Выбрать главу
Анатоль Бутэвіч
Прыгоды памаўзлівай Рыскі

Займальная казка з трагічным фіналам

НАПАЛОХАНАЯ ЦІКАЎНАСЦЬ

Не далёка і не блізка, не высока і не нізка, а ў адным вялікім беларускім горадзе на беразе рэчкі, у прасторнай і ўтульнай кватэры на чацвёртым паверсе жыло-было памаўзлівае кацяня. А гаспадынькай ягонай была дзяўчынка Надзейка.

За пярэсты колер поўсці кацянятка назвалі Рыскай.

Было яно маленькае, пушысценькае, на кароткіх тоўстых ножках. Абапал рухомай пыскі шавяліліся пышныя вусы. Над вялікімі круглымі вачамі замест броваў чамусці тырчалі па тры доўгія шчацінкі. Доўгі і пушысты, як у вавёркі, вірлівы хвосцік, здавалася, жыў сваім уласным неспакойным жыццём.

Рыска аказалася на здзіўленне цікаўнай. Не паспела з'явіцца ў кватэры, як ужо да ўсяго пільна прыглядалася, усё хацела пакратаць сваімі мяккімі лапкамі, у якіх былі схаваны вострыя кіпцікі, паспрабаваць на зуб. Калі яна нешта нюхала, у яе смешна крывілася пыска, торгаліся вусы і нават шавяліліся бровы і скручаныя трубачкай вушы.

І гарэзай Рыска была проста неверагоднай.

Бывала, залезе на стол, абнюхае ўвесь посуд і незнарок сапхне нейкі кубачак. А сама схаваецца пад канапу – ці то ад наробленага шуму, ці то ад страху перад пакараннем.

А то зачэпіцца кіпцікамі за карункавую фіранку і гушкаецца на ёй, як на арэлях, пакуль разам з ёй не бразнецца на падлогу. І так заблытаецца ў тоненькай тканіне, што і вылезці без дапамогі Надзейкі не можа.

Іншым разам доўга пазірае на гульню рыбак у круглым акварыуме, а пасля ўскочыць на столік і лапкай драпае па шкле, нібыта спрабуе падагнаць іх, каб не ленаваліся хутчэй плаваць.

А то спалохана-здзіўлена пазірае на экран тэлевізара, калі там паказваюць свет жывёл. І вельмі радуецца, калі Надзейка выключыць тых клыкастых пачвар-кракадзілаў, што спадцішка хапаюць свае ахвяры.

А якое раздолле было Рысцы, калі яна стала выходзіць у двор! Тут ужо цікавых рэчаў нюхаць – не перанюхаць, драпаць – не перадрапаць, кусаць – не перакусаць…

Ад усяго гэтага хадзіла Рыска з паколатым носікам, з абламанымі кіпцікамі, бруднымі лапкамі і вусамі…

Аднойчы Надзейчын тата прыехаў дамоў на вялізнай бліскучай цаццы на чатырох колах. Пасля гэтага сталі яны ўсе разам залазіць у яе і некуды знікаць на цэлы дзень. Старэйшы Надзейчын брат Сяргей хваліўся сябрам, што яны з татам ездзілі на машыне то ў лес, то на рыбалку, то да бабулі ў вёску.

Рыску ж з сабой не бралі, пакідалі ў кватэры адну. Калі яны вярталіся, Рыска радасна бегала вакол машыны, залазіла пад яе, прагна ўдыхала пах далёкіх дарог.

Часам ёй удавалася ўскарабкацца на вялізную цацку і пабегаць, а то і пакоўзацца па яе гладкай паверхні. Вядома, пасля гэтага на белай фарбе машыны заставаліся брудныя Рысчыны сляды, якія Сяргей хуценька выціраў, праганяючы і ціха сварачыся на памаўзлівае кацяня.

Але цікаўнасць перамагала, і Рыска зноў залазіла на гэтую бліскучую цацку. Не раз зазірала яна цераз выпуклае шкло ўнутр, дзе было яшчэ больш розных дзівосных забавак.

І вось аднойчы, калі Надзейчын тата забыўся зачыніць дзверцы, Рыска ціхенька залезла ў машыну. Ну і здаволіла ж яна сваю цікаўнасць, уволю абнюхваючы і драпаючы розныя незнаёмыя рэчы!

Але каб жа ведаць, дзе павалішся…

Раптам у прадаўгаватым люстэрку, што вісела высока ўгары, Рыска ўбачыла… яшчэ аднаго коціка, які ўважліва пазіраў на яе, нібыта запрашаў пазнаёміцца.

Рыска таксама зацікавілася гэтым пушысцікам. Яна хацела наблізіцца да яго, каб панюхаць чырвоную пыску і паторгаць за доўгія вусы.

Рыска залезла на нейкі чорны абаранак, стала на заднія лапкі – ужо зусім блізка той пушысцік, вось-вось дацягнецца да яго…

І раптам нешта пад нагамі Рыскі як запішчыць, як зойдзецца ў доўгім пранізлівым крыку!

Рыска маланкай скацілася з чорнага абаранка, выскачыла праз прачыненыя дзверцы з машыны і зашылася ў куст бэзу. Ледзьве Сяргей яе адтуль выбавіў.

Пасля таго здарэння да гэткай крыклівай цацкі Рыска доўгі час нават не падыходзіла.

А Надзейка заўважыла, што і да іншых рэчаў кацяня стала адносіцца з паважлівай насцярожанасцю.

У выніку носік у Рыскі загаіўся, а кіпцікі на чыстых лапках сталі вострыя і бліскучыя.

Але ці надоўга?

РЫСКА-МАСТАЧКА

Цікаўнасці памаўзлівай Рыскі, здавалася, не будзе межаў. Яна ні на крок не адступалася ад Надзейкі, усё выглядвала, вывіжоўвала, чым тая займаецца, што робіць.

Калі Надзейка ішла ў садзік, а яе старэйшы брат Сяргей у школу, Рыска вынюхвала і аглядвала ўсе куткі ў кватэры, аблазіла ўсе падложкі, падсталы і падканапы.