Выбрать главу

Герц прасіў дазволу адкрыць у Гомелі мэдычны аддзел пад кіраўніцтвам Мэйтланда. Кіраўнік акругі зьвярнуўся ў губвыканкам з просьбай даць склады пад мэдычныя грузы — адказу не было.

Калі ў Гомель прыйшлі першыя вагоны з агульнай гуманітарнай дапамогай для бясплатнае раздачы тым, хто мае найбольшую патрэбу, Мэйтланд, здавалася, мог уздыхнуць з палёгкай. Можна было спадзявацца, што сьціхнуць абвінавачаньні, быццам АРА дапамагае толькі выбранай частцы насельніцтва, якая мае сваякоў за мяжой.

Але дачыненьні з губвыканкамам нават пагоршыліся. Улады настойвалі на разьмеркаваньні вылучна праз свае камісіі, Мэйтланд не пагаджаўся. У выніку кампрамісу прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў мясцовыя камісіі, афіцыйна — з мэтай запабегчы спэкуляцыі.

Аднак у ход пайшоў хабар, камісары самі сталі забіраць пасылкі сабе, прадаваць на рынку й прысабечваць выручку. У адным раёне мясцовы камітэт камсамолу захапіў склад з амэрыканскімі прадуктамі, апячатаў і прыгразіў арыштаваць любога, хто сунецца. Мэйтланду нечакана давялося ня толькі прыкладаць намаганьні, каб дапамога патрапіла на адрас, але й пільнаваць яе ад хцівых афіцыйных прадстаўнікоў.

У траўні ў кантору АРА прыйшла вестка пра загадкавую сьмерць амэрыканскага грамадзяніна ў Мазыры. Мендэль Бягун займаўся разьмеркаваньнем дапамогі Джойнту. Мэйтланд зьвярнуўся да Драгунскага з просьбай даведацца прычыну сьмерці й дзе знаходзіцца цела, але не атрымаў адказу.

Тымчасам у амэрыканскую кантору ўсё больш людзей сталі зьвяртацца са скаргамі на дадатковыя паборы, якімі абкладалі пасылкі пошта, а таксама асобы, што выдавалі сябе за агентаў АРА. Мэйтланд перадаў Драгунскаму некалькі фальшывых расьпісак і картак з пазначанымі прозьвішчамі й адрасамі самазваных прадстаўнікоў АРА. Рэакцыі не было.

4 чэрвеня ГПУ арыштавала гомельскага рабіна Барышанскага. 6 чэрвеня газэта «Полесская правда» апублікавала артыкул «Ціханаўцы юдэйскага веравызнаньня», дзе тлумачыліся прычыны арышту й падрыўная роля АРА:

Габрэйскія буржуазна-клерыкальныя групы… расьперазаліся й адкрыта павялі шалёную працу дзеля арганізацыі ўсіх рэакцыйных і косных элемэнтаў габрэйскай буржуазіі… Дзеля гэтага яны перадусім імкнуцца падвесьці пад сябе матэрыяльна-філянтрапічную базу шляхам сувязі з аддзяленьнем АРА ў Гомельскай губэрні, якая, атрымліваючы з Амэрыкі сякія-такія прадукты для разьмеркаваньня сярод габрэйскага насельніцтва, што церпіць нястачу, стварала ва ўсіх гарадох і мястэчках камітэты з рабінаў і прадстаўнікоў габрэйскай буржуазіі, куды яны для праформы меліся ўводзіць аднаго прадстаўніка выканкаму. Губвыканкам своечасова ўмяшаўся й распусьціў усе гэтыя камітэты.

З абвінавачаньнямі выступаў ананімны аўтар. М. Х. Мэйтланд зьвярнуўся ў рэдакцыю з патрабаваньнем зьняпраўдзіць апублікаваныя матэрыялы як «хлусьлівыя й беспадстаўныя». Зварот застаўся без адказу.

Апошняй кропляй, якая перапоўніла цярплівасьць Мэйтланда, стала абвестка ў друку за подпісам Драгунскага. Упаўнаважаны тлумачыў, што ўсе запыты наконт бясплатнай харчовай дапамогі трэба накіроўваць ня АРА, а камітэту разьмеркаваньня прадуктаў, які ўзначальваў сам Драгунскі. 13 чэрвеня Мэйтланд напісаў ліст старшыню губвыканкаму й адначасова разам з Рамсэем адправіў тэлеграму ў штаб-кватэру ў Маскву:

Далей працаваць немагчыма, спыняем выдачу пасылак, рэкамэндуем адклікаць місію з Гомелю.

Наўздагон у гэты ж дзень Мэйтланд паслаў у Маскву ліст, дзе тлумачыў сваё абурэньне дзеяньнямі ўпаўнаважанага:

Драгунскі абсалютна нічога ня варты, за месяц працы ён не зрабіў ніводнай рэчы, пра якую мы прасілі. Уся ягоная ўвага й дзейнасьць скіраваныя супраць АРА. Ён нават сьвядома перакручваў пераклад маіх размоваў са старшынём губвыканкаму, каб сапсаваць нашыя дачыненьні. На любую нашую просьбу ён адказвае тлумачэньнем, чаму нам непатрэбнае тое, чаго мы просім, альбо проста заяўляе, што гэта немагчыма.

Пераход амэрыканцаў ад абароны ў атаку засьпеў афіцыйны Гомель зьнянацку. Наступнай раніцай, 14 чэрвеня, адбылася тэрміновая сустрэча кіраўніка акругі са старшынём губвыканкаму. Мэйтланд запатрабаваў звольніць Драгунскага «за 24 гадзіны». Нэйбах заявіў, што нічога ня ведае, і паабяцаў разабрацца. Драгунскі быў часова адхілены ад выкананьня сваіх абавязкаў да прыняцьця канчатковага рашэньня прэзыдыюмам губвыканкаму. Усе справы было дамоўлена вырашаць беспасярэдне з самім старшынём.