М-р Мэйтланд: Раней згадваліся грамадзяне, якія ўцяклі з Расеі й падтрымліваюць сваіх аднадумцаў тут. Яны безумоўна супраць АРА, якая падтрымлівае працу Савецкай Расеі. З гэтае прычыны белыя групы ў Амэрыцы могуць нарабіць шуму з-за сканфіскаваных прадуктаў.Таму прашу перадаваць мне адпаведныя дакумэнты.
Тав. Нэйбах: Калі будуць канфіскацыі (а можа й не, калі грамадзяне нас зразумеюць і будуць выконваць пастанову), дык усе дакумэнты будуць вам перададзеныя. Я думаю, м-р Мэйтланд згодны, што цяперашнюю спэкуляцыю пасылкамі трэба спыніць.
М-р Мэйтланд: Згодны.
Мэйтланд ніяк не адрэагаваў на спробу Нэйбаха ўключыць АРА ў пастанову, хаця б у частцы перадачы сканфіскаваных прадуктаў дзіцячым дамам. Аднак ягонае апошняе слова са стэнаграмы на наступны дзень зьявілася ў тэксьце дакумэнта:
На падставе пагадненьня ўраду РСФСР з Амэрыканскай адміністрацыяй дапамогі Расеі «АРА» й інструкцыі Ўпаўнаважанага Ўраду РСФСР пры «АРА», а таксама са згоды ўпаўнаважанага Гомельскім аддзяленьнем Амэрыканскай адміністрацыі дапамогі, Губвыканкам пастанаўляе…
Пастанова, расклееная па горадзе й надрукаваная ў газэтах, абмяжоўвала атрыманьне, а таксама забараняла продаж, абмен і набыцьцё амэрыканскіх пасылак. Пры парушэньні адміністрацыйна-карныя органы меліся канфіскоўваць прадукты й прыцягваць вінаватых да адказнасьці.
Гомельскія грамадзяне, аднак, ніяк не маглі зразумець, чаму ўлады распараджаюцца пасылкамі, якія за свае працоўныя даляры купілі сваякі й адрасавалі пэрсанальна ім. Пасьля рэйдаў ГПУ й міліцыі па рынках гомельцы рушылі на чыгунку: там камэрцыйная паштовая служба без праблемаў брала пасылкі й перапраўляла ў іншыя гарады. Ужо ў верасьні гомельскія пасылкі зьявіліся на рынках Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
Старшыня губвыканкаму выдаў загад не прымаць пасылак бяз подпісу ўпаўнаважанага Драгунскага — але адбылася асечка. Наркамат шляхоў зносінаў не падпарадкоўваўся мясцовым уладам, чыгуначнікі працавалі ў паўваенізаванай цэнтралізаванай сыстэме й пільна бераглі сваю незалежнасьць. Управа Заходняй чыгункі атрымала тэлеграфнае распараджэньне з наркамату ігнараваць загад губвыканкаму.
Пачалася эпісталярная вайна супраць чыгункі. Драгунскі пісаў, а Нэйбах падпісваў скаргі ў наркамат, урадаваму ўпаўнаважанаму ў Маскву й беспасярэдне на адрас савецкага Ўраду:
Спэкуляцыя, зьліквідаваная ў губэрскім маштабе, знайшла сабе выйсьце ў здачы для адпраўкі ў сталічныя гарады й іншыя мясцовасьці цэлых транспартаў з амэрыканскімі прадуктамі… Фармальна-бюракратычны падыход Наркамату шляхоў зносінаў пагражае ўзмацніць спэкуляцыю… Губвыканкам просіць даць катэгарычнае прадпісаньне Наркамшляху…
Тымчасам атрымальнікі амэрыканскіх пасылак надалей распараджаліся падарункамі як лічылі патрэбным. Рэйкавую вайну супраць АРА Нэйбах прайграў.
28
Гомель, акт 4: дапамога, ды ня там, ня тым, ня так
Насадзілі гузакоў. — Абсалютны недавер да савецкай улады. — Крадуць усё. — Какава а пятай раніцы. — Калядныя радасьці. — Дзе гуртуецца буржуазія. — Бяз суму будзе расставаньне
Амэрыканскі «Форд» пачаў зьніжаць хуткасьць перад чыгуначным пераездам, калі вялікі сабака раптам скочыў з узбочыны пад пярэдняе кола. На календары быў канец лістапада. Сьнег, які падтаяў за дзень, пад вечар падмарозіла, і дарога была пакрытая нябачным тонкім шкельцам лёду. Аўтамабіль страціў кіраваньне, машыну панесла ўбок, яна зьбіла жалезны слупок, уляцела ў прыдарожную канаву й перакулілася.
Джон Мэйтланд паведамляў у Маскву:
У машыне, апроч мяне, быў шафёр Бабіляк, упаўнаважаны Драгунскі й інспэктар дзіцячых дамоў Чарлябосаў. Усе ацалелі, хаця й насадзілі сабе добрых гузакоў. Мы вырашалі пакінуць шафёра вартаваць машыну, а самім дабірацца ў Гомель па дапамогу. З «Форду» зьнялі ўсе здымныя часткі й перанесьлі ў суседнюю хату. Рэшту шляху да Гомеля, 17 вёрстаў, дабіраліся на сялянскім возе.
Мэйтланд безупынна выяжджаў у раёны, каб на свае вочы пераканацца ў патрэбах дзіцячых дамоў і паглядзець, як арганізаваная дапамога. Досьвед навучыў кіраўніка акругі не давяраць ніякім абяцаньням, справаздачам і тлумачэньням без праверкі. У скарзе ў Маскву старшыня губвыканкаму ацаніў гэта як «абсалютны недавер АРА да прадстаўнікоў савецкай улады».