Выбрать главу

І Камп Кампавіч паведаміў, што гэта не каралеўскі ўказ. Гэта фальсіфікат, падробка. Падман, адным словам. Вірус Шкодзя насваволіў. Ён прысвоіў сабе тытул караля, назваўся Вялікім. А што да імя, то, відаць, разлічваў на даверлівасць сеціўцаў, меркаваў, мала хто зверне ўвагу – Віндаўс ці Вірус. Па звычцы прачытаюць тое, што трэба.

Так і выйшла. Падмануліся сеціўцы. Прывыклі давяраць свайму каралю. І ледзь не паплаціліся за такую няўважлівасць. Ледзь не перахітрыў іх нахабны Вірус Шкодзя.

На што разлічваў? Напэўна, па ранейшаму намагаўся паквітацца з каралём Сусветнага Сеціва Віндаўсам Вялікім. Ды пільнасць сеціўскага рамонтніка і настойлівасць ягонага сына перашкодзілі яму.

- А дзе, дзе гэты шкоднік? – пачуліся незадаволеныя галасы.

Паспрабавалі знайсці адрас у камп’ютэры. Але нечакана з экрана пачаў знікаць тэкст каралеўскага ўказа. Неўзабаве ён зусім растварыўся недзе ў камп’ютэрных глыбінях.

А мо гэта Вірус Шкодзя, які сеў у міжсусветны зоркалёт і са з’едлівым смехам ўзяў кірунак на сваю планету Вірусанія, забраў яго з сабой? Каб падмануць некага іншага?

Таму ніколі не губляй пільнасці і ўважлівасці, мой юны сябар, калі працуеш на камп’ютэры.

КАМУ НАШКОДЗІЎ ВІРУС ШКОДЗЯ

Аднойчы вырашыў Вірус Шкодзя пабыць добранькім. Як быццам стаць добрым можна па загаду. Проста настрой такі з’явіўся ў яго, мо надакучыла шкодзіць. Але дзе ты той дабрыні возьмеш, калі ўвесь час толькі штукарствам ды свавольствам займаўся, з даверлівых людзей пацьвельваўся?

Аднак адступаць ад свайго Шкодзя не прывык. Лазіў-блукаў ён па камп’ютэрных лабірынтах – таемна, вядома, і нечакана натрапіў на звесткі, што ў аднаго багаценькага сеціўца шмат грошай захоўваецца на банкаўскім рахунку. Вырашыў Шкодзя падзяліцца чужым набыткам з кім-небудзь з менш багатых.

Узламаў ён ахоўны банкаўскі код і атрымаў доступ да рахунка. А тады ўзяў і напісаў аднаму хлапцу-сеціўцу – заядламу камп’ютэршчыку Юзеру - пісьмо, у якім павіншаваў яго з вялікім выйгрышам у міжзорнай латарэі. А да пісьма рахунак прыклаў на значную суму.

Думаў, во здзівіцца і парадуецца нечаканаму шчасцю юнак!

Пачаў назіраць за рэакцыяй шчасліўчыка.

Уключыў Юзер камп’ютэр, каб праверыць пошту, і сапраўды здзівіўся. Можна сказаць, нават спалохаўся. Але не ад радасці, а ад нечаканасці. Хто гэта яму такі шчодры падарунак зрабіў? Хто і адкуль прыслаў гэтулькі грошай?

Колькі ні думаў, нічога не мог прыдумаць. Розныя нядобрыя думкі лезлі ў галаву. Палічыў, што нехта проста здзекуецца з яго, падкупіць збіраецца, каб на якую-небудзь невядомую планету завезці.

Вірус жа хуценька вывеў на экран Манітора Дысплеевіча канцоўку свайго фальшывага пісьма. У ім было сказана, што Юзеру выпаў вялікі выйгрыш у міжзорнай латарэі. Шкодзя ўжо гатовы быў разам з атрымальнікам грошай задаволена засмяяцца – хлопец ад таго, што грошы вялікія, а Вірус, што так удала паспрыяў чалавеку.

Але замест смеху давялося Шкодзі сумна скрывіцца – юнак не толькі не ўзрадаваўся, ён проста абурыўся:

- Хто гэта так няўдала пажартаваў? Хто здзекуецца з мяне? Я ж ніякай латарэі не купляў, адкуль у мяне выйгрыш?..

Наважыўся Вірус пераканаць хлапца. Ужо і пісьмо сваё хлуслівае скляпаў ад імя сябра з іншай планеты. Маўляў, гэта ён купіў Юзеру латарэйны білет, але не паспеў адаслаць яго да ўсеагульнага дня смеху. А цяпер вось разам з выйгрышам і паведамляе пра шчаслівы выпадак.

Закончыў Вірус Шкодзя пісаць, засталося толькі падпісацца. Але нечакана задумаўся: не будзе ж ён сваё сапраўднае прозвішча называць, таямніцу парушаць.

Пакуль думаў-разважаў, Юзер пачаў хуценька клавішамі Клавіятуры туркатаць.

Напісаў, што ніякага сябра-дабрадзея на іншых планетах у яго няма. Значыць, падман. А таму ён патрабуе – Вірус ажно здзівіўся: нічога сабе – бач, які суровы: нават патрабуе – каб гэтыя грошы невядомы адрасат забраў назад. А то пакліча на падмогу доктара Антывіруса і тады...

“Ого, які рашучы... – здзівіўся Шкодзя. – Нічога, хутка ачахне, перадумае і забярэ грошы”.

Вірус не мог паверыць, што безграшовы юнак можа так проста адмовіцца ад вялікай сумы.

Тым часам Юзер націснуў на адну кнопку, на другую, пакруціў Мышкай, правёў іншыя маніпуляцыі, і з экрана Манітора Дысплеевіча знікла чужое паведамленне. А разам з ім паляцелі ў невядомасць і тыя грошы, што мог бы атрымаць Юзер.

Мог бы, але не захацеў. Не пажадаў незаслужана прысвойваць тое, чаго сам не зарабіў.

Грошы вярнуліся на рахунак ранейшага гаспадара.

Падзівіўся Вірус Шкодзя гэткай юнацкай сумленнасці ды ў шлях-дарогу міжзорную выправіўся, на сваю планету Вірусанія. Мо каб новы спосаб падману знайсці?