Выбрать главу

Вучні зачаравана глядзелі на іканастас, размаляваныя сцены, калоны, столь, пазалочаныя люстры, на малахіт, лазурыт... У іх вачах было непадробнае здзіўленне. I толькі ў аднаго вучня, калі б хто-небудзь пільна паглядзеў яму ў вочы, заўважыў бы там абыякавасць. Хіба адно адчуў: нецярпенне. Вочы яго былі, як бегункі.

— Што з табой, Вадзім? — заўважыла душэўны сябраў неспакой Вераніка.— Табе што, нецікава тут?

— Мне гэтыя святыя будуць сніцца ноччу... Мне каб бліжэй да рэальнага жыцця. Там, дзе вірыць Неўскі праспект, дзе народ...

— Не пазнаю цябе, Вадзім,— здзівілася Вераніка, калі ён адмовіўся ісці з ёю і групай па крутой лесвіцы-спіралі пад купал на тэрасу, адкуль як на далоні быў відаць горад.

Вадзім, які ўгаварыў аднакласніка Аляксея Антохіна (з ім ён пасябраваў у сёмым «С») застацца разам унізе, меў свой план. Ён і не даваў яму спакою. Вадзім ведаў, што яго маці, Наталля Сямёнаўна, якая па просьбе Антаніны Фёдараўны прыехала ў Ленінград, зараз недзе стаіць у чарзе па білеты ў Эрмітаж. Пакуль маці купіць білеты, а група з класнай агледзяць горад з тэрасы сабора, можна збегаць у бліжэйшы універмаг. А адтуль самастойна прыйсці да Зімняга палаца. Хады тут на хвілін дзесяць — пятнаццаць. Чаму так цікавіў Вадзіма універмаг? Калі Спейс-Лысы і Цім даведаліся, што Вадзім з класам едзе ў Ленінград, адразу ж далі «баявое заданне»: прыхапіць там дваццаць цюбікаў клею «Момент». Яны ведалі, што ён выпускаецца і прадаецца ў Ленінградзе. Далі яму на дарогу «дваццаць-пятку», якую ён схаваў у патаемнай кішэньцы пінжака, каб не агледзела маці.

Вадзім і Аляксей Антохін выйшлі з сабора, перабеглі вуліцу, спыталі ў сівога дзядулі з кульбачкай, як трапіць у бліжэйшы універмаг. Па дарозе Вадзім расказаў Аляксею, чаго яму туды трэба. «Сусед па лесвічнай пляцоўцы, які працуе шаўцом у кааператыве, папрасіў клей «Момент», кажа, бывае толькі ў Ленінградзе. Назва яго гаворыць сама за сябе. Хапае імгненна! Вось такі яму клей трэба»,— бессаромна маніў сябруку Вадзім, а сам у душы радаваўся: «Святая прастата! Відаць, ні разу не нюхаў яго. Затое я спрабаваў. Б'е па мазгах сапраўды імгненна...»

Калі ўвайшлі ва універмаг, адразу пайшлі шукаць адпаведны аддзел. Знайшлі яго хутка. На вітрыне сярод рознай драбязы Вадзім убачыў жаданы жоўта-карычневы цюбік. Дамовіўся з Аляксеем, што кожны спачатку бярэ па пяць. Але як толькі яны папрасілі ў немаладой прадаўшчыцы дзесяць цюбікаў, тая акінула вокам юных пакупнікоў і запытала:

- Навошта вам столькі?

Хлопцы на нейкую хвіліну сумеліся, затым Вадзім бойка адказаў:

— Мы прыезджыя... Здалёк... У нас такога клею няма. Суседзі папрасілі купіць...

— А можа, вы якія таксікаманы? — з падазронасцю глядзела на хлопцаў прадаўшчыца.

Вадзіма ледзь не скаланула на гэтых словах. Па целе прабеглі дрыжыкі. Яму здалося, што яго нібы ведае гэтая незнаемая жанчына. «Няўжо на твары ў мяне напісана, хто я? Здаецца, у мяне пакуль звычайны твар...»

Было ясна, што трэба шукаць іншае выйсце. «Ну што ж, прыдумаем...» — Вадзім штурхнуў сябрука, і яны пайшлі да выхада. Пастаялі каля дзвярэй. Убачылі трох дарослых хлопцаў, якія было відаць, кіраваліся ва універмаг. Вадзім падышоў да іх і пачаў прасіць, тыцкаючы ў рукі аднаму «дваццацьпятку», купіць дваццаць цюбікаў «Момента», а рэшта, пяць рублёў, маўляў,— іх (цюбік каштаваў адзін рубель). Вадзім не пашкадаваў гэтай «пяцёркі», тым больш што яна была не яго. Тыя з ахвотай згадзіліся і праз некаторы час вынеслі тавар. Вадзім сунуў цюбікі ў дыпламат, які ён узяў з сабой і, сказаўшы Аляксею: «Пайшлі!», рушыў у бок Эрмітажа.

Любавацца горадам, вуліцамі-стрэламі Пятра хлопцам не было калі: яны спазняліся на экскурсію ў Эрмітаж, хоць Вадзіма не вельмі туды і вабіла. Хваляваўся адзін Аляксей:

— А што, калі наша група пойдзе ў Эрмітаж, а мы застанемся на вуліцы?

— Ну і што? Падумаеш...— Вадзім быў задаволены сваім урэшце здзейсненым планам.— Колькі тут яшчэ ўсяго цікавага: Летні сад з домікам Пятра, Петрапаўлаўская крэпасць, «Аўрора», Рускі музей, музей Пушкіна... Мне маці пра гэта не раз расказвала. Вось куды б я з задавальненнем схадзіў, дык гэта ў кунсткамеру Пятра Першага.

— А што гэта такое?

— Антрапалагічны музей, дзе сабраны разнастайныя рэдкасці...

Выйшлі на Дварцовую плошчу, на якой вірыў Народ і, быццам змяя, выцягнулася ад кас Зімняга палаца да Александрыйскага слупа чарга. Вадзім і Аляксей мінулі чаргу, абагнулі палац злева і падышлі да ўвахода ў Эрмітаж. Падняліся па высокіх прыступках і праз высокія дзверы ўвайшлі ў вестыбюль, сцены і падлога якога ззялі белым мармурам. Нідзе групы іх не было відаць. Значыць, пайшлі, не дачакаліся іх.