«Калі б я мог рэклямаваць сябе, як некаторыя, што ўвесь час на радыё, дык ня мусіў бы слаць паштоўкі, каб паведаміць, што я ў парадку й не жанаты, дзякаваць Богу».
1928, ліпень. Джон піша з Лос-Анджэлесу:
«Клюб АРА ў гэтым горадзе, выглядае, сканаў, але, спадзяюся, нехта зь сяброў, хто мае час, зьбярэ нас калі-небудзь разам. Пару гадоў таму ў горадзе налічвалася каля 15 чалавек, якія працавалі ў розных арганізацыях Гувэра. Няма чаго й казаць, мы вельмі шчасьлівыя, што Шэф стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША…»
1929, люты. Джон — віцэ-прэзыдэнт Ціхаакіянскай фінансавай карпарацыі ў Лос-Анджэлесе. Ён піша:
«Хацеў бы быць у Вашынгтоне на інаўгурацыі прэзыдэнта. Але калі пачынаеш новы бізнэс, мусіш быць увесь час у офісе. Рады паведаміць, што вынікі прымальныя…»
1932, кастрычнік. Бюлетэнь не надрукаваў аднаго з допісаў Айкера. Джон піша:
«Атрымаў ваш апошні адказ за жнівень 1932-га, падпісаны “рэдактар”. А хто такі рэдактар? Вы ж ня можаце спадзявацца, што нехта напіша аб’ёмісты кавалак ангельскай літаратуры, а потым атрымае адмову ад якога-небудзь будучага рэдактара, які вучыўся некалі ў Гарвардзе ці Ельскім унівэрсытэце й думае, што ведае ангельскую мову. Рабіце як Гандзі — пераначуйце перад адказам, — калі будзеце адказваць увогуле».
Наш найлепшы адказ — зробім як Гандзі й захаваем поўнае маўчаньне.
1933, сьнежань. Прэзыдэнт карпарацыі «Prudential Acceptance» піша, што ня мае навінаў і прыедзе ў Нью-Ёрк толькі калі будзе мець магчымасьць сустрэцца з рэдактарам. Калі ў вас зброя, якой на бойнях прыстрэльваюць коней, сп. Айкер, не марнуйце часу на прыезд. А іначай — будзьце ласкавыя. Вам трэба было б быць больш памяркоўным, бо, калі б мы хацелі сканцэнтраваць агонь на вас, мы б выкінулі й вашыя першыя два допісы.
1937, сьнежань. Джон піша з Лос-Анджэлесу:
«Дагэтуль я лавіў рыбу ў горных рэках Сіера-Нэвады, аднак летась зь сябрамі паехалі на вусьце ракі Керн. Я падумаў, што сёлета добра было б паехаць да вытокаў Керн, напісаў запыт і атрымаў брашуру з тае мясьціны. Некалькі знаных чальцоў асацыяцыі АРА былі сярод сяброў — удзельнікаў паездкі…»
1945, кастрычнік. Джон піша:
«Толькі што вярнуўся з заходняй часткі Ціхага акіяну. Апошняя мая база была ва Ўлітгі, выспы Заходнія Караліны. Тры з паловай дні ляцеў у Сан-Францыска, 6700 міляў, бо захварэла маці, і быў зь ёю тыдзень, да самага канца. Паколькі ў мяне было дастаткова балаў, штаб у Гуаме адпусьціў мяне, і цяпер я звольнены ў запас і жыву ў сваім доме ў Пасадэне. Перад службаю за мяжой служыў у Арызоне, Нью-Ёрку й Каліфорніі. Спадзяюся вярнуцца да мірнага жыцьця…»
1946, сьнежань. Піша з Лос-Анджэлесу:
«Са мной можна зьвязацца праз унівэрсытэцкі клюб. Я пляную сабраць старую гвардыю АРА на абед ці вячэру».
1950, красавік. З Лос-Анджэлесу:
«Ужо год як пакінуў заняткі бізнэсам. Аднак яшчэ даю сабе рады й, раптам нехта са старых сяброў будзе тут узімку, усьцешуся, калі яны мяне адведаюць».
1952, кастрычнік. «Меў магчымасьць гэтым летам тры месяцы падарожнічаць па Эўропе зь сям’ёй. Я ўпершыню ў Эўропе пасьля 1920-х гадоў. Мы наведалі Англію, Шатляндыю й Валію, затым Нарвэгію, Швэцыю, Данію й вярнуліся ў Галяндыю, потым была Бэльгія, затым у Нямеччыне плылі па Рэйне, пасьля адправіліся ў Інсбрук і праз горы ў Італію, дзе правялі некалькі тыдняў. Затым падарожнічалі па поўдні Францыі ды ў Швэйцарыі й перад вяртаньнем дадому наведалі Парыж. Па-за вялікімі гарадамі ўсюды, дзе мы былі, усё выглядала ў парадку. Пара ангельскіх, нямецкіх і італьянскіх гарадоў, зразумела, у дрэнным стане. Я моцна сумняюся, ці насамрэч Эўропе патрэбная нашая дапамога, апроч як адбудаваць разбураныя гарады. Наглыя палітыкі, ясна, іначай глядзяць на гэтую справу».
1953, кастрычнік. «Ужо пару гадоў як я пайшоў на пэнсію, але патроху займаюся рознымі справамі. Думаю правесьці лета ў гарах паблізу ад Лос-Анджэлесу, а за мяжу ня ехаць».
1956, красавік. 2 красавіка 1956 ва ўзросьце 57 гадоў у Каліфорніі памёр Джон Айкер.
1924, красавік. Піша ў газэту «Washington Herald» пад рубрыкай «Людзі, якія думаюць»:
«На жаль, спадар Гувэр прадаў сваю долю ў выданьні, і таму здаю сваю душу сп. Герсту датуль, пакуль бюро АРА не пачне наймаць новых людзей на працу».
Брэнд піша пра Віцебск амаль непрыязна. Гэтаксама й пра мястэчка Сэдалія ў штаце Місуры. Бедная Сэдалія! Брэнд гаворыць, што мае кантракт з газэтай «Christian Science Monitor» на сэрыю нарысаў, але гатовы ўсё кінуць, каб далучыцца да каманды АРА, што корміць галодных у Нямеччыне.