— Чувіхай называе, кажаш? Не ведае козачка, што ты даўно Айранмэйдан... Не апраўдваеш тытула свайго, прынцэса, — са смяшком працадзіў Спейс.
— Не хочацца пэцкаць рукі. I ўвогуле, псаваць настрой сабе і настаўнікам з-за такой пліскі, — адказала з гонарам Таня. — Увогуле, я стараюся тут асабліва не вытыркацца. Ведаю, што вы самі цудоўна справіцеся, так? — зрабіла націск на словы «вы». — Дарэчы, тут ёсць прыгожае возера. Паспрабуйце завабіць Нінку туды.
— Не хвалюйся, прынцэса, — хадзіў па пакоі Спейс. — А дзе Вадзім? — раптам запытаў ён.
— Пайшоў у лазню. Яны, хлопцы, ходзяць пасля дзяўчынак. Абяцаў зайсці.
— Дыскатэка хоць сёння ў вас будзе? — звярнуўся да Тані Цім.
— Абавязкова! Цяпер ідзе ў клубе канцэрт, нашы зялёныя артысты з Нінкай на сцэне крыўляюцца. А пасля канцэрта будзе дыскатэка... — Памаўчаўшы, Касмылёва спытала: — А як у вас справы? Амаль месяц не бачыліся...
— Як мае быць! — прыцішыў магнітафон Цім.
— Былі ў Дзіка. Пачаставаў траўкай, — пачаў даставаць з кішэні цыгарэты Спейс.
— Хлопчыкі, дайце хоць раз зацягнуцца. Сто гадоў не спрабавала, — падскочыла да Лысага Таня.
— Пачакаем Вадзіма, — сказаў той. — У нас і да траўкі ёсць нешта... — паказаў на спартыўную сумку, каля якой сядзеў Цім. — Толькі як тут у вас, можна? Не зловяць?
— Настаўнікі паехалі ў горад або на канцэрце, — адказала Таня. — Можна...
Вадзім, лёгкі на ўспамін, нібы вырас у дзвярах. Пасвяжэлы, расчырванелы пасля лазні.
— Цябе не пазнаць! — амаль разам выгукнулі Спейс і Цім, да якіх падышоў Вадзім, падаў руку.
— Перад дыскатэкай вырашыў памыцца.
— Правільна, меней поту будзеш выдзяляць на танцах, — Цім даставаў з сумкі бутэльку гарэлкі. — А вось без гэтага дрэнна на дыскатэцы, — паставіў «Пшанічную» на стол, палез зноў у сумку.
— Ну, хлопчыкі, вы малайцы! — усклікнула Таня. — Толькі закусі няма, адны цукеркі, — падсунула бліжэй да бутэлькі кулёк карамеляў. Паправіла шклянкі.
— Ёсць і закусь, — Цім паклаў на стол каўбасу, хлеб, кансервы, пачаў адкаркоўваць бутэльку.
Пасля выпітых грамаў пачалася бурная гамонка. Закурылі цыгарэту з анашой.
Яшчэ пасядзелі крыху, пабалдзелі і рушылі на дыскатэку. Таня павяла кампанію па сцяжынцы праз сад, зарослы травой. За ім стаяў мясцовы клуб. Сярод травы, разлапістых яблынь іх было не відаць. Вырашылі зайсці з тыльнага боку. У разведку ў клуб пайшла Таня, астатнія засталіся ў садзе. Каля клуба тапталіся вясковыя хлопцы. Таня спытала ў іх, хто ў клубе ёсць з дарослых.
— Настаўнік, гэткі пузаты і смяшлівы, і настаўніца, худая, строгая, — адказалі хлопцы і зарагаталі.
Настаўнік «пузаты і смяшлівы» — ясна хто: географ, Бублік, Максім Яўсеевіч. А «настаўніца худая і строгая»? Ці не выкладчыца англійскай Гуз? Астатнія выкладчыкі на выхадныя паехалі ў горад. Кожныя выхадныя два-тры настаўнікі заставаліся дзяжурыць у інтэрнаце, астатнія ад'язджалі дамоў у горад. Ездзілі і многія вучні. 3 бацькамі і без бацькоў.
Таня вярнулася ў сад, дзе чакалі яе сябры. Расказала пра сітуацыю і прапанавала:
— Ідзём у клуб па адным... Танцуем разам з усімі...
Першая ў клуб увайшла Касмылёва. Пад рытмічныя гукі музыкі пасярэдзіне залы танцавалі хлапчукі і дзяўчынкі. На сцэне стаяў магнітафон са святла-музыкай. Пад кожны музычны такт у зале бліскалі агні-мігалкі: жоўты, сіні, чырвоны, зялёны... Каля сцэны на ссунутых крэслах сядзелі географ Максім Яўсеевіч Мяцёлкін і «англічанка» Валянціна Сідараўна Гуз і нешта паміж сабой гаварылі. Нінка рыжая круцілася каля магнітафона, за якім сядзеў белабрысы хлопец. Ён уключаў і выключаў магнітафон, мяняў касеты.
Таня адразу рынулася ў танец. Незаўважна адзін за адным прыйшлі спачатку Вадзім, потым Спейс, Цім і адразу далучыліся да танцораў. Таня сярод шуму і гаманы паспела сказаць Спейсу, калі той наблізіўся да яе:
— «Красты» і «піжоны» сабраліся разам. — «Крастамі» на блатным жаргоне называлі вясковую моладзь, а «піжонамі» — гарадскую. — Нінка рыжая вунь на сцэне каля магнітафона...
— Зразумеў... — прашаптаў Лысы.
Неўзабаве са сцэны спусцілася Лескавец. Палілася мелодыя, спакойная, чароўная. Агні-мігалкі цяпер не раздражнялі, а наадварот, здавалася, супакойвалі: яны мяняліся павольна. Хлапчукі запрашалі дзяўчынак на танец. Падышоў да Ніны і Спейс. Лысы прыкінуўся, што ён нічога не ведае пра Ніну, калі пачалі знаёміцца.
— Ягор! — зманіў Спейс, калі Лескавец запытала, як яго завуць? — А вас?
— Ніна.
— Ніна? Якое экзатычнае імя! Цяпер такое імя днём з агнём трэба шукаць, — жартаваў Лысы. — А мне пашанцавала: само ў рукі прыплыло...
— Ну, так і прыплыло... — усміхнулася Ніна. — А вы адкуль прыехалі?