Маці спачатку ўпарцілася, але пасля таго як Анастас заявіў, што кіне вучылішча, і перастаў хадзіць на заняткі, дала сыну грошы.
На другім годзе навучання Дзік разам з двума сябрукамі пабілі свайго выкладчыка. За тое, што ставіў ім нездавальняючыя адзнакі. Падпільнавалі вечарам, перад гэтым выпіўшы, і моцна адлупцавалі. Той падаў у суд. I Дзік разам з сябрукамі атрымаў два гады папраўча-працоўнай калоніі для непаўналетніх. Калі вярнуўся з калоніі, з дапамогай сваякоў уладкаваўся на завод. Тады і пазнаёміўся ён са Спейсам-Лысым.
Вечарам на гарадской дыскатэцы Спейс выйшаў пакурыць у туалет. Там стаялі гэткія ж хлопцы, як ён, і пыхкалі цыгарэтамі. Але вось усе пайшлі танцаваць, а адзін, таўсматы, нізкарослы, з тварам, нібы абветраным на сіверы, са шрамам на носе, наколкамі на пальцах, застаўся дакурваць «прыміну». Спейс вырашыў загаварыць з ім першы. Слова за слова — і выявілася, што Дзік вучыўся ў тым жа вучылішчы, што і Лысы. Новы Спейсаў знаёмы назваў сябе Анастасам. Увесь вечар на дыскатэцы хлопцы былі побач і нават дамоў пайшлі разам. Пры развітанні Дзік даў свой адрас, пахваліўся, што ў яго ёсць відэамагнітафон, і дазволіў заходзіць. Пасля гэтага Спейс-Лысы пасябраваў з ім, перагледзеў ці не ўсе відэакасеты, якія невядома якім чынам даставаў гаспадар, упершыню паспрабаваў наркотыкі. Дзік жыў з хворай маці: гора, якое яна перанесла, забірала здароўе. Але парадак у хаце старалася падтрымліваць. Варыла ежу свайму-адзінаму роднаму чалавеку, радуючыся, што дачакалася яго з калоніі.
Аднаго разу Спейс-Лысы падумаў, што ён даўнавата не бачыў Дзіка — пасля таго як прыносіў цыгарэты з траўкай у падвал «пацукам», — і накіраваўся да яго. Да гэтага, днём і вечарам, заходзіў да Дзіка, але хата была на замку.
Першае, што заўважыў тады Лысы, калі ўвайшоў у дом (ён быў не замкнуты), дык гэта беспарадак. Ранейшай утульнасці, якую стварала Анастасава маці, тут цяпер не было. Усюды валялася смецце, нейкія абрыўкі паперы. Стаяла мёртвая цішыня. Нідзе нікога. Тады Лысы вырашыў заглянуць у спальню, сунуўся туды... I застыў. На падлозе былі параскіданы недакуркі, бутэлькі, а на коўдры, якой быў накрыты Дзік, ляжалі пачка замежных цыгарэт і... шпрыц, самы звычайны медыцынскі шпрыц, якім робяць ін'екцыі. Спейс зразумеў, у чым справа, і пачаў катурхаць Дзіка. Той, не падымаючы галавы, нешта мармытаў, вымаўляў незразумелыя гукі. Некалькі секунд Лысы патаптаўся па недакурках і зноў пачаў катурхаць Дзіка. Нарэшце сябрук лыпнуў адным вокам, потым другім. I, як праз туман, глядзеў на Спейса.
— Анастас, ды гэта ж я... Ты што, не пазнаеш? Я... Спейс-Лысы...
I толькі тады Дзік нібы спусціўся з неба на зямлю, сказаў глуха і працяжна:
— А-а-а.. Лысы? Здароў, Лысы.
— Што здарылася, Анастас? Чаму ў хаце такі беспарадак? Дзе маці?
— Маці?! — як у летаргічным сне паўтарыў Дзік. — Маці няма ўжо больш як месяц... Аддала канцы...
— Хто тут быў у цябе? — Спейс рашыў не віляць, а запытаць адкрыта.
— Хочаш усё ведаць? Хутка пастарэеш, — выціснуў з сябе Дзік.
Лысы ведаў, што Дзік кінуў завод і нідзе не працуе. Але на ўсякі выпадак спытаў:
— Працуеш дзе?
— Дзе? Уладкаваўся ў кааператыў сантэхнікаў, абслугоўваю магазіны.
— Днём. А вечарам? Цябе апошнім часам не злавіць.
— А вечарам — вартаўніком у дзявочым інтэрнаце, — засмяяўся, нібы намякаючы на нешта, Дзік.
— Жартуеш? Скажы праўду.
— А ты праўдзіст, як я пагляджу. Цябе трэба было б добра праверыць... — пільна глядзеў на Лысага Дзік.
— Ды ты што, не верыш мне?
— А чаму я табе павінен верыць? Я з табой дзяцей не няньчыў.
— Хочаш, паклянуся, што глуха ўсё будзе? — пастукаў сабе ў грудзі Спейс.
— Ладна. Вазьмі ў серванце «чарнільца». Нешта мне нядобрыцца.
Лысы падышоў да серванта, які стаяў у пярэднім пакоі, дастаў недапітую бутэльку партвейна «Херес», прынёс у спальню. Дзік наліў у даўно нямытую шклянку віна, прапанаваў Спейсу. Той выпіў.
— Цяпер пакляніся: нікому ні гу-гу, што тут бачыў...
— Клянуся.
— Дык вось, тую траўку, анашу, якой я частаваў цябе, мне на рынку азіяты загналі. Тыя, што гандлююць ружамі. А гэты шпрыц і да шпрыца займеў у новых сяброў — літоўцаў. Яны і былі ў мяне ў гасцях. Гандлююць для прыліку на рынку кааператыўнымі «бананамі», «плашчоўкамі», а на самай справе — наркотыкамі. Там, на рынку, з імі і пазнаёміўся. Купляў у іх вось гэтую «шмотку», — Дзік паказаў на скамечаны, брудны светла-шэры касцюм з плашчовай тканіны, які валяўся на крэсле.
Дзік гаварыў Лысаму праўду, адно толькі ўтойваў: за што набываў тую ж «плашчоўку» і наркотыкі. У кааператыве сантэхнікаў, у які яго ўзяў сын бацькавага сябра, Дзік лічыўся фармальна, каб не чаплялася міліцыя, што ён не працуе. А сам займаўся фарцоўкай: ездзіў у Прыбалтыку, скупляў моднае адзенне і перапрадаваў дома. Яшчэ пры жывой маці ён пачаў заганяць хатнія рэчы, касцюмы, курткі братоў, бацькавы паліто, дублёнку. А калі маці памерла, то пачаў прадаваць і яе рэчы.