Скажу вам шчыра, пане Барысаў, у акруговай управе АРА ў Менску склалася нездаровая абстаноўка. Капітан Ўілабі — гультай і п’яніца, аднак замяніць яго пакуль няма кім. Я сам зьбіраўся выехаць туды й навесьці парадак. Але ўчора мяне выклікалі ў Наркамат замежных справаў і папярэдзілі, што, паводле іхных зьвестак, АРА займаецца варожай дзейнасьцю, і калі я, дырэктар, гэтага не спыню, дык буду абвешчаны пэрсонай нон грэта… Я пасылаю вас сваёй даверанай асобай, будзеце зьвязвацца са мной шыфрам па тэлеграфе.
Тэлеграфная лінія паміж Менскам і Масквой у аповесьці былога чэкіста запрацавала з павялічанай нагрузкай:
Шыфратэлеграма № 1: Гары Доналд сапраўды быў каштоўным кіраўніком, за кароткі час стварыў шмат пунктаў харчаваньня ў зоне дзеяньня паўстанцкіх атрадаў. Зьвязаўся з камандзірамі атрадаў, скардзяцца на Ўілабі, зьменшыў паставы харчаваньня. Праверыў — высьветлілася, што пасылкі спэцпрызначэньня збываюцца набок у абмен на каштоўнасьці.
Шыфратэлеграма № 4: Доктар Герц зьвязаў мяне ў Менску з падпольнай меншавіцкай арганізацыяй. Аказалася, гэта група гультаёў і дэмагогаў. Грызуцца з-за паек АРА. Ухіляюся ад далейшых сустрэчаў зь імі. Непазьбежна праваляць сябе й нас.
Шыфратэлеграма № 7: Ўілабі набыў у менскіх сіяністаў унікальнае калье, засыпанае дыямэнтамі. Мае гістарычную каштоўнасьць. Захоплена пры адступленьні Напалеона. Мною прапанавана Ўілабі калье адправіць вам. Сьцеражыцеся падробкі.
Шыфратэлеграма № 8: Вельмі важна. Доктар Герц атрымаў зьвесткі пра плянаванае закрыцьцё пунктаў АРА ў Беларусі. У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад капітана Штольца прысылкі яму дзесяці ампулаў халерных вібрыёнаў, маючы на мэце ўжыць іх пры закрыцьці АРА. Я катэгарычна забараніў, халера можа перакінуцца ў Польшчу й далей углыб Эўропы. Прыбярыце Герца, ён у п’яным чадзе пойдзе на прамы правал.
Завяршае «беларускі» разьдзел шыфратэлеграма Ўілабі Гаскелу:
Упаўнаважаны АРА Барысаў бясьсьледна зьнік, верагодна, загінуў пры сутычцы паўстанцкага атраду з савецкімі вайсковымі часткамі. Атрад разгромлены. Мясцовая адміністрацыя выставіла ўльтыматум: зьліквідаваць акруговую ўправу АРА.
Наклад мастацка-дакумэнтальнага твору — 300 тысяч асобнікаў.
У 1920-я гады ў Амэрыцы Гербэрт Гувэр чуў крытыку з другога боку — быццам амэрыканская падтрымка галодных праз АРА дапамагла бальшавікам выжыць і ўтрымаць уладу. АРА абвінавачвалі ў празьмернай спагадзе да саветаў, радыкальныя палітычныя й эмігранцкія арганізацыі ў друку спрабавалі скампрамэтаваць былых супрацоўнікаў, якія быццам мелі пракамуністычныя настроі. Аднак такі погляд не пашырыўся. Пераважылі маральны, агульначалавечы аспэкт ратаваньня людзей ад голаду й рэпутацыя Гувэра як самага цьвёрдага антыкамуніста ў амэрыканскім урадзе.
У Беларусі пра АРА ня згадвалі. 12-тамовая Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году й 4-тамовая Кароткая энцыкляпэдыя 1978 году АРА ігнаруюць. Праз тры чвэрці стагодзьдзя пасьля ад’езду амэрыканцаў зь Менску, Віцебску й Гомелю, у 1996 годзе ў незалежнай Беларусі выйдзе новая энцыкляпэдыя з артыкулам «АРА». У ім будзе згадвацца дзейнасьць амэрыканскай адміністрацыі дапамогі ў Вугоршчыне, Румыніі й Баўгарыі, Паволжы і Ўкраіне.
Беларусі ў артыкуле ня будзе. XX стагодзьдзе для АРА ў Беларусі завершыцца зьнямелым маўчаньнем акадэмічнай нацыянальнай гістарыяграфіі.
Праца над гэтай кнігай пачалася восеньню 2000 году, калі я выпадкова пабачыў сваё прозьвішча ў лістох зь Беларусі Гербэрту Гувэру. Тады ж, у сэрыі перадачаў «Лісты з Каліфорніі», якую я вёў з Гувэраўскага інстытуту, на Радыё Свабода ўпершыню прагучалі згадкі пра дзейнасьць АРА ў Менску, Віцебску, Гомелі. Але грунтоўнае дасьледаваньне патрабавала нашмат больш часу. Гэтак званы «расейскі» архіў АРА ў Каліфорніі складаецца з 555 скрынак, у кожнай некалькі сотняў старонак машынапіснага тэксту — службовая перапіска, загады, справаздачы, тэлеграмы, фінансавыя дакумэнты, пераклады мясцовага друку… Асобна захоўваюцца нефарматныя матэрыялы й ілюстрацыі.
Апроч таго, у калекцыі Гувэраўскага інстытуту адсутнічала адна надзвычай важная рэч — дакумэнты другога боку: савецкія архіўныя матэрыялы, публікацыі мясцовага пэрыядычнага друку. Іх трэба было шукаць у Беларусі.
Два гады пасьля вяртаньня з Каліфорніі пайшлі на гэтую працу. У сакавіку 2003 у эфір выйшла першая перадача цыклю «АРА ў Беларусі. 1922–1923. Невядомыя старонкі амэрыканскай дапамогі». На працягу чатырох месяцаў слухачы маглі пазнаёміцца з гісторыяй амэрыканскай дапамогі, якая ратавала жыцьці й здароўе сотняў тысяч жыхароў краіны. Апошняя, трыццатая перадача прагучала ў чэрвені й прыпала на 85-я ўгодкі завяршэньня апэрацыяў АРА ў Беларусі. У апошнім выпуску ўзяў удзел унук Гербэрта Гувэра.