Выбрать главу

Румянцава працавала інспэктаркай, і ў яе абавязкі ўваходзілі праверкі дзіцячых дамоў, садкоў, кухняў. АРА адмаўлялася выдаваць пасылкі й мэдыкамэнты ўстановам, дзе не было парадку. Незалежныя інспэкцыі моцна раздражнялі ўлады, але ключы ад складоў былі ў амэрыканцаў.

У віну інспэктарцы ставіліся ня проста прыдзірлівыя паводзіны. «Звезда» пісала пра Румянцаву:

Маючы ад АРА інструкцыю дапамагаць галоўным чынам прадстаўнікам вучонага сьвету, прафэсуры, лекарам ды іншай інтэлігенцыі, яна, аднак, вучонаму-аграному Кацавураву адмаўляецца выдаць пасылку й прапануе раней напісаць справаздачу аб эканамічным стане Беларусі.

Яшчэ напрыканцы 1922 году АРА пачала зьбіраць папярэднія зьвесткі пра пэрспэктывы ўраджаю ў раёнах дапамогі. Трэба было высьветліць, як і ў якіх памерах плянаваць дапамогу на наступны год. У рэгіянальныя канторы была разасланая анкета: ураджайнасьць, пасяўныя плошчы, прыродныя ўмовы. Кіраўнікі акругаў зьвярнуліся да ўладаў — і не атрымалі ніякіх адказаў. Ўілабі тройчы спрабаваў атрымаць афіцыйны адказ на пытаньні анкеты, але прызнаваў у лісьце ў Маскоўскую штаб-кватэру, што нічога не ўдалося здабыць.

Напачатку сакавіка кіраўнік АРА Ўільям Гаскел ізноў накіраваў цыркулярны ліст ва ўсе акругі з просьбай тэрмінова сабраць зьвесткі пра разьлікі на ўраджай 1923 году. Гаскел прасіў абавязкова пазначаць крыніцы інфармацыі. Калі крыніцаў некалькі, трэба было падаць розныя ацэнкі. Нью-Ёрскі офіс патрабаваў адказу да 20 сакавіка.

Ўілабі зноў зьвярнуўся да Стакоўскага, той пераслаў запыт у Цэнтральнае статыстычнае бюро й Наркамат земляробства. Ішлі тыдні, адказу не было. Тады Ўілабі падказалі імя экспэрта, вучонага-агранома Кацавурава. Прафэсар меў выбітны аўтарытэт сярод спэцыялістаў, выкладаў ва ўнівэрсытэце, а таксама працаваў у Наркамземе. Кацавураў пагадзіўся напісаць агульную даведку.

У рэпартажы з суду аўтара агляду апісвалі наступным чынам:

Аграном Кацавураў… Сівы, зусім лядашчы старэнькі. Паводле ягоных словаў, ён напісаў справаздачу несьвядома. Ён зусім ня думаў, якую ролю гэтая справаздача можа адыграць у замежнай дзяржаве.

Агляд Кацавурава называўся «Стан сельскай гаспадаркі ў Беларусі перад вайной, падчас вайны й рэвалюцыі й да цяперашняга моманту». Гэта было красамоўнае, угрунтаванае на лічбах і поўнае дасьціпных назіраньняў і ацэнак апісаньне разбурэньня гаспадаркі Беларусі. Ацэнкі прафэсара відавочна не супадалі з афіцыйнымі поглядамі на найноўшую гісторыю:

…Прыйшла рэвалюцыя зь яе бессэнсоўным абсалютным разбурэньнем усёй прыватнай уласнасьці. Паркі й цудоўныя сады высякаліся на паліва, і гэта ў Беларусі, дзе лясы займаюць 51 % плошчы. Дамы былі разрабаваныя альбо цалкам разбураныя й да сёньня ляжаць у руінах. Бясцэнныя старыя бібліятэкі былі спаленыя, карціны парэзаныя на кавалкі, усё, што культура назапашвала вякамі, было зруйнавана за некалькі месяцаў. Гэта ў галіне мастацтва. У галіне сельскай гаспадаркі разбурэньне было яшчэ горшым. Вельмі хутка Беларусь апынулася на мяжы поўнае галечы.

Нямецкая акупацыя, пісаў Кацавураў, спыніла жахлівую анархію й вярнула спакой і парадак. Маёмасьць вярталі гаспадарам, адбудоўвалі разбураныя дамы, на рынку зьявілася мноства недарагіх сельскагаспадарчых машынаў, пачала аднаўляцца ўрадлівасьць глебы:

У цэлым, калі казаць поўную праўду, нямецкая акупацыя зрабіла выразна спрыяльны ўплыў на Беларусь.

Вяртаньне саветаў да ўлады пачалося зь перапісу й пераразьмеркаваньня зямлі сярод сялянаў адпаведна правілам «справядлівасьці й здаровага сэнсу». Прафэсар далей тлумачыў, чаму правілы былі ўзятыя ў двукосьсе:

На жаль, людзі, якім даверылі гэта зрабіць, былі абсалютна непрыдатныя да гэтых пасадаў і зямлю разьмеркавалі цалкам бяздумна.

Польская акупацыя выклікала новы перадзел зямлі, затым зноў вярнуліся саветы, і ўсё пачалося спачатку. Даведка Кацавурава заняла дзевяць старонак машынапісу. Агляд эканамічнага жыцьця Беларусі завяршаўся высновай:

Я паспрабаваў выказаць праз сухія лічбы, як абсалютна ўсё жыцьцё было спыненае ў гэтай краіне й як марудна й пакутліва яно пачынае зноў уваскрасаць.