Яшчэ на верасьнёўскай сустрэчы ў губвыканкаме Нэйбах катэгарычна запатрабаваў езьдзіць толькі разам з упаўнаважаным:
Тав. Нэйбах: Я выпадкова ўведаў, што м-р Мэйтланд езьдзіў у Старадуб аўтамабілем. Я прасіў бы надалей рабіць паездкі па чыгунцы й разам з нашым прадстаўніком. У нашай губэрні ёсьць крымінальны бандытызм, і на м-ра Мэйтланда магчымы напад як на прадстаўніка арганізацыі, у якога могуць быць з сабою тыя ці іншыя сумы. Такі напад адбіўся б на ўзаемадачыненьнях РСФСР і АРА. Другая частка просьбы — гэта паездка з нашым прадстаўніком. Старшыні павятовых выканкамаў, як напрыклад у Старадубе, ня маюць інструкцыі аб узаемадачыненьнях з АРА, і могуць узьнікнуць непаразуменьні.
М-р Мэйтланд: Адзначае, што ведаў пра бандытызм і рызыку паездкі ўзяў на сябе.
Тав. Нэйбах: Паўторна падкрэсьлівае, што напад тым ня менш прывёў бы да ўскладненьня, і таму яшчэ раз прашу м-ра Мэйтланда езьдзіць не аўтамабілем, а цягніком і з нашым прадстаўніком.
М-р Мэйтланд: Што да паездак на аўтамабілі, дык яны спыняюцца ўвогуле з прычыны надыходу зімы. Што да прадстаўніка ўладаў, надалей буду езьдзіць зь ім.
Новы «Форд» Гомельская акруга атрымала яшчэ ў канцы лета. Аўтамабілем можна было даехаць туды, дзе не было чыгункі, за раз наведаць некалькі мястэчак. Пакуль дарогі не замяло, Мэйтланд не сьпяшаўся выконваць параду Нэйбаха й перасаджвацца на чыгунку, але на кампанію Драгунскага мусіў пагадзіцца.
У выніку ўпаўнаважаны ледзь не зламаў карак, набіў гузакоў, што ніяк не спрыяла цеплыні пачуцьцяў да няўрымсьлівых амэрыканцаў. Ня надта цёплыя пачуцьці да савецкіх афіцыйных асобаў абуджалі паездкі і ў Мэйтланда:
У Рагачове, у дзіцячым доме, я налічыў 13 ложкаў на 40 дзяцей, амаль безь бялізны. На адным ляжала 9-гадовае дзіцё зь вельмі цяжкаю формаю сыфілісу. Улады, якія дазвалялі трымаць хворага разам зь іншымі дзецьмі, праяўляюць злачынную нядбайнасьць. Яшчэ тры ўстановы з Рагачова прыслалі заяўкі на пяцьдзясят паек кожная. Калі я наведаў іх, дык налічыў толькі 46 чалавек ва ўсіх трох месцах агулам. У Жлобіне праверка засьведчыла, што амаль усю пайку АРА зьядалі двое сямнаццацігадовых сыноў загадчыцы дзіцячага дому.
Пасьля паездкі Мэйтланда ў Чэрыкаў улады мусілі звольніць загадчыка дзіцячага дому, які скраў усе амэрыканскія пасылкі. Мэйтланд катэгарычна пярэчыў прапановам уладаў частку паек выдаваць пэрсаналу, не дазваляў прадаваць прадукты дзеля аплаты выдаткаў, дзяліць на часткі альбо зьмешваць рацыёны. Як засьведчыла новая працяглая інспэкцыйная паездка напрыканцы лістапада, такая патрабавальнасьць давала плён:
Я вярнуўся зь вельмі цікавага падарожжа па ўсходняй частцы акругі, дзе правяраў розныя ўстановы, якія атрымліваюць нашыя грузы. Амаль паўсюдна бяз вынятку я пабачыў, што разьмяркоўваюцца нашыя прадукты вельмі добра, фактычна нашмат лепей, чым я спадзяваўся.
Яшчэ ў кастрычніку прыйшло паведамленьне, што Гомельская акруга атрымае 4 тысячы бясплатных паек для дзяцей і хворых. Прадукты былі дастаўленыя ў дзіцячыя дамы. Мэйтланд пісаў:
Дзеці асабліва цешыліся з какавы й белага хлеба. У адным доме дзеці займалі чаргу ў сталоўку а 5-й раніцы, хаця сьняданак давалі а 9-й.
Адусюль прыходзяць падзякі за нашыя прадукты. Нашая квота цяпер павялічаная да 5 тысяч (паек), і мы імкнёмся разьмяркоўваць яе сярод дзяцей, аддаючы ім перавагу перад хворымі дарослымі.
Кіраўнік акругі адзначаў яшчэ адзін аспэкт:
Гэтая форма дапамогі за два месяцы зрабіла больш для прэстыжу АРА й любові насельніцтва да арганізацыі, чым уся гадавая праца даставы пасылак.
Перад Калядамі Гомельская акруга атрымала пяцьдзясят пасылак для дабрачыннага разьмеркаваньня. Іх уручылі самым гаротным сем’ям гомельцаў. На Каляды й Новы год кіраўнік акругі наведваў елкі й раздаваў падарункі ў дзіцячых дамох:
Было надзвычай усьцешна чуць падзякі ад нават самых малых дзетак, якія толькі навучыліся гаварыць, але разумеюць, што гэта амэрыканскі народ праз АРА штодня корміць іх, і голад іх больш не грызе, як усё жыцьцё раней, і нават за такі кароткі тэрмін можа бачыць зьмены ў большай рухавасьці й лепшым выглядзе дзяцей. Кіраўнікі ўстановаў не шкадуюць пахвалаў рацыёну АРА й з энтузіязмам гавораць пра яго ўплыў на дзяцей.