Выбрать главу

— Я пэўны, што хаця ён не паказваў гэтага публічна, але ён асабіста быў паранены. Ён ведаў дакладна, што ён рабіў, што было дасягнута. Думаю, на той час ён ужо меў досыць досьведу працы з савецкімі ўладамі, каб зразумець, якія яны двудушныя. Яны дзейнічалі ў сваіх інтарэсах, калі спрабавалі прыменшыць значэньне працы АРА. Я ня ведаю, магу толькі здагадвацца, часткова — магчыма, таму, што адчувалі сваю віну за тое, што голад здарыўся. Але наколькі я ведаю, многія праблемы былі штучна створаныя. І недахоп харчу выкарыстоўваўся як палітычная зброя. Мой дзед напэўна ведаў гэта. І савецкія ўлады напэўна ведалі. Калі вы хочаце дапамагчы насельніцтву падчас голаду, як мой дзед у Савецкім Саюзе, няшмат чым можна запярэчыць намаганьням ураду, які спрабуе прыменшыць значэньне гэтай працы. Трэба зрабіць выгляд, быццам ня чуеш гэтага, і надалей рабіць сваю справу найлепш магчымым чынам. Але я ўпэўнены, што яму не падабалася выслухоўваць абвінавачаньні.

— Як вы думаеце, ці займаўся б Гербэрт Гувэр дапамогай, каб ведаў пра такую «ўдзячнасьць» наперад?

— Я думаю — абсалютна так. Ён рабіў бы тое самае. Ня думаю, што сярод матываў, якія рухалі ім, была самадавольнасьць ці жаданьне давесьці, што саветы ня маюць рацыі. І ў сваёй папярэдняй, і ў наступнай дзейнасьці матывам Гувэра было дапамагчы людзям, якія ня ў стане дапамагчы сабе самі й якім не дапамагалі ўрады, што не выконвалі сваіх абавязкаў. Адказ на вашае пытаньне — абсалютна так, ён бы гэта зрабіў зноўку.

— Паводле адукацыі Гербэрт Гувэр быў горным інжынэрам. Ён ператварыў дабрачынную акцыю ў арганізацыю, якая ва ўмовах разрухі, палітычнага хаосу, безуладзьдзя, транспартных цяжкасьцяў і памежных бар’ераў пасьляваеннай Эўропы працавала нават не як гадзіньнік ці адладжаны мэханізм, а як жывы арганізм, які эфэктыўна дзейнічаў у разнастайных зьменлівых умовах. Чым патлумачыць гэты вынік?

— Мой дзед шмат падарожнічаў. Нехта сказаў: калі сьвет — гэта кніга, не падарожнічаць азначае прачытаць толькі адну старонку. Мой дзед прачытаў шмат старонак сьвету. Ён і ягоная жонка, мая бабуля, і мой бацька, і дзядзька жылі шмат дзе ў сьвеце. Ён вельмі выразна ўсьведамляў розьніцу паміж сыстэмай свабоднага прадпрымальніца й дэмакратычнага падыходу да праблемаў, як гэта рабілася ў Злучаных Штатах, і тым, што тады адбывалася шмат дзе ў сьвеце, у тым ліку ў Расеі. Ён шмат падарожнічаў па Расеі, калі яна яшчэ не была Савецкім Саюзам. Ён ведаў пра патрыятызм расейцаў, і гэта ўлічвалася ў арганізацыі працы. Часам людзі спрабуюць накінуць сваю структуру на іншую культуру. Я думаю, ён спачувальна ставіўся й вельмі добра адчуваў асаблівасьці месцаў, дзе працаваў.

— Скажыце, хто яшчэ зь сям’і Гербэрта Гувэра ўдзельнічае ў працы Гувэраўскага інстытуту?

— Мой стрыечны брат Эндру, дзядзькаў сын, таксама сябра рады наглядальнікаў. Але ён жыве ў Дэнвэры й нячаста прыяжджае на сходы. Я бяру ўдзел ва ўсіх паседжаньнях, калі я не за мяжой, і звычайна гэта чатыры сходы штогод. Я сябра выканкаму рады, сябра самой рады, і я таксама быў старшынём рады цягам шасьці гадоў. Я ўдзельнічаю ў справах Гувэраўскага інстытуту гэтулькі, наколькі гэта магчыма. Раз на тыдзень гавару з дырэктарам інстытуту. Так, я актыўна ўдзельнічаю ў працы інстытуту.

Калі я расшукваў беларускія сьляды АРА, мой кабінэт знаходзіўся ў Гувэраўскай вежы. Вежа была спраектаваная й пастаўленая ў сэйсманебясьпечнай Каліфорніі ў канцы 1930-х — дзякуючы інжынэрнаму таленту Гувэра яна перажыла шматлікія землятрусы. На першым паверсе вежы — невялікая музэйная экспазыцыя, фатаздымкі, падарункі, удзячныя лісты ад эўрапейскіх урадаў, а таксама асабістыя рэчы Гербэрта Гувэра, і сярод іх — вуда.

Я спытаўся ўнука прэзыдэнта, ці браў дзед калі яго з сабой на рыбу.

— Так, сапраўды. Насамрэч, у мяне ёсьць некалькі ягоных вудаў і рыбацкі рыштунак. Калі мне было сем гадоў, дзед узяў мяне з сабой на рыбу ў Орэган. Мы лавілі стронгу. І ён вельмі выразна растлумачыў мне, што ёсьць адзіны спосаб лоўлі стронгі — на штучную муху. І паколькі мне было толькі сем гадоў, мне дазвалялася карыстацца штучнай мухай на гачку з зазубенем, які не дае рыбе сарвацца. Але калі мне споўнілася восем, гачок быў без зазубеня — гэта азначала, што мне ўжо трэба падвысіць майстэрства, каб злавіць рыбу. І яшчэ адно патрабаваньне дзеда — я мусіў зьесьці ўсё, што злавіў і прынёс дахаты. Ліміт быў дванаццаць рыбаў. Дзевяці- ці дзесяцігадоваму хлопчыку даволі цяжка зьесьці дванаццаць рыбінаў за дзень. Так што назаўтра я ўжо практыкаваў рыбалку «злавіць — выпусьціць» — задоўга да таго, як гэты спосаб набыў папулярнасьць. Я прыносіў толькі адну ці дзьве рыбіны — і ўсё. Думаю, мой дзед зразумеў неабходнасьць аховы навакольля й экалёгіі вельмі-вельмі даўно. І ён быў выдатным рыбаком. Ён мог злавіць рыбу, калі ніхто больш ня мог. Нават прэзыдэнцкія ахоўнікі губляліся ў здагадках, як яму гэта ўдавалася. А ён мог.