Выбрать главу

Пакуль вышэйшыя служкі марудзілі ды разважалі, самыя паслухмяныя сеціўцы сталі зносіць і звозіць на галоўную плошчу свае камп’ютэры. Неўзабаве пачала расці сапраўдная гара з некалі так патрэбнай і неабходнай кожнаму сеціўцу тэхнікі.

Разгубленасць у каралеўскім палацы таксама расла. Вышэйшыя служкі так і не прыдумалі, што рабіць. Звязвацца з каралём не адважваліся. Яны нават не ведалі, ці павінны здаваць свае ўласныя камп’ютэры. І каму здаваць? Бо нават тых, што былі прынесены на галоўную плошчу, ніхто не ўлічваў, не браў пад ахову.

А што рабіць з самым галоўным, самым вялікім і магутным камп’ютэрам, які ў каралеўскім палацы? Там жа гэтулькі патрэбнай і каштоўнай інфармацыі, што без яе каралеўства проста ні дня не пражыве.

Добра, што галоўны камп’ютэршчык каралеўства Камп Кампавіч не спяшаўся адключаць разумныя машыны, разбураць сеткі і спыняць сувязь з найважнейшымі аб’ектамі, з замежнымі партнёрамі. Ён вырашыў яшчэ раз уважліва перачытаць розныя дакументы, што захоўваліся ў памяці галоўнага камп’ютэра, каб зразумець, што трэба рабіць у такіх непардбачаных сітуацыях.

Пра гэта ён і сказаў вышэйшым служкам палаца. Тыя як за ратавальную саломінку ўхапіліся за гэткае рашэнне.

А на плошчы не сціхала гамана. Адначасова з ростам камп’ютэрнай гары расла і незадаволенасць сеціўцаў. Яны пачыналі адмоўна выказвацца пра свайго караля. Некакторыя нават патрабавалі адхілення яго ад ўлады.

- Не хоча кароль абараняць нашы інтарэсы, тады навошта нам такі гаспадар.

- Правільна! – падхоплівалі сотні галасоў. – Хай застаецца на той далёкай планеце. Назаўсёды. А мы сабе новага караля прызначым.

- Як гэта ты прызначыш? – пярэчыў нехта спакайнейшы – Хто табе такое права даў? Мо сам кароль? То ты і нам пакажы той дакумент. Мы яго па камп’ютэрах усім сеціўцам накіруем.

- Ага, і хадзіць далёка не трэба. Камп’ютэры ж тут вось, у кучу звалены...

Жарты жартамі, а сітуацыя і сапраўды станавілася небяспечнай.

Высокія каралеўскія служкі насядалі на Кампа Кампавіча, каб ён неадкладна звязваўся з каралём. Каб удакладніў, што меў на ўвазе Віндаўс Вялікі, калі аддаваў свой загад.

Але галоўны камп’ютэршчык не спяшаўся.

Плошча гула і віравала. Кожны выказваў сваё меркаванне, даваў свае парады, патрабаваў адказаў. Але хто мог ім адказаць, калі ніводзін з высокіх служкаў не асмеліўся выйсці з палаца.

Калі ж сітуацыя стала амаль што крытычнай, і неўзабаве нешта павінна было адбыцца, на плошчу прыбег задыханы хлапчук. Гэта быў сын аднаго з простых камп’ютэрных рамонтнікаў.

- Стойце! Пачакайце! – крычаў хлапчук. – Татка просіць, каб вы яшчэ раз прачыталі ўказ караля...

Засмяяліся сеціўцы, незадаваолена фыркнулі:

- А навошта нам перачытваць? Мы і так ведаем, што загадвае кароль. Толькі вось не можам зразумець, дзеля чаго...

Але сёй-той пачуў хлапчукову просьбу. Нехта дастаў з кучы свой камп’ютэр, уключыў яго. Манітор Дысплеевіч ахвотна паказаў каралеўскі ўказ.

Пачалося ледзь не харавое чытанне.

“Я, вышэйшай міжзорнай сілай падтрыманы ўладар Сусветнага Сеціва, ваш кароль і гаспадар законны, аддаю неаспрэчны загад і безапеляцыйна патрабую, каб да поўдня сённяшняга дня ўсе сеціўцы без выключэння аднеслі свае камп’ютэры на галоўную плошчу нашага каралеўства...”

І так далей, і так далей.

- Ды што тут чытаць – адно час марнаваць? Ведаем мы ўказ. Хай лепш хто-небудзь патлумачыць, што нам рабіць? Як жыць будзем без камп’ютэраў?

- А вы не спяшайцеся, - настойваў хлапчук. – Татка прасіў, каб вы да канца дачыталі ўказ.

- Калі твайму татку няма чаго рабіць, то хай ён і забаўляецца чытаннем бяссэнсоўных загадаў...

Аднак іншага выйсця не было, і сеціўцы працягвалі чытанне. Калі дайшлі да канца, усе запытальна перавялі позіркі на хлапчука. Той не спалохаўся колкіх вачэй і настойліва параіў:

- Татка прасіў дачытаць да самага канца.

- Мы і дачыталі, - запярэчыў адзін.

- У канцы стаіць прозвішча караля, - дадаў другі.

- Вось яго і прачытайце, - папрасіў хлапчук.

- А што тут чытаць? Кароль... кароль, - той, хто чытаў, заікнуўся. – Нешта невыразна імя караля чытаецца...

- Кароль Віндаўс Вялікі, - падказаў нехта з натоўпу.

- Не, тут штосьці іншае. Тут напісана: кароль Вірус Вялікі...

- Хто-хто? – прагучала адразу некалькі галасоў. – Хіба ты чытаць не ўмееш?

- Давайце ўключым яшчэ адзін камп’ютэр.

Пакуль шукалі каралеўскі сайт, з палаца на плошчу выйшаў галоўны камп’ютэршчык Камп Кампавіч.

- Цішэй! – прамовіў ён. – Прашу цішыні! Паслухайце, што я вам скажу...