычныя праблемы. Менш чым праз два месяцы ў лісьце ў Маскву кіраўнік акругі так апіша супрацу:

На наш запыт наконт мэблі Драгунскі адказваў, што нам ня трэба мэблі. У адказ на просьбу даць ахову для складоў мы чулі, што яшчэ нічога не было скрадзена і вартаўнікі не патрэбныя. Цалкам блякаваліся нашыя патрабаваньні новых складоў для выдачы прадуктаў. Ягоныя мазгі надзвычай плённа выдумлялі прычыны й тлумачэньні, чаму нашыя просьбы ня могуць быць задаволеныя, і на шляху нашай далейшай працы быў пастаўлены каменны мур.

Мэйтланд пісаў, што Рамсэя й яго замучылі бясконцыя размовы Драгунскага пра гонар і годнасьць афіцыйнага прадстаўніка ўлады й патрабаваньні паважаць ягоныя паўнамоцтвы. Але ўпаўнаважаны ігнараваў просьбы амэрыканцаў ня толькі з капрызьлівага характару. У траўні да высновы, што АРА ў Гомелі непатрэбная й нават шкодная, канчаткова прыйшоў і новы кіраўнік губвыканкаму Ільля Нэйбах. Ён заявіў, што ў даверанай яму губэрні голаду няма й тутэйшая ўлада сама ў стане дапільнаваць і вырашыць свае праблемы. Нэйбах пісаў у Маскву:

У справе беспасярэдняй дапамогі тым, хто мае патрэбу, у Гомельскай губэрні АРА дагэтуль нічога не зрабіла. Ёсьць пэўнае імкненьне з боку АРА прадаць як мага больш тавару за наяўны разьлік. Пры такіх умовах у мясцовай улады няма й ня можа быць ніякай зацікаўленасьці несьці велізарныя выдаткі дзеля ўтрыманьня мясцовага аддзяленьня АРА. Апроч усяго, мясцовая адміністрацыя АРА настойвае на ўтварэньні камісіяў дзеля разьмеркаваньня прадуктаў ад розных зямляцтваў у Амэрыцы ў складзе прадстаўнікоў буржуазіі й сьвятарства — тэндэнцыя яўна контрарэвалюцыйная й таму недапушчальная.

Упаўнаважаны савецкага ўраду Эйдук абмеркаваў ліст Нэйбаха з кіраўніком АРА палкоўнікам Гаскелам. Той паабяцаў падрыхтаваць адказ і зьвярнуўся па аргумэнты да кіраўніка Гомельскай акругі. Мэйтланд хутка падрыхтаваў ліст:

Спыненьне выдачы будзе сур’ёзнай памылкай, ніякі аргумэнт на карысьць працягу ня будзе залішні. Колькасьць паштовак-замоваў да сваякоў за мяжой нават пасьля сканчэньня рэклямнай кампаніі сьведчыць, што гэтая ідэя шырока ўмацавалася. Статыстыка сельскагаспадарчага аддзелу аптымістычная што да ўзараных плошчаў, але не бярэ пад увагу нястачу насеньня. Я сумняюся, што ўраджай зьбяруць больш чым з паловы земляў. У наступную зіму й вясну будзе крытычная сытуацыя з харчаваньнем. АРА й амэрыканскі народ таксама маюць маральны абавязак паставіць прадукты, замоўленыя дзякуючы нашай рэклямнай кампаніі; рэзкае спыненьне даставаў выкліча вельмі адмоўнае стаўленьне да амэрыканцаў.

Гомельскія ўлады таксама хацелі выправіць памылку, якая дазволіла прыезд АРА. Афіцыйны ліст у Маскву за подпісамі старшыні губвыканкаму Нэйбаха і ўпаўнаважанага Драгунскага канстатаваў:

АРА ў Гомелі прыносіць болей шкоды, чым карысьці, бюро губкаму партыі ў поўнай згодзе з прэзыдыюмам губвыканкаму лічаць далейшае знаходжаньне місіі непажаданым і нямэтазгодным.

Аднак урад у Маскве не пагадзіўся з гомельскімі ўладамі. Апэрацыі АРА было вырашана працягваць. Напрыканцы траўня ў Гомель прыбылі два вагоны лекаў, мэдычнага абсталяваньня й матэрыялаў. Напачатку чэрвеня зь Менску прыехаў Ралф Герц, які дапамагаў разьмяркоўваць мэдычныя грузы ў шпіталі. Асноўную частку справаздачы пра пабачанае Герц прысьвяціў, аднак, не пагрозам эпідэміяў і хваробаў:

Крайняя патрэба ў мэдычных пастаўках застаецца, аднак існуе вельмі вострая патрэба харчаваньня ў шпіталёх. Пайка зрэзаная амаль да нуля. Гэта асабліва тычыцца дзіцячых шпіталёў і дамоў. Ад пяці да васьмі тысяч дзяцей з галоднага Паволжа зваліліся на губэрню без папярэджаньня й без забесьпячэньня. У адным са шпіталёў, які я наведаў, знаходзіцца 130 дзяцей, зь іх 95 % пакутуюць ад недаяданьня, і цяпер яны ў горшым стане, чым калі толькі прыбылі. Магчыма, я выходжу за межы маёй справаздачы, але сп. Мэйтланд кажа, што ён паслаў на гэтую тэму ўжо некалькі паведамленьняў, і я толькі хачу гэта падкрэсьліць.