Выбрать главу

Уплыў адчувала і ўлада. У лістох у Маскву Нэйбах дакладваў пра добры ўраджай, адсутнасьць голаду і ўцекачоў, поўны парадак у даверанай яму губэрні, якому, аднак, існавала пагроза:

Неабходна спыніцца на палітычна шкодным моманце справы, які выяўляецца ў групаваньні вакол АРА яўна варожых, буржуазных элемэнтаў з магчымымі адсюль непажаданымі наступствамі. Прэзыдыюм Гомельскага губвыканкаму настойліва ставіць пытаньне аб ліквідацыі працы АРА ў Гомельскай губэрні.

Да ліста прыкладалася стэнаграма перамоваў з Мэйтландам, копія пастановы губвыканкаму й пратакол мэдычнае камісіі. Дапамога дзіцячым дамам у лісьце ня згадваецца, але да аргумэнтаў пра адсутнасьць голаду і ўцекачоў дадаецца сьвежы: шкодная мэдычная дапамога.

Галоўны лекар Менскай акругі Ралф Герц яшчэ ў чэрвені прапанаваў адчыніць у Гомелі аддзяленьне мэдычнай акругі. Аднак ніякіх дадатковых складоў для лекаў ад мясцовых уладаў Мэйтланд не атрымаў. Дапамога прыйшла ад тых, хто не абавязаны быў яе даваць: чыгуначнікі прапанавалі свой склад на тэрыторыі дэпо. Новы склад аказаўся дастаткова вялікі й для прадуктаў, і для вопраткі, і для мэдыкамэнтаў. Да Новага году ў Гомель паступіла шэсьць вагонаў шпітальнага рыштунку й лекаў.

Старшыня губвыканкаму скардзіўся:

Абсталяваньне й лекі аднаасобна разьмяркоўваюцца лекарам Ралфам Герцам, а той асаблівую ўвагу надае чыгуначным шпіталям, хаця іх у 10 разоў менш, чым губэрскіх. Адмаўляецца перадаваць адразу ўсе лекі губэрскаму аддзелу аховы здароўя, а патрабуе, каб галоўныя лекары шпіталёў прыяжджалі й асабіста атрымлівалі мэдыкамэнты й абсталяваньне. Лінія гэтая вядзе да дыскрэдытацыі ў вачох працаўнікоў установаў савецкай улады, асабліва калі прыняць пад увагу, што лекары — удзячны матэрыял для ўспрыняцьця такой лініі.

У Маскве гомельскіх просьбаў зноў не задаволілі. Ці то яшчэ быў ня час сварыцца з кіраўніцтвам АРА, ці то раздражнялі порсткія правінцыялы, якія ставілі пад сумнеў рашэньні цэнтру, ці то ў кожным разе набліжаўся час закрыцьця ўсіх апэрацыяў…

Новая эканамічная палітыка між тым стала адчувацца й на Гомельшчыне. Напачатку 1923 году Мэйтланд пісаў:

Умовы ў акрузе палепшыліся, і гэтае паляпшэньне працягваецца. Зразумела, яшчэ багата хто носіць вопратку з падручных матэрыялаў, але насельніцтва ў цэлым нашмат лепш апранутае, чым летась. Адрамантаваны шэраг будынкаў. Ёсьць сьведчаньні, што мясцовыя ўлады намагаюцца захоўваць санітарныя ўмовы ў горадзе й акрузе. Мост праз рэчку, якому больш за трыста гадоў, рамантуецца, амаль скончаная новая электрастанцыя, якая зможа падаць энэргію ў радыюсе пяці вёрстаў ад Гомелю.

Мэйтланд з захапленьнем піша пра пляны пабудаваць трамвайную лінію да Навабеліцы, паставіць вялікі палац, дзе месьціліся б органы ўлады й праводзіліся губэрскія сходы. Паводле ацэнкі амэрыканца, дзелавая актыўнасьць узрасла «цудоўным чынам»: запрацавалі тэкстыльная фабрыка ў Клінцах, запалкавая ў Навабеліцы, пачалася вытворчасьць сельскагаспадарчых машынаў і прыладаў. Рынак і крамы, паведамляе ён, заваленыя фабрычнымі вырабамі.

Перамены да лепшага закранулі дзіцячыя дамы, асабліва ў Гомелі. Араўцы ўнесьлі карэктывы ў свае праграмы: асноўная дапамога пайшла ў аддаленыя мястэчкі й гарады, дзе мала што зьмянілася. Праз адзін абзац пасьля захапленьня зьменамі, якія прынёс НЭП, Мэйтланд піша:

Умовы ў некаторых дзіцячых дамох жахлівыя. Дзеці ня маюць дастаткова адзеньня проста каб цалкам апрануцца, ня кажучы ўжо пра тое, каб апрануцца цёпла. Аднойчы вельмі халодным ранкам я наведаў дом, дзе шмат вокнаў былі бяз шкла, дзеці абляпілі адзіную напаленую печку, і яна была ў такім стане, што з-за дыму няшмат чаго было відаць. Не хапала ложкаў, дзеці спалі па двое й нават па трое пад адной коўдрай. Прасьцінаў не было, і было немагчыма падтрымліваць чысьціню адзеньня альбо коўдраў, бо нельга было іх памыць.

Канфлікты з губвыканкамам працягваліся, але чым далей ад Гомелю, тым прасьцей было знайсьці агульную мову мясцовым уладам і амэрыканцам. Пасьля падарожжа ў Рагачоў, якое ледзь не каштавала пасажырам «Форду» жыцьця, павятовы выканкам прыслаў афіцыйную просьбу ў гомельскую кантору АРА:

Дзіцячыя дамы Рагачова й павету патрапілі ў цяжкі стан: вострая нястача прадметаў першай неабходнасьці. Няма сукенак для дзяўчатак, абутку, гарнітураў для хлопчыкаў. Дзеці ня могуць наведваць школу. Расьце колькасьць захворваньняў. Становішча робіцца безвыходным. Патрабуецца хуткая й істотная падтрымка.