Выбрать главу

1960, красавік. «Я пайшоў на пэнсію 1 студзеня 1959, пасьля трыццаці гадоў працы, фактычна ўвесь час за мяжой. Баюся, прапушчу гэтую сустрэчу АРА, апошняя мне вельмі спадабалася. Дарэчы, я цяпер у Лёндане з нашымі калегамі з АРА Вольгай і Джорджам Гарынгтанамі, так што ўсё зусім гэтаксама, як у старыя часы».

1962, травень. Гарынгтан піша:

«У траўні мы з жонкай захапілі Дона Гардзі й праз Стакгольм і Хэльсынкі выправіліся ў Ленінград, затым у Маскву, на Каўказ, у Крым, Кіеў і адтуль у Вену».

У Менск Гардзі не заяжджаў.

Рэлф Герц,
лекар Менскай акругі

1923, сьнежань. Доктар Герц абвяшчае пра адкрыцьцё сваёй практыкі ў Рочэстэры, штат Мінэсота. Ралф выступіў перад лекарамі ў Рочэстэры зь лекцыяй на тэму «Гувэрызацыя Расеі». Мы заўсёды думалі, што «гувэрызацыя» азначае менш есьці, але мы ўпэўненыя, што нашая мэта ў Расеі была, каб людзі елі больш. Што ж тады азначае «гувэрызацыя Расеі»?

1925, ліпень. Ралф мае прыватную практыку ў Кліўлэндзе, штат Агаё.

1926, сьнежань. Ралф піша:

«Жанімства як паветраны балён: можна прызямліцца на вострую агароджу альбо ў бруд. Але напэўна некуды прызямлісься. Мараль: усё яшчэ халасьцяк».

1928, ліпень. Па-ранейшаму практыкуе хірургію ў Кліўлэндзе. Аўтар пэрліны ў пазамінулым нумары: «Жанімства як паветраны балён: можна прызямліцца на вострую агароджу альбо ў бруд». Апошняя навіна: «Спадарства Бокра абвяшчаюць пра шлюб сваёй дачкі Гізэлы й доктара Ралфа Герца ў нядзелю 25 сьнежня 1927».

1929, люты. Прырода бярэ сваё, і ўсьлед за нашым папярэднім паведамленьнем мы атрымалі наступную навіну ад Ралфа Герца:

«Ралф-малодшы нарадзіўся шаснаццатага! Што за хлопец! Вось яно як! Гэта пэўна вялікае й слаўнае пачуцьцё! Што да мяне, я стараюся разбудаваць практыку, гэта доўгі й сумны занятак, увесь час угору, але даю рады».

1937, сьнежань.

«1. Практыкую хірургію ў Кліўлэндзе, а таксама працую над нехірургічным лячэньнем язвы.

2. Летась быў абраны прэзыдэнтам Паўночна-Цэнтральнага клінічнага таварыства.

3. Шчасьліва жанаты — адзначаю дзясятую гадавіну шлюбу.

4. У якасьці доказу магу выставіць хлопчыка васьмі гадоў і дзяўчынку шасьці гадоў».

1941, студзень. «Займаюся хірургіяй у Кліўлэндзе. Таксама працую над дасьледаваньнем бактэрыцыднага ўзьдзеяньня халодных ультрафіялетавых промняў».

1942, сьнежань. «Мая заява на вайсковую службу ў якасьці лекара адхіленая, і я перажываю. Але я далучыўся да Кліўлэнд Грэйз, найстарэйшай вайсковай арганізацыі ў Агаё. Я таксама лекар акруговай прызыўной камісіі й такім чынам раблю свой унёсак у нашыя вайсковыя высілкі».

1944, студзень. «Хірург на абарончым заводзе, а таксама лекар у прызыўной камісіі, плюс прыватная практыка. Па-ранейшаму жанаты, хаджу ў Першую эвангеліцкую царкву й палюю на качак у вольны час, якога няма».

1945, студзень. «Практыкую хірургію. Таксама працую хірургам на двух абарончых заводах. Выкладаю ў нядзельнай царкоўнай школе. Кліўлэндзкія вэтэраны-мэдыкі ўключаныя ў склад міліцыі. Для адпачынку перарабіў човен у схованку для паляваньня на качак і спадзяюся на добрае паляваньне, калі надвор’е стане такім самым суворым, як у Расеі».

1946, сьнежань. «Шкада, што не змагу прыехаць на сустрэчу АРА. Учора Ралф-малодшы пайшоў на заняткі ва ўнівэрсытэт. Што да мяне: выступаў на хірургічнай сэкцыі Амэрыканскай мэдычнай асацыяцыі ў Сан-Францыска, маю запросіны выступіць у Вашынгтоне перад таварыствам рэўматолягаў і на сустрэчы Міжнароднага коледжу хірургаў у Дэтройце. Я буду паказваць свой фільм “Запаленьне падскурнага тлушчу як прычына (Ад рэдакцыі: Ралф, пішы друкаванымі літарамі гэтыя чортавы мэдычныя тэрміны!) болю ў крыжы”. Надалей выкладаю ў нядзельнай царкоўнай школе».

1949, студзень. «Ці я пісаў, што мяне абралі старшынём царкоўнае рады? Так, я быў старшынём тры гады. А ў студзені мяне абралі прэзыдэнтам клінічнага штату шпіталю Гленвіл. Нядаўна напісаў артыкул пра ішыяс (нэўральгія сядальнай нэрвы), які прыняў часопіс “Хірургія”».

1952, красавік. Наш вядучы кліўлэндзкі хірург і настаўнік царкоўнай школы пераехаў у Флорыду:

«Перабраўся ў краіну сонца каля году таму з прычыны здароўя. На апошняй сустрэчы Коледжу хірургаў быў уганараваны званьнем сэртыфікаванага “Сябра хірургіі”».