Выбрать главу

Мэйтланд вырашыў замацаваць посьпех: на наступны дзень ён прадыктаваў і накіраваў Нэйбаху яшчэ тры падрабязныя лісты са скаргамі на Драгунскага, дзе пералічыў усе свае просьбы, якія заставаліся без вырашэньня й адказу.

У Маскве на канфлікт зрэагавалі як амэрыканцы, гэтак і ўлады. Са штаб-кватэры АРА тэлеграфавалі не спыняць выдачы пасылак. У сваю чаргу ўпаўнаважаны Эйдук рэкамэндаваў губвыканкаму быць пільнымі, але працягваць супрацу. Неўзабаве Мэйтланд паведамляў:

19 чэрвеня. Паветра значна ачысьцілася. Драгунскі часова адхілены, і, калі яго зусім прыбяруць, мы ўпэўненыя, праца пойдзе лепш. Аднак калі яго адхілілі толькі часова й ён вернецца на працу з АРА, мы гэтаксама ўпэўненыя, што ніякага паляпшэньня ня будзе.

Празь дзесяць дзён, 28 чэрвеня, у кабінэце старшыні губвыканкаму адбыліся першыя амэрыканска-гомельскія перамовы пад стэнаграму:

Тав. Нэйбах: Прэзыдыюм губвыканкаму разабраў пытаньне канфлікту паміж Вамі і ўпаўнаважаным пры АРА й знайшоў, што шэраг дробных рознагалосьсяў быў выкліканы агульным станам справаў, і лічыць неабходнай далейшую працу тав. Драгунскага як прадстаўніка пры АРА.

М-р Мэйтланд: У такім выпадку хачу прасіць выправіць тав. Драгунскага ў Маскву ці Менск па інструкцыі для далейшай працы, бо канфлікт адбыўся з прычыны ня гэтулькі неактыўнасьці тав. Драгунскага, колькі ягонага неразуменьня дзеяньняў АРА.

Тав. Нэйбах: Супраць нічога ня маю й лічу, што найбольш мэтазгоднае выпраўленьне ў Маскву. Ці можна лічыць пытаньне вычарпаным?

М-р Мэйтланд: Перад тым як перайсьці да іншых пытаньняў, мушу выказаць шкадаваньне ў сувязі з такой пастановай прэзыдыюму губвыканкаму. Ці застаецца тав. Драгунскі таксама старшынём камітэту разьмеркаваньня прадуктаў?

Тав. Нэйбах: Застаецца. Лічу, што дробныя непаразуменьні з прычыны адсутнасьці каардынацыі будуць зьліквідаваныя й праца будзе праходзіць у кантакце, як і належыць быць паміж прадстаўнікамі РСФСР і АРА.

М-р Мэйтланд: Калі праца будзе каардынавацца, нічога супраць ня маю.

Тав. Нэйбах: Абвестка ў газэце ў справе прыёму заяваў на разьмеркаваньне прадуктаў, падпісаная тав. Драгунскім, была дадзеная згодна з пастановай камітэту, нават насуперак жаданьню тав. Драгунскага.

М-р Мэйтланд: Адзначаю, што, калі камітэт так пастанавіў і надрукаваў абвестку ў газэце, ён перавысіў свае паўнамоцтвы й ягонае паседжаньне трэба лічыць несапраўдным. Я на гэтым паседжаньні не прысутнічаў, хаця я галоўны сябра камітэту як разьмеркавальнік прадуктаў.

Тав. Нэйбах: Я не ўхваляю пастановы камітэту, але не хацеў яе скасоўваць, бо лічыў, што м-р Мэйтланд як сябра камітэту сам паставіць пытаньне аб яе перарашэньні.

М-р Мэйтланд: Лічу неабходным разгледзець усе заявы, пададзеныя як АРА, гэтак і сябрам камітэту.

Тав. Нэйбах: Я гэтага не аспрэчваю.

М-р Мэйтланд: Згодны на перарашэньне пытаньня ў камітэце.

Мэйтланд загаварыў пра жыльлё й склады, Нэйбах паабяцаў аддаць неабходнае распараджэньне. Старшыня таксама паведаміў, што ад’яжджае ў службовую паездку па губэрні й на чале губвыканкаму застаецца яго намесьнік Дубіна. Усе пытаньні — да Дубіны.

Ледзьве пасьпела высахнуць чарніла стэнаграмы, як у губвыканкаме пачалі складаць новы ліст у Маскву:

Прэзыдыюм Гомельскага губвыканкаму мусіць паўторна ўзьняць пытаньне пра нямэтазгоднасьць і непажаданасьць знаходжаньня АРА ў Гомелі. Губэрня ня ёсьць галоднай губэрняй, праца АРА накіраваная вылучна на разьмеркаваньне пасылак з Амэрыкі для дробнай буржуазіі. АРА выстаўляе рознага кшталту капрызьлівыя патрабаваньні да губвыканкаму самым бесцырымонным чынам, напрыклад, патрабуючы за 24 гадзіны прыбраць прадстаўніка губвыканкаму Драгунскага, што ёсьць спробай скампрамэтаваць савецкую ўладу. АРА палітычна таксама непажаданая, асабліва ў Гомельскай губэрні, якая мяжуе зь Белай Польшчай.

Гэты ліст празь дзень пасьля візыту Мэйтланда ў губвыканкам падпісаў намесьнік старшыні Дубіна і ўручыў упаўнаважанаму Драгунскаму, які накіроўваўся на сустрэчу з упаўнаважаным ураду РСФСР Эйдукам. Дубіна прасіў перадаць адказ на зварот гомельскіх уладаў асабіста праз упаўнаважанага.

Напачатку ліпеня Драгунскі выехаў у Маскву.